Улады Нямеччыны не будуць перашкаджаць Польшчы перадаваць Украіне танкі «Leopard 2»


Калі Польшча перадасць Украіне танкі «Leopard 2», урад Нямеччыны не будзе супраць, заявіла міністарка замежных справаў Нямеччыны Аналена Бэрбак. Палітык дадала, што ў краіне ведаюць, наколькі гэтыя танкі неабходныя Украіне.

Танк «Leopard 2».
Фота: Узброеныя сілы Нямеччыны / bundeswehr.de

«Мы не будзем перашкаджаць. Цяпер гэтага пытання не задавалі, але, калі б нас спыталі, мы б не сталі перашкаджаць», – адказала на пытанне журналіста міністарка замежных справаў Нямеччыны Аналена Бэрбак.

Палітык падкрэсліла, што Нямеччына ведае, наколькі танкі «Leopard 2» важныя для Кіева: «Мы павінны пераканацца, што жыцці людзей будуць уратаваныя, а тэрыторыя Украіны – вызваленая».

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі мяркуе, што перадача саюзнікамі дзясяткаў танкаў «не развяжа праблемы», бо ў Расеі – «тысяча танкаў». На ягоную думку, перадача ўзбраення адыгрывае матывіровачную ролю.

Раней, падчас візіту ў Кіеў 11 студзеня, польскі прэзідэнт Анджэй Дуда паабяцаў перадаць Украіне нямецкія танкі «Leopard 2». Аднак потым высветлілася, што гэтага рашэння не ўзгаднілі з Нямеччынаю. Паводле законаў Нямеччыны, краіны, на ўзбраенні якіх стаіць зброя нямецкай вытворчасці, не маюць права рээкспартаваць яе ў зону баявых дзеянняў без згоды ўладаў ФРГ.

Разбор
Ці прыйдуць ва Украіну нямецкія «Леапарды» і ці зменяць танкі ход вайны?
2023.01.20 20:04

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў