Ва Украіне дапускаюць, што 5 жніўня расейскія ракеты ўсё-ткі маглі прыляцець праз Беларусь


Спікер Паветраных сіл ЗСУ Юрый Ігнат паведаміў у эфіры тэлемарафону, што праз Беларусь 5 жніўня быў заўважаны пралёт паветраных цэляў, але сам запуск расейскіх ракет, імаверна, быў ажыццёўлены ў раёне Тамбова.

«Магчыма, быў пуск з раёну Тамбова (РФ) з МіГ-31. І пралёт мог быць праз тэрыторыю Беларусі. Гэтая інфармацыя зараз удакладняецца.

Але быў заўважаны пралёт паветраных цэляў менавіта праз тэрыторыю гэтай дзяржавы. У прынцыпе гэта адбывалася не ўпершыню, таму нічога дзіўнага няма», – цытуе Ігната «Украінская праўда».

Нагадаем, што 5 жніўня Паветраныя сілы ЗСУ паведамілі аб тым, што з Беларусі былі запушчаныя ракеты ў бок Украіны.

Пазней прадстаўнік Галоўнага ўпраўлення выведкі Мінабароны Украіны Андрэй Юсаў заявіў, што Расея магла імітаваць пуск ракет з тэрыторыі Беларусі, каб уцягнуць яе ў вайну супраць Украіны.

Маніторынгавы праект «Беларускі Гаюн» сцвярджае, што 5 жніўня запускаў ракет паветранага або наземнага базавання з тэрыторыі Беларусі не адбывалася. Больш за тое, не было ўзлётаў авіяцыі, якая патэнцыйна магла б запусціць ракету, а таксама не было зафіксавана заходу авіяцыі ў патэнцыйную зону запуску ракет.

Hавiны
Украіна збіла 30 расейскіх ракет і 27 ударных дронаў
2023.08.06 10:47

Заяву на гэты конт таксама зрабіў полк Каліноўскага: добраахвотнікі адзначылі, што згодна з інфармацыяй, якой яны валодаюць, ніякіх атак з боку Беларусі не адбылося.

Hавiны
Полк Каліноўскага: абстрэлаў Украіны з тэрыторыі Беларусі не было
2023.08.06 09:04

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў