Айцішніка Сяргея Салажэнцава асудзілі пасля вяртання з Польшчы – яго абвінавацілі ў фінансаванні «экстрэмізму».
42-гадовы IT-спецыяліст з Горадні Сяргей Салажэнцаў, які апошнія гады жыў і працаваў у Польшчы, быў арыштаваны пасля вяртання ў Беларусь, паведамляе «Наша Ніва».
Яго абвінавацілі паводле артыкулу 361-2 Крымінальнага кодэксу – «фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці». Суд праходзіў у Гарадзенскім абласным судзе.
Сяргей Салажэнцаў вучыўся на факультэце прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ, у IT-сферы працаваў з 2005 года. Ён займаў кіраўнічыя пасады ў шэрагу кампаніяў, у тым ліку ў «SaM Solutions», «Reaxion» і «Alis Games» – там быў тэхнічным дырэктарам. Студыя «Alis Games» выпусціла гульню «Need a Hero», што атрымала прэстыжныя ўзнагароды. Потым працаваў у «Viplay».
У 2021 годзе мужчына пераехаў у Варшаву, дзе адкрыў ІП і далучыўся да амерыканскай кампаніі «RunMyLease» як Tech Lead. Акрамя працы, захапляўся бальнымі танцамі: з 2023 года выступаў у пары на конкурсах у катэгорыі 40+, у 2024-м пара выйграла два золата і адно срэбра.У верасні 2024 года Сяргей апошні раз адзначыўся ў LinkedIn. Прыкладна ў гэты час, мяркуючы з усяго, ён быў затрыманы. Дакладна невядома, калі і пры якіх абставінах ён вярнуўся ў Беларусь. Паводле інкрымінаванага артыкулу айцішніку пагражала да пяці гадоў «хіміі» або ад 3 да 5 гадоў калоніі. Дакладны прысуд невядомы. Цяпер ягонае імя дадалі ў абноўлены «спіс экстрэмістаў». Пасля суда Салажэнцаў не выходзіць на сувязь, што можа сведчыць пра тое, што яму прысудзілі рэальны тэрмін.
Раман Шавель belsat.eu