Вайна

Расея едзе «мірыцца» з Украінаю ў Стамбул. Ці будзе там Уладзімір Пуцін?

Уладзімір Зяленскі гатовы сустракацца ў Стамбуле толькі асабіста з Уладзімірам Пуціным. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Council of the European Union / Facebook
Уладзімір Зяленскі гатовы сустракацца ў Стамбуле толькі асабіста з Уладзімірам Пуціным. Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Council of the European Union / Facebook
podpis źródła zdjęcia

Расея пачала рыхтавацца да перамоваў наконт замірэння з Украінаю, што маюць адбыцца 15 траўня ў Стамбуле. Хто будзе рэпрэзентаваць краіну-агрэсара на гэтых перамовах?

«Як толькі прэзідэнт палічыць гэта патрэбным, мы абвесцім», – сказаў на брыфінгу прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна Дзмітрый Пяскоў. – Тут трэба зыходзіць з таго, што было сказана ў начной заяве прэзідэнтам паводле вынікаў святкавання 9 траўня. Расейскі бок працягвае рыхтавацца да перамоваў, што маюць адбыцца ў чацвер. Пакуль больш нічога мы каментаваць не збіраемся».


Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі 11 траўня ў сваім вечаровым звароце адзначыў, што ён прыедзе 15 траўня ў Турцыю для сустрэчы з Пуціным. Ён таксама заявіў, што ўкраінскія сілы будуць рэагаваць люстрана на спыненне або працяг агню Расеяй з 12 траўня.


«У нас ва Украіне няма ніякай праблемы весці перамовы – мы гатовыя да любых фарматаў. Я буду ў гэты чацвер, 15 траўня, у Турцыі і чакаю Пуціна ў Турцыі. Асабіста. І спадзяюся, што Пуцін гэтым разам не будзе шукаць прычынаў, чаму ён нешта не можа. Мы гатовыя размаўляць, каб скончыць вайну. Чацвер, Турцыя», – сказаў прэзідэнт.


Пры гэтым дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны Міхайла Падаляк сказаў, што Зяленскі не будзе сустракацца ў Стамбуле ні з кім з расейскага боку, акрамя Пуціна.


Нагадаем, прэзідэнты Францыі, Украіны, а таксама кіраўнікі ўрадаў Нямеччыны, Польшчы і Вялікай Брытаніі паводле вынікаў сустрэчы 10 траўня прапанавалі поўнае спыненне агню з 10 траўня, паабяцаўшы ўвесці новыя санкцыі супраць Расеі, калі тая на гэта не пагодзіцца. Аднак Пуцін адмовіўся і прапанаваў перамовы ў Турцыі 15 траўня.


Прэзідэнт Турцыі Рэджэп Эрдаган заявіў, што ягоная краіна гатовая стацца пляцоўкаю для мірных перамоваў паміж Расеяй і Украінай. А прэзідэнт ЗША Доналд Трамп запатрабаваў, каб Кіеў неадкладна пагадзіўся на перамовы з Расеяй нават без замірэння.

Тэса Анэйда belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10