КДБ: У Горадні забіты замежнік, які аказаў супраціў сілавікам


Адразу некалькі тэлеграм-каналаў са спасылкай на відавочцаў паведамілі, што ў Горадні на вуліцы Курчатава было чуваць стрэлы ды выбухі.

Telegram-канал «Мая краіна Беларусь» напісаў, што каля пад’езду дому шмат міліцыянтаў, якія загрузілі ў машыну чалавека – так апісаў сітуацыю падпісальнік МКБ, які даслаў відэа.

Праваабаронцы сцвярджаюць, што па адрасе Курчатава 5 (другі падʼезд) адбывалася затрыманне. Заўважаныя каля 10 супрацоўнікаў міліцыі і бусік. Затрыманню папярэднічалі «выбухі ці стрэлы».

Звесткі праваабаронцаў пацвердзілі ў КДБ Беларусі. Там заявілі, што «падчас правядзення спецыяльных мерапрыемстваў па спыненні дзейнасці асобаў, якія праніклі на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь з мэтай здзяйснення тэрарыстычнай акцыі, 19 сакавіка 2023 года ў г. Горадня па вуліцы Курчатава ліквідаваны замежны грамадзянін Л.».

У ведамстве адзначылі, што забіты з выкарыстаннем аўтаматычнай зброі і шляхам падрыву баявых гранат аказаў збройны супраціў байцам спецпадраздзялення КДБ групы «А». Паведамляецца, што «цывільныя асобы і супрацоўнікі сілавых структур падчас правядзення спецаперацыі не пацярпелі».

Тым часам «Наша Ніва» паведамляе пра вялікую колькасць сілавікоў каля службовага дому старшыні Гарадзенскага аблвыканкаму Уладзіміра Караніка на вуліцы Свярдлова ў Горадні. Прыехала міліцыя, службы размінавання з сабакамі.

Радыё «Свабода» апублікавала меркаваную спробу затрымання ў гандлёвым цэнтры «Нёман» у Горадні 19 сакавіка. Паводле яго, пасля гэтага на вуліцы каля цэнтру было чуваць стрэлы. Аднак сама відэа было зробленае ва Украіне.

belsat.eu

Стужка навінаў