Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ), намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету Павел Латушка 13 траўня ў эфіры «Белсату» адказаў на пытанні, звязаныя са знікненнем былой спікеркі Каардынацыйнай рады Анжалікі Мельнікавай, якая належала да ягонай фракцыі, і выбарамі новага кіраўніка КР.
Каментуючы знікненне грошай з рахунку фонду «Białoruś Liberty», якім кіравала Анжаліка Мельнікава, Павел Латушка падкрэсліў, што ні кааліцыя «Каманда Латушкі і Рух «За свабоду»», ні НАУ доступу да рахунку не мелі, бо гэты фонд належыць «Кіберпартызанам».
«Якія правілы існавалі ў гэтай фундацыі, мне цяжка каментаваць», – сказаў ён.
Палітык таксама адказаў Аляксандру Кныровічу, які цяпер балатуецца ў спікеры Каардынацыйнай рады і складае канкурэнцыю прадстаўніку НАУ Арцёму Брухану ды кажа, што кааліцыя Латушкі мусіць несці адказнасць за знікненне сродкаў. Ён адзначыў, што Кныровіч належыць да фракцыі, якая кіравала Каардынацыйнаю радаю мінулага склікання і не падала справаздачы за сваю дзейнасць, у тым ліку фінансавай.
,,«Якая фундацыя атрымлівала гэтыя сродкі? Як яны размяркоўваліся? Хто атрымліваў гэтай сродкі? Мы ставілі гэтыя пытанні падчас выбараў. Ніколі адказу мы не атрымалі», – заявіў Латушка.
Латушка: Прэтэнзіяў да Мельнікавай не меў ніхто
Латушка адзначыў, што Мельнікава працавала ў НАУ як фандрайзерка, і ніякіх прэтэнзіяў да яе не было да пачатку 2025 года. У тым ліку ў кіберпартызанаў, супрацоўнічаць з якімі яна пачала раней, як з НАУ, і ва ўладаў ды спецслужбаў Польшчы, якія выдалі ёй у снежні 2024 года грамадзянства. Паводле палітыка, Мельнікава – «чалавек вельмі змястоўны, вельмі адказны, вельмі мэтанакіраваны і вельмі праактыўны».
Ён падкрэсліў, што менавіта Мельнікава ў якасці спікеркі дамаглася таго, што Сенат Польшчы прызнаў КР беларускім парламентам у эміграцыі, што Каардынацыйная рада ўпершыню ўзяла ўдзел у пасяджэнні Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы, яна дамагалася непрызнання прэзідэнцкіх выбараў 2025 года і прыцягнення да адказнасці Аляксандра Лукашэнкі.
Латушка адзначыў, што цяжка зразумець прычыны зняцця Мельнікавай грошай з рахунку, аднак Нацыянальная пракуратура Польшчы расследуе яе знікненне паводле артыкулу аб прымусовым утрыманні, «гэта значыць, асноўная версія ў спецслужбаў – незаконнае пазбаўленне свабоды».
Пры гэтым Латушка прызнаў: да мужа Мельнікавай былі пытанні праз тое, што ён працягваў ездзіць у Беларусь. Паводле яго, спікерка прытрымлівалася абяцання, што ён пасля ейнага абрання не будзе ездзіць на радзіму. Аднак, дадаў палітык, іншых магчымасцяў спыніць яго ад паездак не было.
Латушка: Супраць дэмакратычных сілаў ідзе вайна
Палітык заявіў, што супраць беларускіх дэмакратычных сілаў улады Беларусі вядуць «рэальную вайну» і не абмяжоўваюць сябе ў дзеяннях. Вынікам гэтага сталася знішчэнне розных ініцыятываў, як «Чорная кніга Беларусі», «Беларускі Гаюн» ды іншыя. Супраць усіх кандыдатаў у КР былі пачатыя крымінальныя справы, арыштаваная маёмасць, а на дэлегатаў вядзецца паляванне, як у выпадку затрымання ў В’етнаме Васіля Верамейчыка.
Пры гэтым, дадаў Латушка, дэмсілы не маюць рэальных магчымасцяў супрацьстаяць ціску. Ён падкрэсліў: цэлыя краіны не заўсёды здольныя спыняць правакацыі з боку ўладаў Беларусі і Расеі, тым менш для гэтага магчымасцяў у дэмсілаў.
,,«Мяне двойчы хацелі забіць. Што мне, сысці з дэмакратычнага руху? Я кажу Лукашэнку: не, не сыду, можаш забіць. Я не сыду з дэмакратычнага руху. Я ўпэўнены ў тым, што ты будзеш сядзець у турме. Мы робім усё, каб ты атрымаў адказнасць у Міжнародным крымінальным судзе, у спецыяльным трыбунале адказнасці за агрэсію супраць Украіны. Мы ніколі не былі так блізкія да адказнасці Лукашэнкі. Таму ён ваюе з намі», – сказаў палітык.
Кіраўнік НАУ адзначыў, што 12 траўня ад спецслужбаў Лукашэнкі пагрозы з шантажом на свой тэлефон атрымаў чалец каманды Арцём Брухан, які балатуецца ў спікеры КР. Выбраць жа спікерам асобу, якую нічога не звязвае з Беларуссю, нерэальна, сказаў ён.
Каардынацыйная рада выбірае новага спікера пасля знікнення спікеркі Анжалікі Мельнікавай. Увечары 13 траўня плануюцца дэбаты перад Каардынацыйнаю радай і пачатак галасавання, якое будзе трываць 24 гадзіны. Галасуюць толькі чальцы КР. Вынікі могуць стаць вядомыя 14 траўня.
Пакуль абавязкі спікеркі выконвае віцэ-спікерка Стася Гліннік, але яна не захацела аўтаматычна рабіцца спікеркай, як тое прадугледжвае рэгламент КР.
Першым у спікеры вылучыўся сябра фракцыі «Каманда Латушкі і Рух «За свабоду» Арцём Брухан. Гэта намеснік кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення і намеснік прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінету. У 2017–2020 гадах працаваў у Берасцейскім аблвыканкаме, перад тым – у мемарыяльным комплексе «Берасцейская крэпасць-герой». Больш за тыдзень ён быў адзіным кандыдатам у спікеры КР.
Другім вылучыўся сябра фракцыі «Беларусы» Аляксандр Кныровіч. У Беларусі ён меў будаўнічы бізнес, пры гэтым адкрыта крытыкаваў улады. Са студзеня 2017-га да жніўня 2021-га быў за кратамі: яго назвалі вінаватым у эканамічных злачынствах, віны ён не прызнаў. Па вызваленні Кныровіч заняўся грамадскай і палітычнаю дзейнасцю, працягнуў публіцыстычнай. Сярод іншага, вядзе «Атма$феру» на «Белсаце».