Пад удар трапяць найперш НДА. Як закон «аб замежных агентах» у Грузіі паўплывае на беларусаў?


Прэзідэнтка Грузіі наклала вета на закон «Аб празрыстасці замежнага ўплыву», які грузіны называюць прарасейскім. Аднак кіроўная партыя заявіла, што неўзабаве парламент пераадолее гэтае вета і закон уступіць у канчатковую сілу. Якія наступствы ў гэтым выпадку могуць быць для беларусаў, што жывуць у Грузіі? Ці варта і ці бяспечна далучацца да пратэстаў разам з грузінамі? Абмеркавалі гэтыя пытанні з юрыстам і праваабаронцам, сябрам ГА «Беларуская дыяспара Аджарыі» Раманам Кісляком і беларусамі, якія жывуць у Батумі.

Дэманстранты пратэстуюць супраць закону «Аб празрыстасці замежнага ўплыву» каля парламенту ў Тбілісі, Грузія. 15 траўня 2024 года.
Фота: Giorgi Arjevanidze / AFP / East News

Ахвяраваў 1$ на арганізацыю – аказваеш уплыў як «замежная сіла»?

Паводле Рамана Кісляка, адназначныя высновы і прагнозы рабіць рана, бо закон быў ветаваны прэзідэнткай і вярнуўся ў парламент, які мусіць вырашыць – пераадольваць вета ці не. Пакуль гэтага не адбылося, можна разважаць толькі, што будзе ў тым выпадку, калі закон будзе канчаткова прыняты ў цяперашняй рэдакцыі, без нейкіх змяненняў. Калі ён уступіць у сілу, пад удар трапяць найперш НДА і медыі.

«Гэты закон распаўсюджваецца найперш на некамерцыйных юрыдычных асобаў, грамадскія арганізацыі, асацыяцыі, якія больш чым на 20% фінансуюцца з-за мяжы ці замежнымі арганізацыямі ці грамадзянамі, якія знаходзяцца ўнутры краіны. У Грузіі, акрамя ўласна грузінскіх НДА, за апошнія 3 – 4 гады былі зарэгістраваныя ў тым ліку беларускія, і яны таксама трапляюць пад гэты закон. Акрамя таго, будуць закранутыя медыі і бізнес, які валодае медыямі», – тлумачыць Раман Кісляк.

Праваабаронца звяртае ўвагу на фармулёўку ў законе – «замежная сіла». Ёй могуць з’яўляцца фонды, арганізацыі, якія падтрымліваюць НДА, але таксама і фізічныя асобы – не грамадзяне Грузіі, якія фінансуюць НДА ці медыі.

«Пад вызначэнне «замежная сіла» у гэтай фармулёўцы трапляюць, напрыклад, беларусы – сябры Беларускай дыяспары Аджарыі, якія скідваюцца па 5 – 10 лары ($1,9 – 3,7) на нейкія патрэбы арганізацыі – такім чынам яны, паводле закону, аказваюць уплыў як «замежная сіла». Гэтак жа законам будуць прамаркіраваныя як арганізацыі, якія праводзяць інтарэсы замежнай сілы, і іншыя беларускія НДА», – зазначае юрыст.

Разбор
Бойка ў парламенце і пратэсты на вуліцы. У Грузіі зноў прымаюць закон пра замежных агентаў
2024.05.15 09:15

Ці закране закон беларускіх журналістаў?

Арганізацыі, прамаркіраваныя як тыя, што праводзяць інтарэсы замежнай сілы, згодна з новым законам, змогуць працягнуць працу, калі пададуць у дзяржаўныя органы ўсе неабходныя дадзеныя. Яны будуць уключаныя ў адмысловы рэестр, які будзе апублікаваны з усімі звесткамі пра арганізацыю.

«У гэтай публічнасці, да якой абавязвае закон, ёсць сур’ёзная небяспека для беларусаў, – зазначае Раман Кісляк. – Пасля 2021 года, калі ў Беларусі пачалі знішчаць трэці сектар, шмат арганізацыяў уцяклі ў Грузію і перарэгістраваліся тут. Я не магу сказаць, колькі іх тут дакладна, бо з меркаванняў бяспекі мы не вядзем улік, аднак думаю, што дакладна дзясяткі. Шмат хто працягвае працаваць на Беларусь, але пры гэтым ніяк не афішуе сваю дзейнасць. Для іх будзе небяспечна, калі ўсе іхныя дадзеныя трапяць у публічны доступ. Цяпер яны вырашаюць, ці працягваць працу з улікам новага закону, ці закрывацца».

Праваабаронца і сузаснавальнік арганізацыі «Беларуская дыяспара Аджарыі» Раман Кісляк. Тбілісі, Грузія. 17 траўня 2024 года.
Фота: Белсат

Праваабаронца таксама звяртае ўвагу на яшчэ адзін момант – сярод сябраў ГА «Беларуская дыяспара Аджарыі» ёсць прасіцелі статусу ўцекача (у такім становішчы знаходзіцца і сам спадар Раман). Інфармацыя пра такіх людзей не можа быць раскрытая, аднак закон «аб замежных агентах» прадугледжвае яе раскрыццё.

«Не ведаю, як будзе вырашацца гэтая супярэчнасць. Мы яшчэ будзем высвятляць, ці не парушае гэта Канвенцыю аб уцекачах», – кажа юрыст.

Беларускія журналісты, якія працуюць у Грузіі як індывідуальныя прадпрымальнікі ці фізічныя асобы, не трапляюць пад дзеянне закону «аб замежных агентах», бо ў цяперашняй рэдакцыі ён датычыць толькі юрыдычных асобаў, кажа спадар Раман. Рэдакцыяў беларускіх медыяў, якія б зарэгістраваліся ў Грузіі як медыі, няма. Акрамя таго, у законе гаворыцца пра вяшчанне на дзяржаўнай мове, то бок, грузінскай.

Раман выказвае спадзяванне, што грузінскія ўлады ўсё ж адумаюцца і закон не будзе прыняты:

«Бо ён парушае Міжнародны пакт аб палітычных правах, Еўрапейскую канвенцыю аб асноўных свабодах і адназначна закрывае Грузіі шлях у Еўразвяз. Гледзячы на тое, як «Грузінская мара» імкнецца прасунуць гэты закон, у мяне складваецца ўражанне, што, магчыма, яны робяць гэта наўмысна, каб перашкодзіць еўраінтэграцыі Грузіі, бо з гэтым законам ніхто Грузію ў ЕЗ не возьме».

Першая ластаўка, якая пагаршае становішча трэцяга сектару

Закон «Аб празрыстасці замежнага ўплыву» грузіны не дарма называюць расейскім, бо ён скапіяваны з расейскага закону «аб замежных агентах» і не мае нічога агульнага з амерыканскім FARA (Foreign Agents Registration Act), які патрабуе, каб рэгістраваліся і раскрывалі інфармацыю аб фінансаванні толькі арганізацыі, звязаныя з замежнымі ўрадамі ці палітычнымі партыямі.

Hавiны
У Грузіі прынялі скандальны закон аб «замежных агентах»: пачаліся масавыя пратэсты
2024.05.14 17:40

«FARA маркіруе ўплыў, а ў Грузіі адзіным крытэрам выбранае фінансаванне нават без наяўнасці прыкметы ўплыву. А фінансаванне – гэта не ўплыў. Ёсць лабісты, якія прасоўваюць уплыў – на іх накіраваны амерыканскі закон, – тлумачыць Раман Кісляк. – А фонды, донары не ўплываюць на дзейнасць арганізацыяў. Гэта важна раздзяляць. Напрыклад, я шмат паездзіў па Грузіі і бачыў у той жа вясковай мясцовасці, як шмат было зроблена, у тым ліку, адкрыта сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, з дапамогай фінансавання Еўразвязу ці ЗША. І што – такім чынам яны праводзяць у грузінскіх вёсках нейкую палітыку? Гэта смешна. Гэтае фінансаванне – гэта дапамога малому бізнесу і НДА, а не палітычны ўплыў».

Паводле праваабаронцы, калі закон будзе прыняты, і ў грузінаў, а таксама і ў беларусаў, якія жывуць у Грузіі, застанецца магчымасць падаваць скаргі ў Канстытуцыйны суд.

«Тут, у адрозненні ад Беларусі, ёсць магчымасць канстытуцыйнай скаргі ад фізічных асобаў, – зазначае Раман. – Агулам, пакуль яшчэ можна змагацца. У Грузіі ёсць прававыя, грамадскія, медыйныя механізмы для барацьбы з парушэннямі».

Паводле праваабаронцы, да барацьбы і пратэстаў цалкам могуць далучацца і беларусы, таму што новы закон іх непасрэдна закранае.

Вулічнае жыццё Тбілісі, уличная жизнь в Тбилиси
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Від на вячэрні горад з канатнай дарогі ў Тбілісі, Грузія. 22 лютага 2024 года.
Фота: Белсат

«Мне падаецца, гэты закон – першая ластаўка, якая пагаршае палажэнне трэцяга сектару ў краіне, як грузінскага, так і беларускага. Далей будзе горш, – кажа Раман. – Відавочна, што грузінскія ўлады вядуць наступ на грамадзянскую супольнасць, б’юць па свабодзе асацыяцыяў. Беларусы маюць у Грузіі такія ж правы, як грамадзяне – на свабоду аб’яднанняў, мірныя сходы, выказванне меркавання. Я ведаю, што некаторыя ўдзельнічаюць у пратэстах разам з грузінамі».

«Трывожны званок для ўсіх беларусаў у Грузіі»

Беларускі актывіст Андрэй, сябра беларускай НДА ў Грузіі (імя змененае з меркаванняў бяспекі), называе сітуацыю, якая складваецца вакол закону «аб замежных агентах», трывожнай і перакананы, што гэта ўсё непасрэдна адаб’ецца на шэрагу беларускіх НДА, якія цяпер працуюць у Грузіі.

«У законе пазначана, што нават фізічная асоба можа быць суб’ектам замежнай сілы. Ці гэта значыць, што ў выпадку, калі беларусы проста скідваюцца грашыма на нейкія ініцыятывы сваёй НДА, яны ўжо становяцца гэтай замежнай сілай? У законе няма дакладнага вызначэння, там шмат шырокіх фармулёвак, якія аддаюцца на тлумачэнне Мінюсту і т.п. І гэта трывожна», – зазначае беларус.

Гэтак жа, як і Раман Кісляк, Андрэй звяртае ўвагу на неабходнасць раскрыцця асабістых дадзеных сябраў НДА, паводле новага закону, і кажа, што для беларусаў, якія ўцяклі ад пераследу, гэта можа быць вельмі небяспечным. Але закон закране не толькі тых, хто задзейнічаны ў працы НДА ці медыяў, мяркуе наш суразмоўца.

«Гэта трывожны званок для ўсіх беларусаў у Грузіі. Не проста так гэты закон называюць расейскім. Ён нагадвае практыку ў суседняй краіне, таму і рэакцыя заходніх партнёраў Грузіі адпаведная. Калі яны пачнуць сыходзіць з Грузіі, калі іхнага нібыта ўплыву стане менш, то якога будзе больш? Расейскага. Падаецца, на гэта і накіраваны закон. Мы зноў тут апынёмся ў сітуацыі, у якой былі ў Беларусі, і з чым увесь час змагаліся», – кажа Андрэй.

Вулічнае жыццё Тбілісі, уличная жизнь в Тбилиси
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Cтанцыя метро ў Тбілісі, Грузія. 22 лютага 2024 года.
Фота: Белсат

Ці пратэставаць разам з грузінамі?

Ці з’язджаць цяпер з Грузіі, кожны мусіць вырашаць сам, кажа актывіст. Сам ён пакуль у гэты бок не глядзіць і спадзяецца на лепшае:

«Грузіны змагаюцца – і акцыямі пратэстаў, і петыцыямі, і выбары неўзабаве. Будзем як раз глядзець на вынікі бліжэйшых выбараў, і тады можна будзе казаць пра доўгатэрміновыя тэндэнцыі».

Паводле Андрэя, некаторыя беларусы ўдзельнічаюць у пратэстах разам з грузінамі, хоць разумеюць патэнцыйную небяспеку.

«Так, для нас ёсць рызыка пры візаране, аднак адначасова можа так стацца, што пры рэзкай змене палітычнага курсу Грузіі, беларусы пэўных палітычных поглядаў апынуцца тут непажаданымі, і тады яшчэ больш будуць не ўпускаць у краіну», – зазначае актывіст.

Паводле нашага суразмоўцы, на ўзроўні асабістых кантактаў беларусы камунікуюць з актывістамі грузінскіх палітычных рухаў, няўрадавых арганізацыяў і абмяркоўваюць у тым ліку інтарэсы беларускіх арганізацыяў. Андрэй звяртае ўвагу, што ў Батумі знаходзіцца Канстытуцыйны суд і, магчыма, грузіны і беларусы будуць рыхтаваць сумесныя скаргі і петыцыі ў выпадку прыняцца закону.

Hавiны
У Тбілісі праходзіць самы маштабны за апошнія гады мітынг пратэсту
2024.05.11 22:24

«Бачу толькі адну краіну, якая імкнецца да ўплыву – Расею»

Беларуская журналістка Ірына (імя змененае з меркаванняў бяспекі), якая жыве ў Грузіі з 2022 года, таксама з трывогай назірае за тым, што адбываецца вакол закону «Аб празрыстасці замежнага ўплыву».

«Я са страхам глядзела на пратэсты ў Тбілісі яшчэ ў 2023 годзе, калі гэты закон толькі з’явіўся. Гэта было такое моцнае дэжа-вю таго, што мы перажылі ў 2020, – распавядае жанчына. – Я сама не выходзіла, бо не хачу падстаўляцца пад рызыку дэпартацыі, але моцна перажывала за грузінаў і летась, і сёлета. Перажываю і ганаруся, і спадзяюся, што іх не зламаюць, што яны змогуць адстаяць сваю еўрапейскую будучыню».

Ірына перакананая, што закон быў пралабіяваны Расеяй, каб перашкодзіць Грузіі ўступіць у Еўразвяз.

«Калі і можна казаць пра нейкі замежны ўплыў тут, то я бачу толькі адну краіну, якая да яго імкнецца – гэта Расея», – кажа журналістка.

З’язджаць Ірына пакуль не плануе – будзе глядзець па сітуацыі:

«Пакуль не вельмі зразумела, як гэты закон будзе працаваць, калі яго прымуць. Нібыта, журналістаў як фізічных асобаў, тым больш, беларускіх, ён не закране. Але дакладна пакуль ніхто не растлумачыў. Мы з калегамі ўвесь час абмяркоўваем, але нейкай панікі я пакуль не бачу. Адначасова ўсе стараюцца паклапаціцца, каб у пашпарце была дзейная віза».

Выданне «Кавказский узел» пераклала закон «Аб празрыстасці замежнага ўплыву» на расейскую мову – прачытаць яго можна па спасылцы.

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў