навіны

Актыўная, хацела купіць фонд «Białoruś 2020». Што кажуць пра Мельнікаву ў Беластоку

Анжаліка Мельнікава
Анжаліка Мельнікава. Архіўнае фота. Варшава, Польшча. 19 ліпеня 2024 года. Фота: Міра Лесялішская / Белсат
podpis źródła zdjęcia

Беларуская дэмакратычная грамадскасць працягвае шукаць спікерку Каардынацыйнай рады Анжэліку Мельнікаву. За інфармацыю пра яе месцазнаходжанне нават прапаноўваюць узнагароду. Пошукі новых звестак прывялі «Белсат» у Беласток, дзе пачалася палітычная кар’ера зніклай жанчыны. Нам удалося паразмаўляць з актывістам, звязаным з фондам «Białoruś 2020», дзе яна працавала.

Анжаліка Мельнікава на сустрэчы з дэпутатамі Бундэстагу. Берлін, Нямеччына. 15 кастрычніка 2024 года. Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

«На слыху няма такога». У беларускай міліцыі распавялі, ці шукаюць Анжэліку Мельнікаву

навіны

Наш суразмоўца, які пажадаў застацца неназваным, быў знаёмы не толькі з дзейнасцю фонду «Białoruś 2020», але і з самой Анжалікай Мельнікавай. Звязана гэта было якраз з працай у фондзе. Фонд з’явіўся ў 2021 годзе і быў адказам на падзеі ў Беларусі. Гэта была «спроба зарганізавацца пасля падзеяў 2020 года» сярод беларусаў, якія ладзілі акцыі ў Беластоку і спрабавалі дапамагаць уцекачам, распавёў наш суразмоўца.


Паводле яго, Анжаліка Мельнікава з’явілася ў Беластоку ў 2021 годзе, але як яна знайшла згаданы фонд, ён не ведае. Наогул ён характарызуе жанчыну як асобу даволі стрыманую. Яна нічога не расказвала пра сябе, аддаючы перавагу свецкім размовам як сродку падтрымання кантактаў з людзьмі.


Цяпер, калі Анжаліка знікла, агульныя знаёмыя спрабуюць згадаць нейкія акалічнасці ейнага жыцця, якія маглі бы праліць святло на гэтую сітуацыю, але ніхто не можа прыгадаць нават абставінаў яе з'яўлення сярод беластоцкіх беларусаў. Хіба памятаюць, што любіла падарожнічаць, у тым ліку ў цёплыя краіны – Турэччыну, Егіпет і Аб’яднаныя Арабскія Эміраты. Але ніколі не дзялілася падрабязнасцямі сваіх падарожжаў. Пры гэтым калегі ведалі, што ў яе ёсць дзеці, якія застаюцца ў Беларусі, а з мужам Мельнікава разводзіцца.


Але тады быў такі час, калі нікога не здзіўляла з’яўленне новых невядомых раней асобаў зніадкуль, прыгадвае наш суразмоўца: «Як казалі ў 2020-м, «мы не знали друг друга до этого лета». Тады ў дэмакратычным асяроддзі з’яўляліся і знікалі людзі, пра якіх не было вядома надта шмат, ды і сам рух быў «зялёны». 

Спікерка Каардынацыйнай рады Анжаліка Мельнікава. Варшава, Польшча. 19 ліпеня 2024 года. Фота: Міра Ляселішская / Белсат

«Яна працавала і атрымлівала заробак». НАУ адказаў наконт грошай Мельнікавай

навіны

У фондзе «Białoruś 2020» Анжаліка Мельнікава з’явілася ў студзені 2022 года, кажа наш суразмоўца. Што датычыць працы, ён характарызуе зніклую спікерку як вельмі актыўную і мэтанакіраваную. «Яна з’явілася вельмі хутка, адразу прапанавала свае паслугі як асобы, якая ўмее пісаць праекты», – кажа ён пра далучэнне Мельнікавай да працы фонду. Ёй былі патрэбныя праца і грошы, патлумачыла яна сваю актыўнасць. «Яна ўвесь час казала, што ёй трэба зарабіць на кватэру, бо яна тут разводзіцца з мужам, ёй трэба дзейнічаць, працаваць… Тлумачэнне было тыпова бізнесовае», – сцвярджае суразмоўца.


Праца ў фондзе не была працяглай. Літаральна праз пару месяцаў Анжаліка паведаміла, што пераязджае ў Варшаву. За гэты час яна паспела папрацаваць толькі над адным праектам, які датычыў дапамогі ўцекачам з Беларусі і Украіны. Суразмоўца, дарэчы, не выключае, што Мельнікава мела доступ да імёнаў людзей, якія карысталіся праектам, хоць, з ягоных словаў, сама праца была «тэхнічная». Ад’езд з Беластоку быў вельмі хуткі, настолькі, што справаздачу аб працы над праектам яна дасылала ўжо з Варшавы.


Цікава, што пасля заканчэння працы над праектам Анжаліка Мельнікава прапанавала купіць фонд «Białoruś 2020». Вось гэтаму ў фондзе ўжо здзівіліся: нейкая асоба, не вядомая ў дэмакратычным руху, раптам хоча набыць фонд, які «меў за сабой бэкграўнд беластоцкіх пратэстаў». Ёй адмовілі.


Фонд «Białoruś 2020» дагэтуль працягвае дзейнасць, звязаную з беларускай культурай і дыяспарай. Заснавальніца і тагачасная кіраўніца фонду «Białoruś 2020» адмовілася каментаваць «Белсату» гісторыю з Мельнікавай.

Анжаліка Мельнікава на слуханнях у польскім Сейме. Варшава, Польшча. 8 студзеня 2025 года. Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Лявончык: Мельнікава вылецела з Лондану – гэта 100 %

навіны

Што было далей


14 снежня 2022 года на Мельнікаву быў зарэгістраваны фонд «Białoruś Liberty». 


У канцы траўня 2024 года прайшлі выбары ў Каардынацыйную раду 3-га склікання, Мельнікава прайшла ў спісе «Каманда Латушкі і Рух "За Свабоду"». 


У ліпені 2024 года яна была выбраная спікеркай. 


21 сакавіка 2025 года чальцы КР яшчэ размаўлялі з Мельнікавай праз «Zoom». 


Яна абяцала прыйсці ў офіс 24 сакавіка, але не з'явілася, спаслаўшыся на хваробу. Мельнікава не выходзіла на сувязь з 25 сакавіка. 


28 сакавіка ейныя паплечнікі заявілі, што яна знікла. Версіяў знікнення шмат, але дакладнай інфармацыі мала. У Польшчы завялі справу з нагоды знікнення Мельнікавай, сярод іншых версіяў падазраюць таксама выкраданне.


belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10