Галоўчанка: Санкцыі адбіліся на чвэрці галінаў беларускай эканомікі


Пад санкцыямі Захаду аказалася чвэрць беларускай эканомікі, заявіў прэм’ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка падчас выступлення на Еўразійскім кангрэсе ў Сочы 9 чэрвеня.

Раман Галоўчанка.
Фота: president.gov.by

«Пад прамым юрыдычным дзеяннем заходніх санкцый аказалася чвэрць беларускай эканомікі. Фактычна мы страцілі нашы традыцыйныя рынкі, рынкі нашых краін-суседзяў, і з улікам таго, што ўсе галіны так ці інакш пераплятаюцца, ёсць кумулятыўны эфект, астатнія сектары эканомікі былі закрануты ўскосна», – сказаў Раман Галоўчанка.

Прэмʼер-міністр Беларусі таксама заявіў, што нягледзячы на санкцыі, краіне ўдалося адаптавацца да іх за шэсць месяцаў і выбудаваць антыкрызіснае ўпраўленне, у тым ліку дзякуючы новым экспартным рынкам у СНД і ЕАЭС.

«Мы адаптаваліся да новай рэальнасці за шэсць месяцаў, і са жніўня мінулага года ідзе аднаўленне эканомікі. Гэтыя меры не былі б эфектыўнымі самі па сабе, без выкарыстання магчымасцяў інтэграцыі, узаемадзеяння ў фармаце як Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі, так і Еўразійскага эканамічнага саюзу», – заявіў ён.

Раман Галоўчанка абазначыў асноўныя напрамкі сумеснай работы краін ЕАЭС, на якіх прапануецца засяродзіцца ў далейшым. Сярод іх: пашырэнне ўзаемнага гандлю і развіццё транспартна-лагістычных сувязей, у тым ліку за кошт калідора «Поўнач – Поўдзень»; фінансавая падтрымка прамысловай кааперацыі; цыфравізацыя і харчовая бяспека.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў