Онлайн-галасаванне на выбарах у Каардынацыйную раду пачалося з DDoS-атакі


Галасаванне ў новы склад Каардынацыйнай рады стартавала апоўначы 25 траўня. Старшыня выбарчай камісіі Алена Прыходзька паведаміла пра напад на платформу «Belarus ID», праз якую можна прагаласаваць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Карына Пашко / Белсат

«Цяпер мы запускаем онлайн-галасаванне. І першае, з чым мы сутыкнуліся, – гэта з дастаткова вялікаю DDoS-атакаю, больш за 17 мільёнаў, размеркаванаю па розных геаграфічных пунктах, якая працягваецца цяпер. Вось такое вам афіцыйнае паведамленне. Можна сказаць, што першыя ў Беларусі дэмакратычныя выбары пачаліся з каласальнай яўкі, якая ўжо цяпер перавышае колькасць насялення Беларусі больш як удвая», – паведаміла Прыходзька ў тэлеграм-канале КР.

Галасаванне праходзіць 25–27 траўня. У выбарах у КР бяруць удзел 11 выбарчых спісаў. 24 траўня Выбарчая камісія пастанавіла зняць з выбараў у КР спіс «Закон і правапарадак» у якасці пакарання за выкарыстанне чат-бота плану «Перамога» для агітацыі.

Выбары ў КР
Як галасаваць на выбарах у Каардынацыйную раду. Праверылі бэта-версію праграмы
2024.05.20 07:23

Нагадаем, што ўвечары 21 траўня карыстальнікі Telegram, якія калісьці зарэгістраваліся ў плане «Перамога», масава атрымалі паведамленні з заклікам галасаваць за Аляксандра Азарава і ягоны спіс «Закон і правапарадак». Праз такія паведамленні маглі быць арыштаваныя беларусы ў краіне. У сваіх скаргах людзі патрабавалі ад камісіі адрэагаваць на гэта належным чынам. Абраная прэзідэнтка Святлана Ціханоўская 22 траўня заявіла, што Азарава пазбавілі доступу да бота плану.

Камісія ў справе выбараў у новы склад Каардынацыйнай рады 23 траўня прапанавала Аляксандру Азараву зняць сваю кандыдатуру з выбараў да 9:00 24 траўня, папярэдзіўшы, што інакш будзе зняты ўвесь спіс «Закон і правапарадак».

Выбарчы спіс «Закон і правапарадак» на выбарах у Каардынацыйную раду не стаў выключаць Аляксандра Азарава і апублікаваў у тэлеграм-канале арганізацыі «BYPOL» свой адказ.

Тэст
Выбары ўжо блізка. Прайдзі тэст і абяры свайго кандыдата ў Каардынацыйную раду
2024.05.23 10:06

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў