Ізраільская армія ўзмацняе рыхтаванне да магчымай ваеннай аперацыі супраць Ірану, калі перамовы паміж Вашынгтонам і Тэгеранам наконт новай ядравай дамовы зойдуць у тупік.
Як паведамляе выданне «Axios» са спасылкай на ўласныя крыніцы, блізкія да ізраільскіх уладаў, планы аператыўнага ўдару па іранскіх ядравых аб’ектах ужо распрацоўваюцца.
Паводле ізраільскіх спецслужбаў, яшчэ нядаўна здавалася, што ўгода паміж ЗША і Іранам – справа некалькіх крокаў. Аднак у апошнія дні прагнозы змяніліся: цяпер дамову лічаць пад пагрозай правалу.
Адзін з суразмоўцаў выдання адзначыў, што, з пункту гледжання ізраільскага войска, акно магчымасцяў для паспяховага ўдару можа хутка зачыніцца. Ён не ўдакладніў, чаму аперацыя можа стаць менш эфектыўнай у будучыні, але падкрэсліў: калі ўгода разваліцца, Ізраілю давядзецца дзеяць неадкладна.
Абедзве крыніцы пацвердзілі інфармацыю CNN пра тое, што Армія абароны Ізраілю (Цагаль) актыўна праводзіць трэнаванні і іншыя дзеянні, каб падрыхтавацца да магчымай аперацыі ў Іране.
Яшчэ адна крыніца дадала, што прэм’ер-міністр Ізраілю Бэньямін Нэтаньягу чакае, калі перамовы праваляцца, а Доналд Трамп расчаруецца ў выніках. Тады, маўляў, ізраільскі лідар спадзяецца атрымаць ад амерыканскага прэзідэнта згоду на дзеянні. У Белым доме, у сваю чаргу, асцерагаюцца, што Нэтаньягу можа пайсці на такі крок нават без афіцыйнага дазволу амерыканскага прэзідэнта.
Паводле ізраільскага чыноўніка, раней на гэтым тыдні Нэтаньягу правёў закрытую сустрэчу з міністрамі, кіраўнікамі спецслужбаў і вайскоўцамі, каб ацаніць сітуацыю вакол ядравых перамоваў.
Пяты раўнд перамоў паміж ЗША і Іранам павінен адбыцца ў пятніцу ў Рыме. Падчас папярэдняга раўнду, які адбыўся дзесяць дзён таму, амерыканскі перамоўнік Стыў Ўіткаф падаў іранскаму боку пісьмовы праект дамовы. У той момант надзея на поспех дамовы ўзрасла.
Аднак перамовы затармазіліся праз галоўнае пытанне: ці зможа Іран захоўваць хоць нейкую ўнутраную здольнасць для ўзбагачэння ўрану? У Ізраілі назвалі «чырвонай лініяй» нават 1 % здольнасці Тэгерану праводзіць узбагачэнне, адзначыўшы, што не могуць гэтага дапусціць. Але ў Іране сказалі, што без магчымасці ўзбагачаць уран для мірных мэтаў не падпішуць пагаднення.
Як падкрэслілі ізраільскія крыніцы выдання, патэнцыйны ўдар па Іране не будзе разавай акцыяй, гэта можа быць цэлы ваенны сцэнар працягласцю як мінімум тыдзень. Такая аперацыя будзе складанай і рызыкоўнай не толькі для самога Ізраілю, але і для ўсяго рэгіёну. Суседнія краіны асцерагаюцца магчымага радыяцыйнага заражэння і шырокамаштабнай вайны.
Нагадаем, што 15 траўня Іран выказаў гатовасць падпісаць ядравае пагадненне са Злучанымі Штатамі Амерыкі ў абмен на зняцце эканамічных санкцыяў. Пра гэта заявіў галоўны палітычны і вайсковы дарадца вярхоўнага лідара Ірану Алі Шамхані.
Паводле яго, Тэгеран абавязваецца назаўсёды адмовіцца ад распрацоўвання ядравай зброі, ліквідаваць запасы высокаўзбагачанага ўрану і дапусціць міжнародных інспектараў да кантролю над ядравай праграмай, калі амерыканцы выканаюць свае абяцанні. Пры гэтым Шамхані падкрэсліў, што Іран гатовы абагачаць уран выключна да ўзроўню, неабходнага для мірнага выкарыстання, і чакае ад Вашынгтону адкрытасці.
Раман Шавель belsat.eu