Беларус даслаў у расейскую школу загад правесці малебен. Там правялі і не зразумелі, што гэта пранк


Беларускі мастак-акцыяніст, у мінулым – настаўнік гісторыі, Уладзіслаў Бохан даслаў у школу-інтэрнат гораду Абаянь Курскай вобласці загад правесці малебен. Настаўнікі выканалі загад.

Беларускі актывіст даслаў у расейскую школу загад правесці малебен. Там правялі і не зразумелі, што гэта пранк.
Фота: t.me/slvn_pomet

У лісце Уладзіслаў выступаў ад імя партыі «Адзіная Расея» і патрабаваў правесці хрэсны ход «Усерасейскі малебен аб Перамозе». Удзельнікам акцыі загадвалася ўзяць плакаты з перафразаванымі нацысцкімі лозунгамі.

Сам Уладзіслаў у сваім тэлеграм-канале патлумачыў, што гэтая акцыя стала «лагічным працягам папярэдніх дзеянняў у Менску, Ушачах, Хойніках (РБ) і г.Клін (РФ), а таксама з’яўляецца практычнай часткай мастацкага праекту «Herzland.schaft». Гэты праект быў прадстаўлены на выставах у Нямеччыне, а прыкладна праз два тыдні будзе паказаны таксама ў Варшаве.

«Гэта чарговая дэманстрацыя механізацыі аўтакратычнай сістэмы. Калі шляхам задушэння ўсялякай ініцыятывы, іншадумства, крытычнага мыслення чалавек у прамым сэнсе ператвараецца ў вінцік унутры сістэмы, у штучны інтэлект ці бота для прайгравання тэксту ці дзеянняў, губляючы фактычную суб’ектнасць і свядомасць дзеянняў», – піша Уладзіслаў.

Беларускі актывіст даслаў у расейскую школу загад правесці малебен. Там правялі і не зразумелі, што гэта пранк.
Фота: t.me/slvn_pomet
Беларускі актывіст даслаў у расейскую школу загад правесці малебен. Там правялі і не зразумелі, што гэта пранк.
Фота: t.me/slvn_pomet

Сябе Уладзіслаў называе «шкоднаснай праграмай» у сістэме, якая «укараняецца ўнутр, і выкарыстоўваючы яе ж механізмы», выклікае збой у яе працы «з мэтай ускрыць абсурднасць працэсаў, якія адбываюцца ўнутры».

У 2022 годзе Уладзіслаў гэткім жа чынам даслаў ліст у школу ў расейскім горадзе Клін з патрабаваннем правесці акцыю «Праца вызваляе», і настаўнікі выканалі загад.

Раней актывіст рассылаў падобныя лісты ў беларускія школы і патрабаваў арганізаваць «дыялогавыя пляцоўкі па абмеркаванні паправак да Канстытуцыі», а потым даслаць фотасправаздачу.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў