«Гэта будзе бойня». Генерал СБУ аб магчымым удзеле беларускіх войскаў ва Украіне


У жывым эфіры «Белсату» генерал-маёр СБУ Віктар Ягун падзяліўся думкамі адносна магчымага ўварвання беларускіх войскаў на тэрыторыю Украіны. Украінскі вайсковец лічыць такое развіццё падзеяў малаверагодным.

Даведка
Віктар Ягун, генерал-маёр СБУ.
Фота: Дар’я Давыдзенка / Апостроф

«У беларускім войску цяпер ніякага баявога духу, у нас ёсць звесткі. Іх пацвярджаюць незалежныя сацыялагічныя даследаванні, што да 97 % насельніцтва Беларусі актыўна ці проста выступае супраць вайны з Украінай. Тое, што гэта перадаецца асабоваму складу, – гэта дакладна», – лічыць Ягун.

Апроч таго, генерал СБУ ў адстаўцы адзначыў, што на гэты момант беларускае войска застаецца пад непасрэдным кантролем і ўплывам расейскіх афіцэраў:

«Усё, што змаглі зрабіць лукашэнкаўскія генералы, гэта тое, што ў некаторых вайсковых частках знаходзяцца прадстаўнікі спецслужбаў Расеі і Беларусі. Некаторыя афіцэры былі замененыя ў падраздзяленнях. Ёсць расейскія афіцэры ў беларускай форме, асабліва якія займаюцца палітычным інфармаваннем. Створаны агульны штаб камандавання».

Віктар Ягун выказаў меркаванне, што беларускае войска можа быць выкарыстанае выключна як гарматнае мяса, якое знаходзіцца ў аператыўным камандаванні расейскіх войскаў. Украінскі вайсковец дадаў, што гэтую ды іншую здабытую інфармацыю ўкраінцы перадавалі праз свае каналы беларускім вайскоўцам дзеля таго, каб тыя здаваліся ў палон.

«Бо рэальна падраздзяленне, якое не маюць ніякага досведу ў баявых дзеяннях, – гэта будзе проста бойня», – дадаў генерал Ягун.

Таксама ён адзначыў, што расейскія войскі перайшлі да тактыкі ракетных абстрэлаў з дыстанцыі. На думку вайскоўца, расейцы зменшылі лік самалётаў у нябёсах, бо страцілі значную колькасць авіятэхнікі. Праз страты войскі агрэсара сталі часцей выкарыстоўваць беспілотнікі.

«Учора іх была збіта аграмадная колькасць. Сітуацыя цяпер наступная, ім прыходзіцца выкарыстоўваць у тым ліку ракетнае ўзбраенне, якое мае сумнеўную дакладнасць. Яны хочуць ва Украіне, у вялікіх гарадах зрабіць максімум шкоды і знішчыць цывільную інфраструктуру, каб давесці народ да адчаю, панікі і ўнутраных пратэстаў. Але яны не разумеюць, што ўкраінскі народ дакладна не паддасца на такія правакацыі».

У ноч на 24 лютага Уладзімір Пуцін абвясціў пачатак вайны (у Расеі яе называюць «спецыяльнай вайсковай аперацыяй») з мэтаю «дэнацыфікацыі і дэмілітарызацыі» Украіны. 27 лютага Украіна афіцыйна накіравала пазоў супраць Расеі ў Міжнародны суд ААН. У ім Кіеў просіць прыцягнуць Расею да адказнасці, у тым ліку за скажэнне панятку «генацыд» дзеля апраўдання агрэсіі супраць Украіны. З пачатку вайны Украіну пакінулі больш за 3 млн асобаў.

Hавiны
У Кіеве лічаць, што Беларусь рыхтуецца да ўварвання на тэрыторыю Украіны
2022.03.20 15:28

ХЗ «Белсат»

Стужка навінаў