навіны

Лявончык: Мельнікава вылецела з Лондану – гэта 100 %

Анжаліка Мельнікава
Анжаліка Мельнікава на слуханнях у польскім Сейме. Варшава, Польшча. 8 студзеня 2025 года. Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай
podpis źródła zdjęcia

Спікерка КР Анжаліка Мельнікава пасля прылёту ў Лондан амаль адразу пакінула сталіцу Вялікай Брытаніі і паляцела ў іншую краіну, распавёў у эфіры «Еўрарадыё» кіраўнік ініцыятывы ByHelp Аляксей Лявончык.

Паводле Лявончыка, Анжаліка дакладна не затрымалася ў Лондане надоўга.

,,

«Мы ведаем, што Мельнікава вылецела ў Лондан – гэта 100-працэнтна. Мы ведаем, што яна вылецела з Лондану – гэта 100-працэнтна. Я не магу пакуль каментаваць, куды яна вылецела з Лондану. Але ў Лондане яна дакладна не затрымалася, з таго, што мы разумеем», – паведаміў кіраўнік ByHelp.


Анжаліка Мельнікава на сустрэчы з дэпутатамі Бундэстагу. Берлін, Нямеччына. 15 кастрычніка 2024 года. Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

У Польшчы завялі справу з нагоды знікнення Мельнікавай. Падазраюць выкраданне

навіны

На думку Лявочныка, Мельнікава рухалася аб'язным маршрутам, «якім, напрыклад, едуць у тым ліку людзі, якія з’язджаюць з Беларусі». Пры гэтым невядома, ці накіроўвалася Мельнікава ў Беларусь і ці былі з ёй дзеці падчас прылёту і вылету.


Раней Лявончык падаў заявы ў брытанскую паліцыю на вышук Мельнікавай, але рэакцыі на іх пакуль не атрымаў.


Спікерка Каардынацыйнай рады Анжаліка Мельнікава перастала выходзіць на сувязь 25 сакавіка. Яе месцазнаходжанне дагэтуль не вядомае. Былы муж Мельнікавай Андрэй выехаў у Беларусь. Ён, а таксама бацькі Анжалікі пацвердзілі ў размовах з журналістамі, што абодва дзіцяці Мельнікавай таксама цяпер у Беларусі.


 «Еўрарадыё» патэлефанавала былому мужу Мельнікавай і запыталася, ці не з’явілася нейкіх навінаў пра яе. Мужчына адказаў, што «нічога пакуль няма», а таксама, што ён нікуды не звяртаўся адносна пошуку былой жонкі.


«Нікуды афіцыйна не звяртаўся. Не ведаю, не бачу ў гэтым сэнсу. <…> Не хачу звязвацца з органамі ў такім стылі», – сказаў былы сужэнец Мельнікавай. «Еўрарадыё» зазначае, што ён «пасмейваўся».


На пытанні пра тое, з кім з Польшчы выязджалі дзеці, а таксама ці праўда, што яго, Андрэя, маўчанне звязанае з тым, што ён датычны да знікнення Мельнікавай, мужчына адказаў, што каментароў даваць не будзе.


Дэпартамент у справах арганізаванай злачыннасці і карупцыі Нацыянальнай пракуратуры Польшчы 16 красавіка распачаў следства з нагоды знікнення Анжалікі Мельнікавай. Як паведамілі «Белсату» ў ведамстве, заведзеная крымінальная справа.


Матэрыялы папярэдняга правярання, пачатага паводле факту знікнення спікеркі Каардынацыйнай рады Анжалікі Мельнікавай, зарэгістраваныя ў Люблінскім аддзеле Дэпартаменту ў справах арганізаванай злачыннасці і карупцыі. Гэта структурная адзінка Нацыянальнай пракуратуры Польшчы. Паводле прадстаўніцы ведамства Катажыны Цалеў-Яшэўскай, следства распачатае паводле артыкулу Крымінальнага кодэксу «Незаконнае пазбаўленне волі». Мэта разбору – высвятленне акалічнасцяў знікнення і імавернага пазбаўлення волі ў сакавіку Анжалікі. Справа была даручаная Агенцтву ўнутранай бяспекі.


Марыя Міхалевіч belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10