БТ распавяло дэталі забойства са стралянінай у Горадні. У забітага быў пашпарт РФ


Дзяржаўны тэлеканал БТ 21 сакавіка распавёў афіцыйныя дэталі забойства чалавека, якое здзейснілі сілавікі два дні таму ў Горадні.

Мужчына, якога, як заяўляецца, забілі сілавікі ў Горадні. Скрын з відэа: БТ

Паводле прапагандыстаў мужчына адкрыў агонь з аўтамата Калашнікава і кінуў гранату ў групу захопу, якая спрабавала пранікнуць у кватэру, дзе ён быў. У выніку страляніны сілавікоў мужчына быў паранены.

Як заяўляецца, інфармацыю пра намер «беглых экстрэмістаў пераправіць аднаго са сваіх прыхільнікаў» з Польшчы ў Беларусь КДБ атрымаў у лютым. Гэтым «прыхільнікам» выявіўся грамадзянін з расейскім пашпартам на імя Ламакіна Аляксея Мікалаевіча 1981 года нараджэння. Дакументы, паведамляецца, былі падробленыя.

«Была атрыманая задача на затрыманне падазраванай асобы. Высунуліся на ўказаны адрас. На этапе ўваходу ў кватэру быў атрыманы агнявы кантакт з падрывам гранаты. Пры правядзенні далейшых штурмавых дзеянняў падазраваны быў паранены, і яму была аказаная першая дапамога», – кажа на відэа прадстаўнік КДБ са змененым голасам і закрытым тварам.

Па дарозе ў больніцу мужчына сканаў. Як заяўляецца, у кватэры забітага знайшлі аўтамат Калашнікава, патроны і яшчэ адну гранату.

Мэтамі планаваных дыверсіяў забітага называюцца КДБ і УУС Гарадзеншчыны, месцы жыхарства сілавікоў, чыгуначны вакзал і прамысловыя аб’екты.

Hавiны
«Спрацавалі бліскуча». Лукашэнка пракаментаваў забойства замежніка ў Горадні
2023.03.21 11:15

Пра інцыдэнт у Горадні 19 сакавіка спачатку паведамілі незалежныя тэлеграм-каналы. Пісалі пра стрэлы, выбух і затрыманне. Затым з заяваю выступіў КДБ Беларусі, які паведаміў, што ў Горадні быў замежнік, грамадзянства не назвалі. Ён нібыта аказаў супраціў, страляў і ўзрываў гранаты. Афіцыйна ніхто іншы ў інцыдэнце не пацярпеў.

Таксама паведамлялася пра сілавікоў і сапёраў каля дому старшыні Гарадзенскага аблвыканкаму Уладзіміра Караніка.

Пасля гэтага КДБ таксама пачаў ладзіць узмоцненыя правяранні на беларуска-польскай мяжы – у пункце пропуску «Казловічы». У медыях пішуць, што забіты можа быць грамадзянінам адной з краінаў Еўрапейскага Звязу.

Hавiны
Пастаноўка ці глыбокі крызіс бяспекі? Што пішуць пра забойства замежніка ў Горадні
2023.03.19 21:48

Паводле Лукашэнкі, у Горадні «быў нейтралізаваны закінуты да нас замежны тэрарыст».

«Спецслужбы спрацавалі бліскуча. Канфіскаваны цэлы арсенал зброі і выбухоўкі, які прызначаўся для гучных тэрактаў у дачыненні грамадзянаў, службовых асобаў дзяржаўных органаў. За што малайцы, нашыя хлопцы: пры такой вострай сітуацыі, калі ішла бітва ў абмежаванай прасторы і калі з боку тэрарыстаў ужываліся гранаты і стралковая зброя (аўтаматычная), не загінуў ніводзін вайсковец групы «А», якія ажыццяўлялі захоп гэтага дзеяча. Значыць, высновы зробленыя пасля апошняй трагедыі, якая здарылася ў Менску. Добрая аперацыя, добрая праца», – сказаў ён.

Лукашэнка таксама даручыў «праінфармаваць грамадскасць аб выніках гэтай аперацыі і сарваных планах нашых ворагаў».

Hавiны
«Мы цяпер закладнікі». Што кажуць гарадзенцы пасля ліквідацыі «замежнага агента-тэрарыста»
2023.03.20 15:46

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў