Ноччу 20 чэрвеня Расея абстрэльвала Украіну. Збітыя 28 беспілотнікаў з 30


Генштаб ЗСУ ў ранішняй зводцы за 20 чэрвеня паведамляе, што ноччу расейская армія запусціла па Украіне 30 беспілотнікаў («Шагэдаў»), а таксама 7 ракетаў з сістэмаў С-300.

Фота мае ілюстрацыйны характар. Крыніца: ua.depositphotos.com

Ракетамі Расея абстрэльвала Запарожжа і прыгарады. Кіраўнік Запарожскай абласной адміністрацыі ноччу пісаў, што людзі, паводле папярэдніх звестак, не пацярпелі.

Па Кіеве хвалямі запускалі дроны з розных кірункаў. Паветраная трывога цягнулася больш за тры гадзіны, былі збітыя каля 20 дронаў.

«Гэта толькі другая атака іранскімі дронамі па Кіеве з пачатку месяца і першая за апошнія 18 дзён», – паведамілі ў Кіеўскай абласной вайсковай адміністрацыі.

Быў «прылёт» у Львове.

«Папярэдне: у Львове ёсць траплянне ў аб’ект крытычнай інфраструктуры. Людзі не пацярпелі. Быў пажар. На месцы працуюць усе службы», – паведаміў кіраўнік Львоўскай абласной вайсковай адміністрацыі Максім Казіцкі.

Паветраная трывога таксама гучала ў Харкаўскай вобласці.

Раніцай Генштаб ЗСУ паведаміў, што, паводле папярэдніх звестак, 28 з 30 запушчаных расейцамі «Шагэдаў» былі ліквідаваныя.

Цягам апошніх содняў расейцы правялі каля 70 абстрэлаў з рэактыўных сістэмаў залпавага агню і нанеслі больш за 45 авіяўдараў, ёсць пацярпелыя сярод насельніцтва. Імавернасць ракетных і авіяцыйных удараў па ўсёй тэрыторыі Украіны застаецца высокай, папярэджвае Генштаб ЗСУ.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў