У Беларускім доме ў Варшаве 21 траўня адбылася прэс-канферэнцыя з нагоды Дня салідарнасці з палітвязнямі. Яе арганізатарамі выступілі сёлета праваабарончая ініцыятыва «Палітвязынка» і былая палітзняволеная Алана Гебрэмарыям. Удзел у спатканні ўзялі экс-палітзняволеныя Ксенія Луцкіна, Таццяна Екельчык, Ірына Шчасная і Вольга Філатчанкава. На прэс-канферэнцыі выступіў таксама муж палітзняволенай журналісткі TVP Ірыны Слаўнікавай Аляксандр Лойка.
На пачатку сустрэчы былая палітзняволеная і дэлегатка Каардынацыйнай рады Алана Гебрэмарыям паведаміла, што на сёння з палітычных прычынаў за кратамі ў Беларусі трымаюць 160 жанчын, 600 – ужо выйшлі на свабоду па сканчэнні тэрміну.
«Гэтая прэс-канферэнцыя не толькі для дэмакратычных сілаў, але і для Менску»
«І гэта, вядома, прыкра, што прайшло ўжо пяць гадоў, а жанчыны, на жаль, дагэтуль застаюцца за кратамі. І агулам – усе палітвязні. На гэты момант у турмах трымаюць 1189 чалавек», – кажа Алана Гебрэмарыям.

Стваральніца ініцыятывы «Палітвязынка» Яўгенія Доўгая нагадала, што палітзняволеныя Ганна Кандраценка і Тамара Каравай не пражылі на свабодзе і года (партрэты жанчын у чорных рамках стаяць на стале), а нядаўна з'явілася інфармацыя пра смерць яшчэ аднаго палітвязня, Валянціна Штэрмера.
«Мне цяжка казаць пра гэта, але такіх гісторыяў з часам будзе больш і больш, бо рэпрэсіі не спыняюцца. І мы мусім крычаць пра гэта, каб неяк спыніць. Як развязаць гэтае пытанне, асабіста я не ведаю. Мне здаецца, ніхто не ведае. Але я ўпэўненая, што мы мусім пра гэта пастаянна гаварыць. І гэтая прэс-канферэнцыя накіраваная не толькі на дэмакратычныя сілы, але і на Менск. Я спадзяюся, хтосьці нас пачуе. Інакш трагедыі будуць працягвацца», – упэўненая Яўгенія Доўгая.
Былая палітзняволеная журналістка Ксенія Луцкіна прыводзіць статыстыку: у 1980-х у СССР было толькі 12 палітзняволеных на 1 млн насельніцтва, у Расеі цяпер 3 палітвязні на 1 млн, а ў Беларусі на сёння 140 (на 1 мільён насельніцтва).
«Гэта не проста многа, гэта ўжо "зашквар"! Лік, які немагчыма сабе ўявіць», – кажа Ксенія Луцкіна.
«Мы не можам маўчаць. Мы мусім казаць, што ёсць праблемы, што сёння гэта ўжо тупік. Тупік для самога грамадства ў Беларусі, бо грамадства мусіць развівацца. Мусіць ісці працэс вызвалення людзей! Чым больш мы кажам пра людзей, чым больш даём голас людзям, якія яго не маюць, тым больш набліжаем іх да свабоды», – працягвае Ксенія Луцкіна.

«Яны цешацца, калі мы паміраем»
Былая палітычная зняволеная Ірына Шчасная прызнаецца, што выйшла на свабоду «іншым чалавекам».
«Любая папраўчая ўстанова ў Беларусі – гэта катавальня. І я выйшла адтуль іншым чалавекам. Трапіла туды здаровым чалавекам, а выйшла – вельмі хворая. І цяпер трэба дбаць пра тое, як захаваць здароўе дый увогуле – жыццё», – гаворыць Ірына Шчасная.
«Гэта здзек, гэта здзек з людзей. І, я лічу, усё гэта робіцца адмыслова. І прабачце: мне так падаецца, што ёсць у гэтым элемент садызму. Яны цешацца, калі нам дрэнна, калі мы хварэем, калі мы паміраем. І я шчыра скажу: я не ведаю, як гэта спыніць. Я не ведаю…» – у голасе экс-палітзняволенай гучыць разгубленасць.
Пытанне «Што рабіць, каб вызваліць палітвязняў?» гучыць так жа часта, як і некалькі дзён таму на акцыі «Шлях да волі» ў Варшаве. Тут, як заклён, паўтараецца слова «перамовы».
«Кожны дзень – думкі пра тых, хто за кратамі. Я разумею, што адразу ўсіх вызваліць у гэты момант немагчыма… Перамовы? Перамовы! Хоць па адным, хоць па два чалавекі выцягваць адтуль. Мне кажуць на гэта: ну і што – новых панасаджаюць. Дык іх і так панасаджаюць! Добра, выпусцілі 40 чалавек, яны ўжо не памруць за кратамі. Але гэта вельмі мала! І я лічу, што трэба выкарыстоўваць усе магчымасці, не станавіцца ў позу. Кулуарныя нейкія перамовы весці. Каб кожны змагаўся як можа і не перашкаджаў іншым», – гаворыць былая палітычная зняволеная («справа студэнтаў») і выкладчыца БДУІР Вольга Філатчанкава.

«Не казаць больш, што гэта немагчыма. Гэта магчыма!»
«А каму прыемна размаўляць з рэжымам? Нікому. Ні мне, ні вам, ні тым, хто нас слухае. Каму прыемна выбачаць, прызнаваць памылкі, браць на сябе адказнасць? Але нам трэба неадкладна займацца вызваленнем і не казаць больш, што гэта немагчыма. Гэта магчыма! Мы бачылі гэта па 10 хвалях вызваленняў. Гэта былі памілаванні, але гэта былі і абмены… Можа, яны і хацелі б вызваліць людзей і хочуць нейкіх саступак, але ніхто цяпер не гатовы ісці на гэтыя саступкі. А дыялог пачынаць трэба!» – уступае ў дыскусію Алана Гебрэмарыям.
Яна выказвае ўпэўненасць, што міжнародныя партнёры дэмакратычнай Беларусі маюць сілу для такіх перамоваў. Называе новага нунцыя Ватыкану ў Беларусі, новага Папу Рымскага Льва XIV, камісара ААН і Доналда Трампа. І дапускае, што людзей могуць выпусціць, напрыклад, у абмен на адмену санкцыяў у дачыненні «Белавіі».
«Зразумела, што гэта мусіць быць не гульня ў адну браму. Ніхто не хоча заставацца ў той сітуацыі, калі людзі застануцца сядзець, а санкцыі будуць адмененыя… Але цяпер мы мусім выратаваць гэтых людзей, якія застаюцца пяць гадоў у вязніцах», – падсумоўвае Алана Гебрэмарыям.
«Калі можна, я проста прадоўжу. Вось я сяджу перад вамі сёння, хай сабе дыстанцыйна, але ж я – выразны прыклад таго, што гэта магчыма. Бо ў мяне быў тэрмін 8 гадоў… І я лічу, што фактычна сёння адзіная надзея для людзей з вялікімі тэрмінамі – гэта нейкі дыялог, нейкія дыпламатычныя гандляванні, прабачце, як бы жудасна гэта ні гучала, фактычна гандаль людзьмі. Але гэта не гандаль – гэта выратаванне жыццяў! Гэта вельмі важна! Бо гэта ўжо пытанне жыцця і смерці», – сцвярджае Ксенія Луцкіна.
,,На думку Ксеніі Луцкіной, першым крокам з боку рэжыму для ўсталявання міру ўнутры краіны магла б быць амністыя для ўсіх «палітычных» з правам вяртання на радзіму ўсіх, хто выехаў з Беларусі. Гэта найлепшае, што могуць зрабіць улады ў тупіковай сітуацыі, у якой апынулася Беларусь, мяркуе былая палітзняволеная.
«Чаму вы не працягваеце нам руку?»
На прэс-канферэнцыі выступіў таксама муж палітзняволенай журналісткі TVP Ірыны Слаўнікавай, сябра ініцыятыўнай групы «Асацыяцыя сваякоў і колішніх палітвязняў "FreeBelarusPrisoners"» Аляксандр Лойка. На пытанне з залы, якой ён бачыць Беларусь у будучыні, Лойка заўважае, што Еўразвяз «не зрабіў ніякіх крокаў насустрач», хоць дыктатар спрабуе рабіць іх, вызваліўшы невялікімі групамі некалькі соцень асобаў. На погляд Аляксандра Лойкі, ЕЗ такім чынам «зачыняе Беларусь», пакідаючы ёй толькі адно выйсце – на ўсход.
«Чаму гэта адбываецца? Я, напрыклад, не разумею, чаму нельга было адкрыць той жа самы чыгуначны рух? Гэта ж не санкцыйныя пытанні, яго зачынілі падчас ковіду. Чаму нічога не робіцца насустрач? І я маю на ўвазе не ўладу Беларусі, а людзей, беларусаў, якія самі ад гэтага пакутуюць. Яны не могуць атрымаць візы і прыехаць сюды, каб пабачыць родных. Дык калі ў мяне пытаюцца, якой я хачу бачыць Беларусь, хацеў бы пераадрасаваць гэтае пытанне еўрапейскім палітыкам. Яны хочуць бачыць Беларусь часткай Расеі – ці ўсё ж часткай еўрапейскай сям'і? Калі еўрапейскай сямʼі – працягніце нам руку. Чаму вы нам не працягваеце руку? Чаму адштурхоўваеце нас?» – пытаецца Аляксандр Лойка.

Аляксандр Лойка сцвярджае: калі кажуць, што ніякіх кантактаў з тым бокам няма, гэта няпраўда – кантакты ёсць. Са словаў выступоўцы, ёсць запыт наконт таго, чаго менавіта хоча рэжым за вызваленне палітзняволеных і чаго хоча за спыненне рэпрэсіяў.
«Ёсць такое, ёсць, і мы ведаем, што трэба рабіць – нам не даюць гэтага рабіць. Еўрапейцы не хочуць гэтага рабіць, хоць мы ім прапаноўвалі», – кажа Аляксандр Лойка.
«Кожны жэст падтрымання – гэта крок да свабоды»
У Дзень палітвязня 21 траўня ў сеціве быў апублікаваны маніфест «Час вызвалення – цяпер», пад якім падпісаліся 15 праваабарончых арганізацыяў, у тым ліку Асацыяцыя сваякоў і колішніх палітвязняў «FreeBelarusPrisoners», праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларускі Хельсінкскі камітэт, Беларускі ПЭН, Беларуская асацыяцыя журналістаў ды іншыя.
«З 2024 года адбыўся шэраг памілаванняў і абменаў зняволенымі – у 2025 годзе гэты працэс працягнуўся. Агулам такім чынам былі вызваленыя больш за 300 палітвязняў да заканчэння іх тэрміну зняволення. Гэта даказвае: шляхі да вызвалення палітычных зняволеных існуюць! Мы перакананыя, што вызваленне ўсіх, каго трымаюць у зняволенні з палітычных матываў, магчымае. Цяпер настаў момант разглядзець і паслядоўна задзейнічаць усе даступныя шляхі, якія спрыяюць іх вызваленню, у тым ліку гуманітарныя перамовы і дыпламатычныя ініцыятывы», – гаворыцца ў маніфесце.

Аўтары маніфесту заклікаюць улады ў Беларусі «працягнуць і пашырыць працэс вызвалення, спыніць меры дыскрымінацыі палітычных зняволеных у месцах зняволення і забяспечыць шырокі доступ міжнародных назіральнікаў да зняволеных». Звяртаюцца і да дэмакратычнага ўраду Святланы Ціханоўскай – з заклікам зрабіць вызваленне палітзняволеных прыярытэтам і ўзаемадзейнічаць з уладамі ў Беларусі ў гуманітарных пытаннях, звязаных з вызваленнем палітвязняў.
Дзень салідарнасці з палітзняволенымі адзначаецца на знак памяці палітвязня Вітольда Ашурка, які загінуў 21 траўня 2021 года ў калоніі № 17. З таго часу ў турмах памерлі не менш за 7 асобаў, асуджаных з палітычных прычынаў.
«Падтрымліваць палітвязняў сёння – значыць захоўваць чалавечнасць у нечалавечых умовах. Кожны ліст, кожная згадка, кожны жэст падтрымання – гэта крок да свабоды. Гэта доказ таго, што салідарнасць жыве», – заклікаюць праваабаронцы.
Зміцер Міраш