У Ізраілі расказалі, наколькі блізка падыйшоў Іран да стварэння ядравай зброі, і раскрылі некаторыя падрабязнасці аперацыі «Народ як леў», у выніку якой былі нанесены ўдары па ядравых аб’ектах Ірана.
Паводле высокапастаўленага прадстаўніка Арміі абароны Ізраіля (Цагаль), аперацыя стала адказам на рэзкі прагрэс Ірана ў распрацоўцы ядравай зброі, які ўжо выходзіў за рамкі простага ўзбагачэння ўрану, паведамляе «BILD».
Дадзеныя разведкі Ізраіля сведчаць, што Тэгеран пачаў працу над выбуховымі элементамі, і ў Цагаль разглядалі гэта як прамую падрыхтоўку да стварэння бомбы. Гэтая дзейнасць была расцэненая як «непрыкрытая і экзістэнцыйная пагроза для Ізраіля». Менавіта гэтыя звесткі сталі падставай для раптоўнага ўдару 13 чэрвеня.
Нягледзячы на заявы Ірана пра «мірны характар» сваёй ядравай праграмы, заходнія краіны, уключна з Ізраілем, абвінавачвалі Тэгеран у стварэнні зброі масавага знішчэння. Міжнароднае агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ) у траўні зафіксавала рэзкі рост запасаў урану, узбагачанага да 60%. Для вырабу ядравай бомбы неабходны паказчык не меншы за 85%.
Прадстаўнік Цагаль таксама сцвярджае, што ў Ізраіля ёсць «неаспрэчныя доказы» ваеннага характару вытворчасці ў іранскім Ісфахане.
Згодна з ацэнкай нямецкага палітолага Яна Бусэ з Універсітэта Бундэсвера, Іран ужо можа патэнцыйна вырабіць да дзесяці бомбаў, маючы 400 кг высокаўзбагачанага ўрану. Пераход ад 60% да 85% – гэта, паводле экспертаў, «пытанне некалькіх дзён».
У выніку ізраільскіх удараў была сур’ёзна пашкоджаная ядравая інфраструктура Ірана, і гэтыя страты, як мяркуюць у Цагаль, не атрымаецца аднавіць за кароткі час. Акрамя таго, былі забітыя дзевяць іранскіх вучоных і экспертаў, непасрэдна звязаных з праграмай.
У сваю чаргу МАГАТЭ паведаміла, што павышэння ўзроўню радыяцыі па-за межамі аб’ектаў пакуль не зафіксавана. Аднак цяпер пад вялікім пытаннем далейшы дыялог паміж Іранам і ЗША. Іранскі МЗС ужо заявіў, што перамовы з Вашынгтонам «страцілі сэнс», паколькі ЗША не могуць весці перамовы і адначасова дазваляць Ізраілю наносіць удары па іранскай тэрыторыі.
У той жа час Доналд Трамп зрабіў заяву, што мір паміж Іранам і Ізраілем – толькі пытанне часу. Пры гэтым амерыканскі прэзідэнт не выключыў, што ЗША могуць умяшацца ў канфлікт, і падкрэсліў, што дагэтуль такога ўмяшання не было.
Раман Шавель belsat.eu