Еўразвяз вылучыць Украіне € 5 мільярдаў макрафінансавай дапамогі


Рада Еўразвязу ў аўторак, 20 верасня, ухваліла вылучэнне Украіне макрафінансавай дапамогі памерам € 5 мільярдаў. Пра гэта гаворыцца ў прэс-рэлізе Рады ЕЗ.

Сцягі ЕЗ. Фота ілюстрацыйнага характару. Крыніца: malanka.media

Пастанову пра дадатковую дапамогу Украіне прынялі на нефармальным паседжанні Рады ЕЗ ў эканамічных і фінансавых пытаннях (Ecofin) у Празе яшчэ 9 верасня. 20 верасня вылучэнне дапамогі канчаткова зацвердзілі.

«Еўразвяз падтрымлівае Украіну. Мы выконваем свае абяцанні і дапамагаем гарантаваць, што ўкраінская дзяржава і яе ключавая інфраструктура могуць працягваць функцыянаваць, нягледзячы на агрэсіўную вайну Расеі. На наступных паседжаннях рады я буду настойваць на хуткім дасягненні пагаднення аб наданні рэшты памерам € 3 мільярды, для якой мы таксама павінны дамовіцца аб размеркаванні гэтай сумы на пазыкі і гранты», – заявіў міністр фінансаў Чэхіі, якая старшынюе ў ЕЗ, Збынек Станюра.

Макрафінансавую дапамогу нададуць Украіне ў форме доўгатэрміновых пазыкаў на ільготных умовах.

Цяперашнія € 5 мільярдаў – гэта ўжо другі транш у межах запланаванай макрафінансавай дапамогі Еўразвязу Украіне на суму € 9 мільярдаў, пра што Еўрапейская камісія абвесціла 18 траўня 2022 года. Еўрапейская Рада падтрымала гэтую пастанову 23–24 чэрвеня.

Міністэрства фінансаў Украіны заявіла, што дапамогу ЕЗ накіруе на фінансаванне першачарговых патрэбаў дзяржбюджэту, яна паспрыяе захаванню фінансавай стабільнасці Украіны.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў