Еўразійскі банк развіцця (ЕАБР) у сваім свежым макраэканамічным аглядзе 16 чэрвеня пракаментаваў паскарэнне росту цэнаў у Беларусі.
У ЕАБР адзначылі, што гадавая інфляцыя ў Беларусі склала 7,1 % у траўні пасля 6,5 % у красавіку. Найбольш прыкметна інфляцыя паскорылася ў харчовых таварах (9,5 % у траўні пасля 8,3 % у красавіку). Асноўным фактарам сталася значнае павышэнне росту коштаў на сезонную гародніну і садавіну (на 14,4 % у траўні пасля 6,8 % у красавіку). Цэны на паслугі выраслі на 7,2 % у траўні пасля 7 % у красавіку, а на нехарчовыя тавары – на 3,6 %, як і ў красавіку. Гэтак сама і базавая гадавая інфляцыя склала 7,1 % у траўні пасля 6,6 % у красавіку.
,,«Гэта сведчыць пра захаванне праінфляцыйнага ціску з боку ўнутранага попыту, што падтрымліваецца ростам рэальных заробкаў (+10,4 % год да году ў красавіку 2025-га) і спажывецкага крэдытавання (+25 % год да году ў красавіку 2025-га)», – гаворыцца ў аглядзе.

«Цэны не для слабых нерваў». Што беларусы кажуць пра гародніну ў крамах і на рынках
Кансэнсусны прагноз эканамістаў – інфляцыя сёлета будзе каля 7–9 %, максімум каля 10 %, расказвае вядоўца праграмы «Оптимум» на Youtube-канале «Белорусы и рынок» Андрэй Махоўскі. Але 10 % улады Беларусі не захочуць дапускаць проста таму, што не хочуць, каб інфляцыя была двухзначнай. Калі інфляцыя будзе набліжацца да 10 %, то цэнавае рэгуляванне могуць узмацніць.
Якуб Хруст belsat.eu