Латушка ў Страсбургу: Дабіваемся крымінальнай адказнасці Лукашэнкі за ваенныя злачынствы


Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка знаходзіцца ў Страсбуры, дзе дабіваецца прыцягнення Лукашэнкі і яго паплечнікаў да крымінальнай адказнасці за ваенныя злачынствы ў дачыненні ўкраінскіх дзяцей з часова акупаваных тэрыторый. Аб гэтым палітык расказаў у эфіры «Белсату».

Павел Латушка ў Страсбуры. Скрыншот з відэа: «Белсат» / YouTube

Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету і лідар Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка 8 траўня знаходзіцца з візітам у Страсбуры, дзе займаецца інфармаваннем самых шырокіх колаў еўрапейскіх палітыкаў аб ролі Аляксандра Лукашэнкі, яго паплечнікаў і так званай Саюзнай дзяржавы ў прымусовым перамяшчэнні дзяцей з часова акупаваных тэрыторый Украіны ў Беларусь. Паводле Латушкі, у гэтай дзейнасці ёсць адна канчатковая мэта – прыцягнуць Лукашэнку і яго паплечнікаў да крымінальнай адказнасці.

Кіраўнік НАУ расказаў «Белсату», што камандай Народнага антыкрызіснага ўпраўлення падрыхтавана справаздача на 150 лістах, якая дэталёва раскрывае ролю Лукашэнкі, яго хаўруснікаў і «Саюзнай дзяржавы» у прымусовац дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей. Латушка збіраецца давесці падрабязную інфармацыю аб злачынствах Лукашэнкі да кіраўніцтва Рады Еўропы, да пастаянных прадстаўнікоў краінаў – чальцоў Рады Еўропы і да дэпутатаў Еўрапарламенту.

Hавiны
У Беларусь працягваюць прывозіць дзяцей з часова акупаваных тэрыторый Украіны
2023.04.24 23:52

Павел Латушка нагадаў, што паводле інфармацыі НАУ раней была прынята рэзалюцыя ПАРЕ, якая асуджае прымусовую дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей. Апроч таго ПАРЕ прыняла адпаведны зварот да Вярхоўнай Рады Украіны, у якім улічаны дакументы каманды НАУ, падрыхтавана справаздача АБСЕ па фактах дэпартацыі дзяцей.

«Мы дамагаемся, каб на саміце ў Рэйк-Явіку 16-17 мая на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў членаў Рады Еўропы была прынята рэзалюцыя, у якой была бы адзначана роля Лукашэнкі і яго паплечнікаў у прымусовай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей», – паведаміў Латушка.

Кіраўнік НАУ таксама заявіў, што галоўная мэта ўсёй названай працы – дабіцца прыцягнення Лукашэнкі і яго паплечнікаў да крымінальнай адказнасці за ваенныя злачынствы, якія яны здзяйсняюць у адносінах дзяцей з Украіны.

Тым часам толькі сёлетняй вясной у Беларусь прывезлі «на адпачынак» праз фонд паралімпійца Аляксея Талая ўжо некалькі сотняў дзяцей з часова акупаваных тэрыторый Украіны. Плануюць прывезці каля 1000 дзяцей і падлеткаў. Аб далучэнні да гэтай справы заявіў кіраўнік новастворанай партыі «Белая Русь» Алег Раманаў. Гэта ўсё робіцца не гледзячы на тое, што перамяшчэнне ўкраінскіх дзяцей з часова дэпартаваных тэрыторый Украіны адбываецца без згоды дзяржавы, грамадзянамі якой яны з’яўляюцца, што ёсць ваенным злачынствам.

Каментар
Як дэмакратычныя сілы Беларусі дапамогуць Украіне ў вяртанні дэпартаваных дзяцей. Расказвае Латушка
2023.04.26 17:32

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў