Эксперт: Літоўскі бок пралічыў, якія страты панясе бізнес. Але галоўнае цяпер не ў гэтых стратах

Літоўскі сейм зацвердзіў прынятую ў снежні выснову ўрадавай камісіі аб тым, што пагадненне паміж літоўскімі чыгункамі і «Беларуськаліем» не адпавядае інтарэсам нацыянальнай бяспекі. З 1-га лютага беларускі калій не паедзе праз Літву. Эксперты ў размове з «Белсатам» кажуць, што гэта пакуль заява. Але ў выпадку, калі сапраўды так будзе, то беларускае прадпрыемства, якое патрапіла пад санкцыі ЗША і Еўразвязу, чакаюць не самы добры час.

Вагон кампаніі «Беларуськалій». Клайпеда, Літва. 11 жніўня 2021 года. Фота: Белсат

Да 1 лютага «Літоўская чыгунка» павінная спыніць перавозкі калійных угнаенняў з Беларусі. Урад Літвы прызнаў дамову паміж «Літоўскай чыгункай» і «Беларуськаліем» не адпавядае нацыянальным інтарэсам.

«Усё залежыць ад пазіцыі Літвы. Бо калі проста абмежавацца тым, што забараніць транзіт угнаенняў з «Беларуськалію», то гэта будзе пустой захадай. Бо нішто не замінае гэтаму прадпрыемству скажам, назвацца «Калійтранзіт», напрыклад, потым ад імя гэтай фірмы замаўляць транзіт калію праз Літву. Калі гэта будзе сур’ёзным абмежаваннем, а ўсе разумеюць, што ў Беларусі ніхто акрамя «Беларуськалій» не вырабляе калійных угнаенняў, таму вельмі проста зрабіць пастанову ўраду, каб цалкам забараніць правоз праз Літву менавіта калійных угнаенняў. Не важна, хто замаўляе, якім чынам, але такі транзіт забараняецца. Тады гэта будзе адчувальным ударам. А калі абмяжуецца рашэннем, паводле якога дамова з «Беларуськалій» скасоўваецца і больш не будзе заключацца, то тады гэта будзе спрыяць магчымасцям абыходных манеўраў», – кажа эканаміст Леў Марголін.

Эканаміст таксама адзначае, што рашэнне літоўскага ўраду закране не толькі беларускі бок, але адлюструецца і на бізнесе сваёй краіны.

Літва спыняе транзіт беларускага калію

Літоўскі палітолаг, выкладчык Інстытуту міжнародных стасункаў і палітычных навук Віленскага ўніверсітэту Віціс Юрконіс кажа, што ў любым выпадку літоўскі бок пралічыў, якія страты панясе айчынны бізнес. Але галоўнае цяпер не ў гэтых стратах.

«Нельга перавялічваць ролю транзіту калію для ўсёй Літвы, для эканомікі краіны ў цэлым. Так, для некаторых сектараў, а ў прыватнасці для чыгункі і партоў, то яны згубяць некаторую долю. Але размова пра тое, што гэтыя сектары могуць патрапіць на амерыканскія санкцыі. А патрапіць пад абмежаванні, мне падаецца, ніхто не хоча. У любым выпадку, трэба глядзець, ці спыніцца рэальна транзіт у лютым. Калі гэта адбудзецца, то можна сказаць, што гэта не толькі словы, але і дзеянні ўладаў Літвы», – кажа Віціс Юрконіс.

Тэхнічная соль, Беларуськалій. Фота: ТПК Вендор

Палітычны аналітык Арцём Шрайбан лічыць, што перакрыццё транзіту беларускага калію з боку Літвы ў аднабаковым парадку са спасылкай на «нацбяспеку» – смелы крок. Эксперт выказвае меркаванне, што Літве таксама прыйдзецца абараняцца ў судзе, паколькі рэжым Беларусі звернецца з заявай на гэты конт. Літоўскі палітолаг Віціс Юрконіс таксама лічыць, што такі варыянт развіцця падзеяў цалкам магчымы. Паводле словаў Віціса Юрконіса, сапраўды, у Еўропе ёсць даволі шмат інстытуцыяў, адвакатаў, якія абслугоўваюць інфраструктуру па абыходу санкцыяў. Але паводзіны Лукашэнкі такія, што суседнія краіны, праз тое, што рэжым адчувае сябе беспакараным, вымушаныя рабіць адпаведныя крокі, каб паказаць, што так рабіць нельга.

«Калі раптам будзе суд, то гэта стане прэцэдэнтам, як Еўропа рэагуе і дзейнічае з недэмакратычнымі рэжымамі, якія самыя парушаюць усе правілы, але пры гэтым спасылаюцца на міжнародныя правілы і ўказваюць пра гэта іншым. Увогуле беларускі рэжым паказальны ў тым плане, што з’яўляецца такім хуліганам, але патрабуе падвойных стандартаў, у прыватнасці, заклікае іншых паводзіць у дачыненні да сябе асабіста паводле закону. Ці маюць яны на гэта права? Толькі пра правы можна казаць, калі ты маеш таксама абавязкі. І гэта казус. Але як на гэта будуць глядзець юрысты – гэта сапраўды цікава», – кажа Віціс Юрконіс.

Франак Вячорка пра санкцыі супраць «Беларуськалію»: Еўразвяз таксама знішчае карупцыйныя схемы

Беларускі рэжым пачаў рыхтавацца да санкцыяў ЗША і Еўразвязу яшчэ каторы час таму. Распачаліся перамовы з Расеяй пра магчымасць пастаўкі калійных угнаенняў праз парты Мурманска. Вядома, што пакуль расейскі бок не адрэагаваў на гэтую ініцыятыву станоўчым адказам. У любым выпадку, спробы абыходу санкцыяў прынясуць «Беларуськалію» толькі дадатковыя страты.

«На Беларуськаліі санкцыі адлюструюцца самым сур’ёзным чынам, бо спатрэбіцца шукаць нейкія іншыя магчымасці. У першую чаргу вядзецца пра дамовы з расейскім бокам, магчыма, што створаць у Расеі нейкае адгалінаванне. Але гэта будзе каштаваць даволі шмат, бо трэба змяніць лагістыку, шлях да пакупнікоў значна павялічыцца. Варта ўлічваць, што магчымасці расейскіх партоў таксама абмежаваныя. Таму санкцыі могуць прывесці да таго, што экспарт знізіцца, а вось выдаткі на гэты экспарт вырастуць. Таму адназначна, знізіцца прыбытак», – кажа Леў Марголін.

Эканаміст дадае, што страты панясе не толькі асобнае прадпрыемства, але і агулам эканоміка краіны, паколькі «Беларуськалій» адзін з галоўных пастаўнікоў валюты ў краіне. Таму любое зніжэнне прыбытку ад экспарту будзе аказваць негатыўны ўплыў на паступленне валюты ў бюджэт і магчымасцяў разлічвацца за ранейшыя крэдыты.

Кампанія Yara усё ж такі спыніць закупку калійных угнаенняў з «Беларуськалія»

 

КЛ belsat.eu

 

Падпісвайся на telegram Белсату

Hавiны