навіны

Каардынацыйная рада выбірае новага спікера. Што кажуць два кандыдаты

Аляксандр Кныровіч і Арцём Брухан
Аляксандр Кныровіч і Арцём Брухан. Калаж: Белсат
podpis źródła zdjęcia

Арцём Брухан і Аляксандр Кныровіч прэтэндуюць на пасаду зніклай Анжалікі Мельнікавай. Каардынацыйная рада пачне галасаванне вечарам 13 траўня, вынікі мае абвясціць праз 24 гадзіны па старце галасавання.

Каардынацыйная рада выбірае новага спікера пасля знікнення спікеркі Анжалікі Мельнікавай. Вечарам 13 траўня плануюцца дэбаты перад Каардынацыйнай радай і пачатак галасавання, якое будзе трываць 24 гадзіны. Галасуюць толькі чальцы Каардынацыйнае рады. Вынікі могуць стаць вядомыя 14 траўня.


Пакуль абавязкі спікеркі выконвае віцэ-спікерка Стася Гліннік, але яна не захацела аўтаматычна рабіцца спікеркай, як тое прадугледжвае рэгламент КР.


Першым у спікеры вылучыўся сябра фракцыі «Каманда Латушкі і Рух «За свабоду» Арцём Брухан. Гэта намеснік кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення і намеснік прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінету. У 2017–2020 годзе Брухан працаваў у Берасцейскім аблвыканкаме, перад тым – у мемарыяльным комплексе «Берасцейская крэпасць-герой». Больш за тыдзень ён быў адзіным кандыдатам у спікеры КР.


Другім вылучыўся сябра фракцыі «Беларусы» Аляксандр Кныровіч. У Беларусі ён меў будаўнічы бізнес, пры тым адкрыта крытыкаваў улады. Са студзеня 2017 года да жніўня 2021-га быў за кратамі: яго назвалі вінаватым у эканамічных злачынствах, віны ён не прызнаў. Па вызваленні Кныровіч заняўся грамадскай і палітычнай дзейнасцю, працягнуў публіцыстычную. Сярод іншага, ён цяпер вядзе выданне «Атма$фера» на «Белсаце».


Брухан расказаў пра сваю праграму ў інтэрв’ю «Нашай ніве», Кныровіч апублікаваў праграму на сваім Telegram-канале. Абодва сустрэліся вечарам 12 траўня ў «Студыі» на «Белсаце».


Гутарка кандыдатаў у спікеры – з 27:00.


Кандыдаты абмеркавалі некалькі тэмаў.


Хто вінаваты ў знікненні грошай?


Нядаўна стала вядома, што з рахунку, дзе былі сродкі «Кіберпартызанаў» і Каардынацыйнай рады, грошы былі выведзеныя на асабісты рахунак Мельнікавай. Хто вінаваты і мусіць несці палітычную адказнасць?


Брухан падкрэслівае, што матывацыя ды акалічнасці сітуацыі вакол знікнення Мельнікавай і вываду грошай пакуль невядомыя, праваахоўныя органы яшчэ толькі спрабуюць разабрацца. Ён прапануе стварыць юрыдычную асобу для Каардынацыйнай рады, каб гэтая асоба належала не аднаму чалавеку, а была асацыяцыяй або ўсіх чальцоў, або нарады фракцыяў.


Кныровіч выказвае супрацьлеглую думку: з юрыдычнага гледзішча адбыўся крадзеж грошай, а якія былі матывы – ужо другаснае пытанне. Ён адзначае, што грошы донараў на працу КР былі аддадзеныя ў асабісты фонд Мельнікавай і не кантраляваліся некалькі месяцаў. У гэтым Кныровіч вінаваціць кіраўнічую бальшыню КР і яе лідара Паўла Латушку. Кажа, паважае Латушку за іншыя справы, але гэтая сітуацыя – вялікі правал Латушкі як лідара кіраўнічай бальшыні КР.


Брухан раней казаў, што будзе рады мець канкурэнта на пасадзе. У размове на «Белсаце» ён пацвердзіў, што цешыцца канкурэнцыі. Але з Кныровічам не пагадзіўся: адказнасць ляжыць на ўсіх фракцыях Каардынацыйнай рады, у тым ліку на фракцыі, у якую ўваходзіць Кныровіч.

Мо перайсці на самафінансаванне?


Кныровіч падтрымаў прапанову Брухана наконт юрыдычнай асобы для Каардынацыйнай рады, але з улікам абставінаў і канфліктаў вакол донарскіх грошай ён прапанаваў наступныя 10 месяцаў да абвяшчэння выбараў чарговага складу КР ладзіць працу КР выключна за ўласны кошт. Ён думае, што КР вінаватая перад беларусамі за тое, што адбылося з грашыма КР. У фракцыі «Беларусы», нагадаў ён, удзел платны, сябры фракцыі робяць штомесячныя ўнёскі ад 10 долараў.


Брухан прызнаў, што ідэя «мае права на існаванне»: думка пра самафінансаванне КР яму здаецца слушнай – нават калі КР будзе звяртацца па вонкавае фінансаванне, можа забяспечваць сама прынамсі частку бюджэту.

Перамовы ў справе Украіны – «акно магчымасцяў»?


Між Расеяй і Украінай ідуць – хай завочна, квола ды з перапынкамі – перамовы наконт прыпынення вайны. Наўпроставыя перамовы могуць пачацца ў Стамбуле 15 траўня. Брухан раней казаў, што звязвае спадзевы на лепшае для Беларусі з «акном магчымасцяў». Ці адкрыецца такое акно ад тых перамоваў – і як ім скарыстацца?


Брухан адказаў, што ў патэнцыйных перамовах пра бяспеку ў рэгіёне можа з’явіцца «акно магчымасцяў» для Каардынацыйнай рады – яна можа паспрабаваць рэпрэзентаваць інтарэсы беларусаў на гэткіх перамовах. Або можа трапіць на «круглы стол» пра выхад з палітычнага крызісу ў Беларусі, калі заходнія партнёры (якія прызнаюць КР) паставяць такую ўмову перад Аляксандрам Лукашэнкам.


Кныровіч не верыць, што перамовы ў справе Украіны будуць «акном магчымасцяў». Удзельнічаць, кажа ён, трэба, але гэта будзе экспертны ўдзел: КР можа падказваць заходнім партнёрам, што казаць пра Беларусь, але ў цяперашніх абставінах высокая імавернасць, што Беларусь проста застанецца за новай «жалезнай заслонай». Што да «акна магчымасцяў», то яно яшчэ будзе, верыць Кныровіч, бо сітуацыя для Лукашэнкі напружаная. Ён заклікае КР працаваць над тым, каб мець уплыў на падзеі ў Беларусі, калі тое акно адкрыецца.

Турарбекаву выціснулі з Каардынацыйнай рады?


Кныровіч у сваёй праграме заклікаў КР пытаць беларусаў, чаго яны хочуць; падтрымліваць беларусаў праз медыйны ўплыў; працаваць як экспертная супольнасць. Адносна апошняга ён скардзіўся: кіраўнічая бальшыня «разагнала» экспертную супольнасць, а фракцыя Латушкі, паводле Кныровіча, дазволіла Арцёму Шапараву, Сяргею Пятрухіну і Аляксандру Кабанаву «займацца булінгам» Розы Турарбекавай, якая ў выніку пайшла з КР.


Брухан не пагадзіўся: булінгу Турарбекавай не было, Шапараў пазней з ёй размаўляў і захаваў нармальныя стасункі. Палітычныя дыскусіі на пачатку былі жорсткія, эмоцыі зашкальвалі, цяпер Пятрухін «таксама спрабуе буліць не толькі нашую фракцыю, але ўсіх прадстаўнікоў», але гэта не значыць, што ўсе мусяць пайсці з КР, бо маюць адказнасць перад выбарнікамі.


Што да падтрымання беларусаў у тым, чаго яны хочуць, ён прапанаваў Кныровічу і фракцыі «Беларусы» напісаць супольную заяву да парламентаў Польшчы і Літвы наконт аднаўлення чыгуначнага руху з Беларуссю. Кныровіч заявіў, што гэта было ў абяцаннях фракцыі Брухана пра першыя крокі на 100 дзён – Брухан не пагадзіўся, напісанае было іншае.

Ці змогуць беларусы абараніць незалежнасць?


Лукашэнка заяўляе, што «мы не пойдзем у Расею, а пастаім побач». Беларусы ж дыскутуюць: ёсць толькі пагроза новай «жалезнай заслоны» між Беларуссю і Захадам – або тая заслона ўжо паўстала? Ці маюць беларусы рэсурсы, каб бараніць незалежнасць, і чым можа дапамагчы КР?


Брухан уважае галоўнаю пагрозаю для незалежнасці Беларусі асабіста Лукашэнку, які «цалкам падае ў Расею дзеля захавання сваёй улады». Беларускае грамадства, якое хоча жыць у незалежнай краіне, і ёсць рэсурсам для захавання незалежнасці, кажа Брухан. КР можа дапамагаць яму медыйнай працай, можа працаваць над спрашчэннем атрымання візаў і замежных стыпендыяў.


Кныровіч жа думае, што Лукашэнку патрэбная незалежнасць Беларусі – хай не для народу, а для самога сябе. У КР ён бачыць толькі медыйны ўплыў на сітуацыю ўнутры Беларусі, але бачыць рэсурсы КР для ўплыву на Беларусь таксама ў ціску на рэжым Лукашэнкі (за які ён пахваліў НАУ) і ў лабіяванні «адкрыцця дзвярэй» для беларусаў у Еўропу ды ў адмежаванні беларусаў ад рэжыму Лукашэнкі ў санкцыях.

Узмацняць ці паслабляць санкцыі?


Кныровіч адзначыў, што быў бы рады, калі кітайскія тавары не рухаліся праз беларуска-польскую мяжу, бо гэта не прынясе вялікіх стратаў для Беларусі, але будзе мець вялікі ўплыў на сітуацыю ў Беларусі. Таксама ён быў бы рады, калі б тавары second hand маглі трапляць у Беларусь, а санкцыі адносна іх былі б паслабленыя, каб не білі па гаманцы звычайнага беларуса. Тавары second hand, казаў ён, гэта не тое, што павялічвае патэнцыял беларускай прамысловасці – таму яны не мусяць быць пад санкцыямі.


Брухан і НАУ паслядоўна выступаюць за ціск на рэжым Лукашэнкі і ўзмацненне санкцыяў. Ён падкрэслівае, што на стале перамоваў з Лукашэнкам будуць санкцыі – тое, што можа прымусіць Лукашэнку пайсці на саступкі. Без санкцыяў і ціску не было б размоваў пра вызваленне палітвязняў ці зменаў у палітыцы, казаў ён. Але пагадзіўся з Кныровічам: трэба аддзяляць беларусаў ад рэжыму Лукашэнкі, не трэба накладваць санкцыі на перасоўванне людзей. І падкрэсліў, што першапрычына санкцыяў, якія часам б’юць па простых беларусах, гэта не «дрэнная Еўропа», а Аляксандр Лукашэнка.


Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме

Глядзіце больш
Item 1 of 4

апошнія

Item 1 of 10