Гібрыдная мабілізацыя ўжо ідзе? Спыталі экспертаў, да чаго рыхтуюць беларускіх сілавікоў


Аляксандр Лукашэнка ўсё часцей ладзіць сустрэчы з сілавікамі і ўсё больш з асцярогай кажа пра полк Каліноўскага. Вайсковыя чыноўнікі пасля нарадаў кажуць пра неабходнасць трымаць порах сухім. «Белсат» разбіраўся ў тым, ці чакаць мабілізацыі ў Беларусі і да чаго Лукашэнка рыхтуе беларускіх вайскоўцаў. 

Аляксандр Лукашэнка на вучэннях «Захад-2021». Баранавіцкі раён, Беларусь. 12 верасня 2021 года.
Фота: president.gov.by
Даведка

У Беларусі апошнім часам даволі часта кажуць пра мабілізацыю. Лукашэнка на сустрэчы з сілавікамі заявіў, што беларускія вайскоўцы ў вайне Расеі супраць Украіны не будуць браць непасрэднага ўдзелу. Таму і мабілізацыі ў краіне, як тое адбываецца ў Расеі, не будзе. Дзяржсакратар Савету бяспекі Аляксандр Вальфовіч пасля словаў Лукашэнкі выступіў з заявай, што мабілізацыі ў краіне няма, але мабілізацыйныя мерапрыемствы адбываюцца ўвесь час, і цяпер яны таксама ідуць.

Нягледзячы на тое, што мабілізацыю абвесцілі ў Расеі, у Беларусі па-ранейшаму толькі абмяркоўваюць чуткі аб магчымай мабілізацыі, але пакуль нічога надзвычайнага не адбываецца.

«Я магу канстатаваць, што нічога новага тут няма. Такія ж мерапрыемствы ўлады Беларусі ладзяць з пачатку вайны ва Украіне. І гэта адбываецца ўвесь час. Прызываюць так званых партызанаў, нейкія ўдакладненні адбываюцца, уліковы кантроль. А цяпер, магчыма, набярэ большыя маштабы. Але гэта стварэнне штучнай сітуацыі, пры якой улады паўсюль бачаць ворагаў. Як звонку, так і ўнутры краіны. Таму трэба мабілізаваць сваіх прыхільнікаў, сілавыя структуры, дзяржаўны апарат, каб усе былі на варце», – кажа «Белсату» палітычны аглядальнік Валер Карбалевіч.

У кожным выпадку, словы чыноўнікаў пра тое, што мабілізацыі ў Беларусі не будзе, але мабілізацыйныя мерапрыемствы вядуцца ўвесь час, – супярэчлівыя і сведчаць пра тое, што пакуль ва ўладаў няма дакладнай стратэгіі.

«На мой погляд Лукашэнка яшчэ сам не ведае, ці давядзецца яму напоўніцу ўступіць у вайну ва Украіне, то бок ці паслаць сваіх вайскоўцаў у гэтую мясарубку. Ён заўжды лавіруе. Таму адсюль такая рыторыка, каб заспакоіць насельніцтва: маўляў, ніякай мабілізацыі не будзе. А разам з тым, ёсць прыкметы, што адбываецца так званая паўзучая і гібрыдная такая, замаскаваная мабілізацыя. Статыстыкі няма, але чыста эмпірычна, здаецца, цяпер даволі шмат позваў з ваенкаматаў сталі атрымліваць людзі», – звяртае ўвагу палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.

Аляксандр Класкоўскі.
Фота: Белсат

Упершыню на гэтым тыдні Лукашэнка афіцыйна прызнаў, што Беларусь бярэ ўдзел у канфлікце ва Украіне. Пасля гэтага прызнання амбасадар Расеі ў Беларусі Барыс Грызлоў распавёў, што афіцыйны Менск забяспечвае працу адзінай сістэмы СПА і ажыццяўляе патруляванне межаў Саюзнай дзяржавы, у тым ліку і яе заходняга перыметру.

Валер Карбалевіч кажа, што абарона заходніх межаў – гэта дэманстраванне лаяльнасці Расеі, а таксама доказ таго, што беларускае войска выконвае сваю функцыю, а менавіта абараняе Расею ад заходніх краінаў, NATO.

«Таксама ствараецца дадатковае напружанне на беларуска-ўкраінскай мяжы, чым толькі дапамагае Расеі, бо адцягвае частку ўкраінскага войска ад абароны. Гэта таксама спосаб ухіліцца, каб браць непасрэдны ўдзел у вайне, маўляў, не падштурхоўвайце нас да таго, каб уступаць у вайну», – звяртае ўвагу Валер Карбалевіч.

Пры гэтым, паводле суразмоўцаў «Белсату», Пуцін цісне на Лукашэнку, патрабуе ад яго ўвесці войскі ва Украіну, адцягнуць украінскіх вайскоўцаў з Данбасу і поўдня краіны. Сустрэчы паміж імі становяцца ўсё больш частыя.

«Лукашэнка не хоча глыбей улазіць у гэтую так званую спецаперацыю, тым больш, як ужо даволі даўно стала яму відавочна, вайна ідзе зусім не паводле плану. Бо апошні час украінскія войскі проста нішчаць расейцаў і гоняць іх назад», – кажа Аляксандр Класкоўскі.

Вайна ў беларускім грамадстве надзвычай непапулярная. Беларусы не жадаюць браць удзелу ў баявых дзеяннях. І Лукашэнка гэта разумее.

«У расколатым беларускім грамадстве ў гэтым пытанні існуе кансэнсус. Супраць удзелу ў вайне выступаюць не толькі праціўнікі Лукашэнкі, але таксама і ягоныя прыхільнікі, і дзяржаўны апарат, і сілавыя структуры. Таму Лукашэнка разумее, што рашэнне аб удзеле ў вайне можа выклікаць чарговы палітычны крызіс», – кажа Валер Карбалевіч.

Сілавікі патрэбныя Лукашэнку не для вайны ва Украіне

Пасля 2020 года самаабвешчаны кіраўнік краіны можа рабіць стаўку толькі на сілавікоў. Яны патрэбныя яму дзеля ўтрымання ўлады ў краіне, а не дзеля вайны ва Украіне.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

«Лукашэнка разумее, што сілавікі яму патрэбныя і дзеля таго, каб пры неабходнасці задушваць унутраныя пратэсты. Мы ж бачылі гэта ў 2020 годзе, калі Ціханоўская ездзіла па гарадах і збірала шматлюдныя мітынгі, то Лукашэнка ездзіў па вайсковых частках, у якіх рыхтаваў сілавікоў маральна да жорсткага задушэння пратэстаў. Таму беларускія вайскоўцы запэцканыя ўжо ў гэтым, і ў Лукашэнкі яшчэ больш у сувязі з гэтым спадзеваў, што яны будуць сілай задушэння пратэстаў. Дадалася яшчэ і новая фобія. Лукашэнка ўжо некалькі разоў згадваў пра полк Каліноўскага, што, маўляў, беглыя зрабілі стаўку на сілавы сцэнар», – дадае Аляксандр Класкоўскі.

У Менску да сілавога сцэнару адхілення Лукашэнкі ад ўлады ставяцца даволі сур’ёзна. Зрэшты, абʼяднаная апазіцыя пад кіраўніцтвам Святланы Ціханоўскай сапраўды зрабіла карэкцыю сваіх планаў. З’явіліся і сілавыя міністры.

«Лукашэнка ўпершыню адчуў, што пратэсты ў Беларусі могуць быць зусім не мірнымі. Можа, як кажуць, прыляцець сілавікам. Прычым не вядома, як яны на гэта адрэагуюць. Бо адна справа біць простых людзей без зброі, а іншая, калі можна нарвацца і на вельмі жорсткі адказ з боку падрыхтаваных людзей. Лукашэнка чуйны палітык, ён упершыню адчуў, што ў апазіцыі з’явіўся і сілавы кампанент».

У выпадку, калі ў краіне распачнуцца эканамічныя праблемы, а Расея прайграе ў вайне, то сілавы сцэнар апазіцыі можа і спрацаваць, лічыць Аляксандр Класкоўскі. Таму Лукашэнка моцна трывожыцца і не хоча паддавацца на патрабаванне Крамля ўступіць у вайну. Эксперт нагадвае, што ў інфармацыйнай прасторы гучаць меркаванні, што Пуцін наўмысна патрабуе ўвядзення беларускіх вайскоўцаў ва Украіну, каб іх там «перамалолі». Тады Лукашэнка зробіцца зусім беззабаронны і яшчэ больш залежны ад Крамля. Тым больш, што сілавая эліта ў Лукашэнкі зусім не вялікая.

Абноўлена
Лукашэнка зноў паляціць да Пуціна 7 кастрычніка. Яны сустракаліся ў мінулы панядзелак
2022.10.06 17:19

Мікалай Каткоў belsat.eu

Стужка навінаў