Іранскія ўлады заяўляюць, што іх удары па Ізраілі з’яўляюцца мерай самаабароны, і адзначаюць, што гатовыя спыніць удары, калі Ізраіль таксама спыніць агонь.
Пра гэта заявіў кіраўнік іранскага МЗС Абас Арагчы: ён сказаў, што калі ізраільскія атакі будуць спыненыя, Тэгеран таксама прыпыніць абстрэлы. Пра гэта паведамляе РБК-Україна са спасылкай на іранскае інфармагенцтва Mizan.
,,«Мы абараняемся, і наша абарона цалкам законная і рашучая. Гэтая абарона з'яўляецца адказам на акты агрэсіі. Калі агрэсія спыніцца, то, натуральна, спыняцца і нашы дзеянні ў адказ», – заявіў міністр.
Арагчы таксама адзначыў, што Ізраіль не нанёс бы ўдары без падтрымкі з боку ЗША. Паводле яго слоў, Вашынгтон павінен асудзіць атакі на іранскія ядравыя аб’екты. Міністр дадаў, што перамовы з ЗША маглі б прывесці да аднаўлення ядравай дамовы.
У гэты ж час прэзідэнт ЗША Доналд Трамп выказаў упэўненасць, што мір паміж Іранам і Ізраілем – толькі пытанне часу. На сваёй старонцы ў Truth Social ён паведаміў, што абедзве краіны могуць і павінны дамовіцца – «як гэта было ў выпадку з Індыяй і Пакістанам». Трамп згадаў і іншыя міжнародныя канфлікты, у спыненні якіх ён нібыта адыграў ключавую ролю.
,,«Неўзабаве мы пабачым мір паміж Іранам і Ізраілем! Вядуцца шматлікія перамовы, званкі, сустрэчы. Я шмат працую, і хоць не атрымліваю прызнання, людзі гэта разумеюць. Зробім Блізкі Усход зноў вялікім!» – напісаў ён.
Тым часам наступствы канфлікту працягваюць нарастаць. Іранскія СМІ са спасылкай на Міністэрства аховы здароўя паведамляюць пра 128 загінулых і каля 900 параненых у выніку ізраільскіх удараў. Пра гэта інфармуюць карэспандэнты Персідскай службы BBC і Службы маніторынгу. Лічбы ахвяр актуальныя на палову дня суботы, адзначае «ВВС».
Таксама вядома, што ўначы з суботы на нядзелю Ізраіль і Іран абмяняліся ракетнымі ўдарамі. Габрэйская дзяржава атакавала энергетычную і вайсковую інфраструктуру, ісламская – нафтазавод і жылыя дамы. Паводле ізраільскіх медыяў, загінулі 10 асобаў, 200 былі параненыя.
Раман Шавель belsat.eu