Прасоўванні ЗСУ на поўдні і ўсходзе. Што адбываецца ва Украіне?


«Белсат» падводзіць вынікі 564-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 10 верасня чытайце ў нашым аглядзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вайсковец 3-й асобнай штурмавой брыгады Украіны праводзіць выведвальную місію недалёка ад Бахмута, Украіна, 7 верасня 2023 года.STRINGER / Reuters / Forum

Купяскі і ліманскі кірункі (паўночна-ўсходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

Прарасейскі тэлеграм-канал «Фронтовая птичка» адзначае зніжэнне тэмпаў наступу Узброеных сілаў РФ на купянскім кірунку, што звязана з асаблівасцямі рубяжоў абароны ўкраінцаў, а таксама прыбыццём іхных рэзерваў. Пры гэтым крыніца сцвярджае, што ініцыятыва ўсё адно застаецца за УС РФ.

Расейскі ваенкор Сямён Пегаў фіксуе атаку на ўкраінскія пазіцыі каля сяла Сінькаўка ў Купянскім раёне Харкаўскай вобласці.

У сваю чаргу Збройныя сілы Украіны двойчы атакавалі каля сяла Куземаўка ў Сватаўскім раёне Луганскай вобласці.

На ліманскім кірунку працягваюцца баі каля сяла Новаягораўка ў Луганскай вобласці, а таксама на тэрыторыі Серабранскага лясніцтва. На апошнім участку актыўнасць праяўляюць адразу абодва бакі канфлікту.

Зменаў па лініі фронту на купянскім і ліманскім кірунках цягам апошніх содняў не зафіксавана.

Бахмуцкі кірунак (ваколіцы аднайменнага райцэнтру ў Данецкай вобласці)

Паводле Генеральнага штабу Збройных сілаў Украіны, на паўночным усходзе ад Бахмуту УС РФ атакавалі каля сяла Бераставое, але поспеху не дасягнулі. Аналагічная сітуацыя назіралася і на паўночным захадзе, дзе расейцы намагаліся прарваць украінскую абарону каля Арэхава-Васільеўкі.

Тэлеграм-канал «Бахмутський Балу» піша, што таксама на паўночным захадзе ідуць пазіцыйныя баі каля суседняга сяла Бярхоўка.

На захадзе ад раённага цэнтра войскі РФ шукалі слабыя месцы ў абароне праціўніка каля сяла Багданаўка, але таксама не дасягнулі поспеху.

На поўдні бахмуцкага кірунку ініцыятыва захоўваецца за ЗСУ: тут яны наступаюць у населеным пункце Клішчэеўка, а таксама каля Андрэеўкі і Курдзюмаўкі.

«Бахмутський Балу» адзначае прасоўванні калі апошніх двух сёлаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскі вайсуовец.
Фота: Міністерство оборони України/FB

Аўдзееўскі і мар’інскі кірункі (на поўначы і захадзе ад Данецку)

Украінскае камандаванне піша пра адбіццё 15 атак праціўніка ў горадзе Мар’інка.

У сваю чаргу адпаведнае расейскае ведамстве паведамляе пра няўдалыя атакі ЗСУ каля Вадзянога і Краснагораўкі.

Разам з тым праўкраінскія крыніцы пішуць пра поспехі Збройных сілаў на поўдні ад гораду Аўдзееўка. У прыватнасці  аналітыкі праекту Deepstate фіксуюць прасоўванні ўкраінскіх вайскоўцаў на поўначы ад сяла Вопытнае і замацаванне на ягоных ускрайках. Адзначаецца, што цяпер баі ідуць у самім населеным пункце.

Бярдзянскі кірунак (лінія фронту на паўднёвым захадзе Данецкай вобласці, а таксама на ўсходзе Запарожскай)

На бярдзянскім кірунку цягам апошніх содняў Збройныя сілы Украіны працягнулі наступальныя аперацыі ў ваколіцах населеных пунктаў Новаданецкае і Новамаёрскае.

У Deepstate фіксуюць прысутнасць украінскіх вайскоўцаў на паўночным захадзе апошняга населенага пункту.

У гэты ж час на ўсходзе (ваколіцы Вуглядару) і захадзе (так званы ўрэмеўскі выступ) назіраецца адноснае зацішша: пра наземныя аперацыі ніводнага з бакоў канфлікту не паведамляецца.

Мелітопальскі кірунак (лінія фронту ў Запарожскай вобласці)

На мелітопальскім кірунку працягваецца наступальная аперацыя Збройных сілаў Украіны ў Палогаўскім раёне Запарожскай вобласці.

Сямён Пегаў піша пра атакі ЗСУ на ўсходзе ад сяла Копані і на паўночным усходзе ад Новапракопаўкі. На апошнім участку ваенкор фіксуе прасоўванне ўкраінскіх вайскоўцаў.

У гэты ж час самыя воіны ЗСУ пішуць аб прасоўванні на абодвух кірунках: удалося заняць некалькі пазіцыяў каля Копаняў, а таксама выйсці да першай лініі абароны расейцаў на ўсходзе ад Новапракопаўкі. На апошнім участку сітуацыя застаецца складанай, паколькі пад кантролем праціўніка застаецца важная вышыня 160 метраў.

Таксама байцы 46-й брыгады ЗСУ фіксуюць франтальнае выцісканне расейцаў на подступах да Вербавага з захаду і паўднёвага захаду.

Адзначаецца, што сам населены пункт не з’яўляецца асноўнай мэтай украінцаў, паколькі знаходзіцца ў нізіне. Таму кантроль над ім будзе мэтазгодны толькі пасля займання вышыняў на поўначы і поўдні ад сяла.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Таццяна Міронава belsat.eu 

Стужка навінаў