навіны

Еўропа дамовілася на трыбунал за напад на Украіну. Гэта можа тычыцца і кіраўніцтва Беларусі

Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка
Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы ў Маскве, Расея. 13 красавіка 2025 года. Фота: Kremlin.ru
podpis źródła zdjęcia

Трыбунал, які рыхтуюць для Пуціна і ягоных паплечнікаў, можа закрануць таксама і Лукашэнку, і ягоных падначаленых, адзначаюць украінскія медыі і Павел Латушка.

Украінскія салдаты з мінамётнага падраздзялення 115-й брыгады ЗСУ падчас вучэнняў каля Ліману, Украіна. 6 траўня 2025 года. Фота: Jose Colon / Anadolu / Abaca Press / East News

Расея кажа, хоча міру. І абстрэльвае Украіну ў час свайго «замірэння». Трамп пагражае санкцыямі

Вайна

Міністры замежных справаў заходніх дзяржаваў сустрэліся 9 траўня ў львоўскай ратушы і дамовіліся стварыць механізм, які прывядзе да адказнасці вінаватых у злачынствах супраць Украіны. Падрабязнасці пра механізм расказала «Європейська правда», якая падкрэслівае, што ва Львове ўхвалілі прынцыповае палітычнае рашэнне, якое было важна зафіксаваць Еўразвязу.


Афіцыйна ініцыяваць стварэнне ўраду маюць на паседжанні Камітэту міністраў Рады Еўропы ў Люксембургу 14 траўня. Затым пакет дакументаў пра трыбунал маюць зацвердзіць у Страсбургу (адзінагалоснага рашэння ўсіх краінаў не трэба), пасля Украіна і Рада Еўропы маюць папісаць пагадненне аб стварэнні трыбуналу.


У адрозненне ад трыбуналу пасля Другой сусветнай вайны, гэты мае прайсці не ў Нюрнбэргу, а ў Гаазе, і распачацца ён можа да заканчэння вайны і нават да замірэння. Крыніцы «Європейської правди» кажуць, што трыбунал можа запрацаваць ужо ў 2026 годзе: пачаць пісаць правілы, фармаваць рэестр суддзяў, весці першыя расследаванні. Выракі могуць быць вынесеныя завочна.


Абвінавачванні могуць быць вынесеныя ў тым ліку кіраўнікам дзяржаваў і высокапастаўленым чыноўнікам, ды толькі па сканчэнні іхных паўнамоцтваў. Пад абвінавачванні могуць трапіць не толькі Уладзімір Пуцін ці Сяргей Лаўроў, але таксама Аляксандр Лукашэнка, Кім Чэн Ын і іншыя, адзначае «Європейська правда». Спіс падсудных можа скласці да двух дзясяткаў асобаў: хоць на Украіну напалі сотні тысяч вайскоўцаў, у гэтым працэсе будуць разглядаць адказнасць тых, хто спланаваў і распачаў вайну.


Вырашальнае слова ў спісе падсудных мусіць быць за Украінай – і як піша ўкраінскае выданне, сярод абвінавачаных дакладна будзе Лукашэнка, бо ён надаў для расейскай агрэсіі беларускую тэрыторыю, інфраструктуру, вайсковыя базы, даў дазвол на напад са сваёй тэрыторыі і падтрымаў агрэсію.

Пра трыбунал падрабязна расказаў таксама Павел Латушка – намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету Беларусі, лідар Народнага антыкрызіснага ўпраўлення і сябра Каардынацыйнай рады. Ён назваў 9 траўня сімвалічным днём і адзначыў, што прадстаўнікі больш як 40 дзяржаваў не проста дамовіліся аб самой ідэі, а ўзгаднілі дамову між Украінай і Радай Еўропы аб стварэнні трыбуналу, статут трыбуналу і дадатковыя пагадненні, якія рэгулююць фінансавыя і арганізацыйныя пытанні дзейнасці трыбуналу.


«Кіраўніцтва Беларусі патэнцыйна можа быць прыцягнутае да адказнасці за здзяйсненне злачынства агрэсіі, калі будзе даказаная іх істотная роля ў здзяйсненні дадзенага злачынства, а гэтая роля безумоўна будзе даказаная, таму што Лукашэнка і яго саўдзельнікі падалі тэрыторыю Беларусі для ажыццяўлення агрэсіі адносна Украіны», – адзначыў Латушка.


Ён нагадаў, што некалькі тыдняў таму як сябра дэлегацыі дэмакратычных сілаў Беларусі ў Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы ініцыяваў папраўку ў адпаведную рэзалюцыю ПАРЕ аб унясенні дапаўнення аб адказнасці саўдзельнікаў Лукашэнкі ва ўчыненні агрэсіі супраць Украіны. І гэтая папраўка была прынятая.


Алесь Наваборскі belsat.eu

больш па гэтай тэме Глядзіце больш
Item 1 of 4
апошнія
Item 1 of 10