Расейскія дыпламаты пачалі пакідаць Украіну


Дзяржаўная інфармацыйная агенцыя «РИА Новости» паведамляе са спасылкай на «інфармаваную крыніцу», што супрацоўнікі расейскай дыпламатычнай місіі пакідаюць Украіну.

«Па заявах украінскіх грамадзян, расейскія дыпламаты і супрацоўнікі консульстваў ва Украіне пачалі з’язджаць у Расею. Пра гэта, у прыватнасці, гавораць узнікшыя цяжкасці пры запісе на прыём у консульствы і ў амбасаду», – сказаў ён.

Паводле крыніцы, «на фоне афіцыйна абвешчанай шэрагам заходніх краін эвакуацыі гэта наводзіць на думку аб тым, што Масква вырашыла пайсці тым жа шляхам».

Пазней у МЗС РФ прызналі факт частковай эвакуацыі. Прадстаўніца міністэрства Марыя Захарава заявіла, што «баючыся магчымых правакацыяў кіеўскага рэжыму або трэціх краінаў, мы сапраўды прынялі рашэнне аб некаторай аптымізацыі штатаў расейскіх замежных устаноў ва Украіне». Аднак яна пры гэтым дадала, што расейская амбасада і консульствы «прадоўжаць выкананне сваіх асноўных функцыяў».

Сёння, 12 лютага, Associated Press са спасылкай на амерыканскіх чыноўнікаў паведаміла, што ЗША маюць намер эвакуяваць усіх супрацоўнікаў сваёй амбасады ў Кіеве праз пагрозу вайны. Эвакуацыю іншаземнага персаналу рыхтуе і прадстаўніцтва ЕЗ ва Украіне, паведамляе выданне «Новое время».

  • Учора, 11 лютага, дзяржсакратар Энтані Блінкен заявіў, што ЗША назіраюць вельмі трывожныя прыкметы эскалацыі, у тым ліку прыбыццё новых расейскіх сіл да мяжы з Украінай. «Мы падышлі да таго моманту, калі ўварванне можа пачацца ў любы момант, у тым ліку і падчас Алімпійскіх гульняў», – заявіў Блінкен.
Hавiны
Заходнія медыі: Пуцін прыняў рашэнне аб уварванні ва Украіну, найбольш верагодная дата – 16 лютага
2022.02.12 08:42

РР belsat.eu

Стужка навінаў