Лукашэнка даручыў праверыць усіх ваеннаабавязаных


Аляксандр Лукашэнка на нарадзе аб пытаннях бяспекі даручыў праверыць праз ваенкаматы ўсіх ваеннаабавязаных. Адначасова, як піша БелТА, ён зноў зняпраўдзіў планы праводзіць у Беларусі мабілізацыю.

Лукашэнка звярнуў увагу на тое, з якімі заганамі праводзіцца мабілізацыя ў Расеі, таму, на ягонае меркаванне, трэба ў Беларусі ўдакладніць звесткі пра ўсіх ваеннаабавязаных:

«Хтосьці хворы, хтосьці кульгавы, хтосьці памёр, хтосьці з’ехаў. І мы мусім ведаць, што мы маем на сёння. Гэта не мае ніякага дачынення да мабілізацыі. Яшчэ раз падкрэсліваю: у нас няма неабходнасці абвяшчаць мабілізацыю. На шчасце, вайны на тэрыторыі Беларусі няма».

Таксама даручана праверыць рэзервістаў «без гвалту і шуму». Лукашэнка запэўніў, што гэта не для таго, каб іх «кудысьці накіраваць кагосьці забіваць»:

«Праз ваенкаматы мы правяралі і будзем правяраць усіх ваеннаабавязаных, што ў запасе. Трэба ў кожным раёне, без аніякага гвалту і шуму. Скончыцца збор ураджаю, акуратненька трэба прызваць у раёне людзей, паглядзець іхную наяўнасць і ўдакладніць усе нашыя спісы і дакументы ў ваенкаматах».

Асобна ён адзначыў, што «элементарнай зброяй мусіць умець карыстацца кожны».

«Кожны, хто павінен і можа трымаць зброю ў руках, павінен умець ёю карыстацца. Хаця б элементарна. Гэта датычыць і жанчын, і мужыкоў. Яны мусяць асвоіць хаця б стралковую зброю, каб абараніць сваю сямʼю. Да вайны рыхтуемся, бо ўсякае можа быць», – канстатаваў Лукашэнка.

Раней ён ужо казаў, што «ніякай мабілізацыі ў Беларусі не будзе».

Hавiны
Святлана Ціханоўская заклікала беларусаў не выконваць патрабаванняў ваенкаматаў
2022.09.30 16:15

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў