У Беларусі ідуць масавыя затрыманні паводле справы «Беларускага Гаюна», паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна» са спасылкай на затрыманых, якія выйшлі на волю з ізалятару на Акрэсціна.
Тых, каго падазраюць у супрацы з маніторынгавым праектам «Беларускі Гаюн», затрымліваюць паводле крымінальных справаў у межах арт. 361-4 КК РБ «Судзеянне экстрэмісцкай дзейнасці» і адпраўляюць у СІЗА. Большасць затрыманых – мужчыны.
Маніторынгавы праект «Беларускі Гаюн», які адсочваў актыўнасць расейскіх вайскоўцаў на тэрыторыі Беларусі, а таксама перасоўванне беспілотнікаў РФ у паветранай прасторы нашай краіны, абвясціў спыненне сваёй працы 7 лютага 2025 года. Пра тое, што сілавікі атрымалі доступ да базы кантактаў «Беларускага Гаюна», стала вядома 5 лютага 2025 года. З 7 лютага праект больш не публікуе звестак пра дзеянні вайскоўцаў Расеі і Беларусі.
Пра першыя затрыманні за супрацу з «Гаюном» стала вядома ўжо 6 лютага. Тады ў звязаным з ГУБАЗіКам тэлеграм-канале з'явілася відэа з працаўніком Мазырскага нафтаперапрацоўчага заводу Максімам Нікіценкам. Больш сілавікі не паведамлялі пра затрыманні ў гэтай справе.
Радыё «Свабода» паведамляла пра некалькі выпадкаў арыштаў паводле справы «Гаюна» ў сакавіку 2025 года. Падставай сталі дасланыя маніторцам вясной 2022 года фота і відэа з расейскімі вайскоўцамі ды тэхнікай.
Затрыманым выставілі абвінавачанні ў «спрыянні экстрэмізму» паводле ч. 4 арт. 361 КК. Санкцыя артыкулу прадугледжвае пакаранне ў выглядзе абмежавання волі або пазбаўлення волі да сямі гадоў.
Кіраўнік фонду салідарнасці «BYSOL» Андрэй Стрыжак казаў пра сотні просьбаў пракансультаваць і эвакуяваць людзей, якія ўвесну 2022 года дасылалі «Гаюну» звесткі пра расейскіх вайскоўцаў на тэрыторыі Беларусі. Стрыжак распавядаў пра хвалі арыштаў у гэтай справе і падкрэсліваў, што адбываліся яны не ў адзін дзень – базу «Гаюна» адпрацоўваюць паступова.
Паводле Стрыжака, усплёск затрыманняў на Гомельшчыне меў месца цягам красавіка. Але сігналы пра пераслед паступаюць не толькі з Гомельскай вобласці. Са словаў праваабаронцы, па дапамогу ў сувязі са справаю «Гаюна» звяртаюцца людзі з пунктаў, дзе было шмат сухапутных расейскіх войскаў і дзе размешчаныя буйныя чыгуначныя вузлы – гэта Баранавічы, Ворша, Барысаў.
24 красавіка стала вядома, што ў Рэчыцы затрымалі аднаго з адміністратараў Viber-чатаў пра дарожныя абставіны – працаўніка «Беларуснафты» Аляксандра Гардзяенку. Мужчыну жорстка затрымліваў ГУБАЗіК, яго вінавацяць у перасыланні фота расейскай тэхнікі праекту «Беларускі Гаюн».
Студэнта Гарадзенскага электратэхнічнага каледжу будуць судзіць за перасыланне паведамленняў «Беларускаму Гаюну» пра перасоўванні расейскай вайсковай тэхнікі, заўважылі гарадзенскія праваабаронцы «Права маюць». 20-гадовага хлопца вінавацяць у спрыянні экстрэмісцкай дзейнасці.
Акрамя таго, як паведамляюць праваабаронцы, працягваюцца затрыманні паводле арт. 342 КК («Актыўны ўдзел у дзеяннях, што груба парушаюць грамадскі парадак»). Паведамляецца пра вялікі лік затрыманых. Гэта звязваюць з тым, што сёлета ў жніўні мінае тэрмін даўніны прыцягнення да крымінальнай адказнасці за ўдзел у пратэстах. На Акрэсціна арыштантаў па-ранейшаму трымаюць у нечалавечых умовах у перапоўненых камерах.
Марыя Міхалевіч belsat.eu