Пасля ўвядзення праз палітыку Аляксандра Лукашэнкі заходніх санкцыяў у дачыненні калійных угнаенняў з Беларусі доля нашай краіны ў іх гандлі істотна скарацілася. Упалі і фізічныя аб’ёмы продажу, сведчаць звесткі харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі ААН.
У сусветным гандлі каліем доля Беларусі з 2021 да 2024 год скарацілася з 9 % да 6 %. Што датычыць фізічных аб’ёмаў продажаў Беларуссю, то яны скараціліся з 5,1 млн да 4 млн тонаў, або на 21,6 %.
Эксперты адзначаюць, што цэны на калій заставаліся дастаткова стабільнымі за кошт паляпшэння паставак з Беларусі і Лаосу. Але мыты Еўразвязу на беларускія ўгнаенні, якія маюць набыць моц з 1 ліпеня, працягнуць уплываць як на рызыкі паставак, гэтак і на цэнавыя рызыкі ў будучыні. Мяркуецца, што цэны будуць расці.
Нагадаем, што ўпалі не толькі фізічныя аб’ёмы продажу калійных угнаенняў, але і прыбыткі ад іх. 4 лістапада 2024 года Аляксандр Лукашэнка заявіў, што цяпер айчынныя калійныя ўгнаенні прадаюцца «за бясцэнак, амаль за сабекошт, а то і ніжэй часам».
Экспертка Цэнтру эканамічных даследаванняў BEROC Анастасія Лузгіна патлумачыла гэтыя словы Лукашэнкі тым, што ў 2022 годзе цэны на калій сапраўды былі пікавымі (у асобныя месяцы даходзілі да $ 1200 за тону) супраць $ 278 станам на кастрычнік 2024 года. Але, заявіла эканамістка, тыя цэны былі ў цэлым звязаныя з актывізацыяй сельскай гаспадаркі і агулам ажыўленнем сусветнай эканомікі пасля пандэміі каронавіруса. Пасля гэтага ў 2023 годзе адбыўся спад, які прадоўжыўся ў 2024-м.
Якуб Хруст belsat.eu