Ужо тры тыдні паплечнікі шукаюць спікерку Каардынацыйнай рады Беларусі Анжаліку Мельнікаву. Выканальніца ейных абавязкаў Стася Гліннік у «Студыі "Белсат"» расказала, што вядома на сённяшні дзень і што далей будзе з Каардынацыйнай радай.
Паводле польскіх праваахоўнікаў і паплечнікаў, Анжаліка Мельнікава пакінула тэрыторыю Польшчы і Еўразвязу 26 лютага, паляцела ў Лондан, выходзіла на сувязь з невядомых месцаў і канчаткова знікла 25 сакавіка. Перад гэтым ейны тэлефон выкарыстоўвалі для доступу да файлаў Каардынацыйнай рады з беларускага IP-адрасу – верагодна, але не гарантавана, што тэлефон быў на тэрыторыі Беларусі. У Польшчы завялі справу з нагоды знікнення Мельнікавай, сярод іншага падазраюць таксама выкраданне. Кіраўнік ініцыятывы «By_help» Аляксей Лявончык, які займаецца пошукамі Мельнікавай у Злучаным Каралеўстве, кажа, што яна дакладна пакінула Лондан.
Што пра гэта думаюць у Каардынацыйнай радзе і што новага даведаліся, «Белсату» расказала выканальніца абавязкаў спікеркі КР Стася Гліннік. Размова з ёй – ад 38:00.
Гліннік пацвердзіла, што КР па-ранейшаму не ведае, што адбываецца з Мельнікавай, хацела б ведаць і чакае любых навінаў. Апошні раз з Мельнікавай размаўлялі праз відэасувязь 21 сакавіка, і гэта была дакладна яна. У пазнейшых паведамленнях да 24 сакавіка ўлучна Гліннік таксама бачыць стыль Мельнікавай – імаверна, пісала яна, а не хтосьці іншы. Сваякі Мельнікавай не кажуць больш, чым ужо сказалі медыям.
Працоўных версіяў знікнення шмат, амаль усе версіі застаюцца актуальнымі.
«Можна спекуляваць над тым, каму якія версіі больш падабаюцца, але факты такія, што на сённяшні дзень мы не ведаем, дзе Анжаліка, і мы не разумеем матывацыі ейных дзеянняў», – кажа Гліннік.
,,«Я не выключаю нічога на сённяшні дзень. Адзінае, што мы ўжо так больш-менш выключаем, – гэта нейкія няшчасныя выпадкі. Для мяне асабіста выглядае так, што быў нейкі план, што ўсё гэта было падрыхтавана, таму што не магу сабе ўявіць, што ў сучасным свеце можна вось так незапланавана знікнуць, каб цябе ніхто не мог знайсці… Хаця рознае бывае, здараецца».
У адказ на пагрозы беларускіх прапагандыстаў іншым чальцам КР і ёй асабіста Гліннік пасмяялася: маўляў, разумее, чым займаецца, і мае сродкі самаабароны.
Каардынацыйная рада атрымала грант на суму каля 100 тысяч еўраў на рахунак фонду Мельнікавай, пацвердзіла Гліннік. Паводле звестак крыніцы «Белсату», з рахунку здымалі грошы. Лёс рахунку і грошай на ім пакуль не раскрывалі. Падрабязнасцяў не называюць паводле дамовы з донарамі, але вядома, што грошы былі вылучаныя на падтрыманне медыякаманды і правядзенне офлайн-паседжанняў і слуханняў.
Пра тое што Мельнікава раней спрабавала выкупіць фонд у Беластоку, Гліннік раней не чула. На ейную думку, Мельнікава, як і многія іншыя, хацела прэтэндаваць на грантавае фінансаванне, а грантадаўцы звычайна не любяць працаваць з толькі што зарэгістраванымі фондамі, хочуць прынамсі двухгадовай гісторыі працы арганізацыяў.
Што будзе з Каардынацыйнай радай без спікеркі?
Прыярытэтам КР Гліннік называе само захаванне Каардынацыйнай рады і ўзмацненне гэтага інстытуту. Сітуацыя з Мельнікавай паказала «пэўныя хібы» ў арганізацыі працы КР, іх цяпер выпраўляюць. Гліннік кажа, што здзівілася таму, як КР адрэагавала, бо калегі адклалі спрэчкі, мабілізаваліся, аб’ядналіся і працягнулі працу нават больш актыўна, чым раней. Расклад слуханняў распісаны ўжо на некалькі месяцаў наперад (менавіта на 22 красавіка запланаваныя слуханні на тэму рэпрэсіяў у адукацыйнай сістэме Беларусі), палепшылася сувязь між большасцю і меншасцю.
Паводле Гліннік, толькі адзін дэлегат – Сяргей Пятрухін – заяўляе пра неабходнасць роспуску КР.
Гліннік цяпер толькі выконвае абавязкі спікеркі. Калі Мельнікава не знойдзецца цягам трох месяцаў, пасада спікеркі аўтаматычна пераходзіць да віцэ-спікеркі, то бок Гліннік, і праходзяць выбары віцэ-спікеркі. Але Гліннік не згодная на такую схему:
,,«Я буду браць самаадвод, і мы будзем выбіраць спікера».
Пакуль Гліннік не збіраецца ўдзельнічаць у выбарах спікера КР, але да канца яшчэ не ўпэўненая: цяпер думае, што хацела б застацца віцэ-спікеркай. Дакладна ведае асобаў, якіх падтрымала б у якасці кандыдатаў на спікера. Імёнаў не называе. Кажа, не хоча станавіцца спікеркай аўтаматычна, а хоча, каб Каардынацыйная рада сама вызначылася, у якім кірунку ідзе далей.
Таксама трэба будзе выбраць новую прадстаўніцу замест Мельнікавай – менавіта жанчыну, каб запэўніць гендарны баланс, які ёсць традыцыяй Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы.
А ўжо ў 2026 годзе маюць прайсці новыя выбары ў саму Каардынацыйную раду. Гліннік заклікае ўсіх удзельнічаць у галасаванні. На выбарах дзейнага склікання КР прагаласавалі толькі 6723 асобы, або 0,097 % патэнцыйна магчымых выбарнікаў.
Алесь Наваборскі belsat.eu