Бізнесовец Аляксандр Кныровіч будзе балатавацца ў спікеры Каардынацыйнай рады ад фракцыі «Беларусы», таксама вядомай як блок Пракоп'ева – Ягорава. Ён складзе канкурэнцыю Арцёму Брухану ад каманды Паўла Латушкі.
«Фракцыя «Беларусы» вылучае кандыдата на пасаду спікера Каардынацыйнай рады – Аляксандра Кныровіча», – заявілі ў фракцыі.
Сам бізнесовец у сваім тэлеграм-канале выказаўся на тэму таго, каму патрэбная КР у 2025 годзе. Паводле яго, палітычная сітуацыя ў дэмакратычных сілах цяпер «нагадвае стартап з непрадказальнаю будучыняй», і ўзначаліць змены ўнутры Беларусі яны не здолеюць.
Ты не менш, мяркуе Кныровіч, дэмакратычныя сілы, у тым ліку Офіс Святланы Ціханоўскай і Каардынацыйная рада, маюць падтрымліваць «агонь у каміне» – «інфармацыйна і маральна падтрымліваць прыхільнікаў пераменаў, нагадваць пра агульначалавечыя, гуманітарныя, дэмакратычныя каштоўнасці і будучыню». Таксама іх заданне – фармаваць прывабны вобраз «новай Беларусі» і «супрацьдзеяць ізаляцыі Беларусі, быць адвакатам культурніцкіх, адукацыйных і гуманітарных сувязяў з Захадам».
,,«Важна не ставіць завышаных мэтаў, не павялічваць градусу пафасу, а засяродзіцца на рэальна дасягальным», – напісаў бізнесовец.
Камісія ў пытаннях статуту Каардынацыйнай рады раней рэкамендавала правесці выбары спікера 13 траўня. Гэтая пасада вызвалілася пасля знікнення Анжалікі Мельнікавай. Выканальніца ейных абавязкаў, віцэ-спікерка КР Станіслава Гліннік у эфіры «Белсату» казала, што не будзе карыстацца правам аўтаматычна ўзначаліць раду: «Я буду браць самаадвод, і мы будзем выбіраць спікера».
Каманда Латушкі і рух «За свабоду» вылучылі на пост спікера Каардынацыйнай рады кандыдатуру намесніка кіраўніка НАУ Арцёма Брухана. Іншыя фракцыі сваіх кандыдатаў не вылучалі.
Якуб Хруст belsat.eu