Акторка «Купалаўцаў» Гарцуева распавяла, як сябравала з Эйсмант – прэс-сакратаркай Лукашэнкі


У чарговым выпуску ток-шоў «Жыццё-маліна» Мікіты Мелказёрава колішняя акторка Купалаўскага тэатру і цяперашняя ўдзельніца «Купалаўцаў» Валянціна Гарцуева распавяла, што ва ўніверсітэце сябравала з Наталляй Эйсмант – будучай прэс-сакратаркай Аляксандра Лукашэнкі. 

Валянціна Гарцуева распавяла, што пазнаёмілася з Наталляй Эйсмант у студэнцкія часы – на другім курсе. Сышліся, бо ў абедзвюх быў складаны характар, сталі найлепшымі сяброўкамі, і ў тыя часы «не было нічога дрэннага». Гарцуева была нават сведкай на вяселлі Наталлі з Іванам Эйсмантам, які цяпер узначальвае «Белтэлерадыёкампанію».

На момант прызначэння Наталлі Эйсмант прэс-сакратаркай Аляксандра Лукашэнкі колішнія сяброўкі ўжо вельмі рэдка сустракаліся, бо па сканчэнні вучобы скончыліся і агульныя цікаўнасці. Апошні раз бачыліся ў 2019 годзе. Эйсмант, якая тады ўжо была прэс-сакратаркай Лукашэнкі, была на цырымоніі ўганаравання артыстаў, павіншавала Гарцуеву з атрыманнем медалю Скарыны.

Цяпер Гарцуева ўпэўненая, што ніколі не сустрэнецца з былой сяброўкай. На пытанне, што б сказала Наталлі Эйсмант пры сустрэчы, адказала:

«Калі ідзе размова пра злачынствы такога маштабу, то я не ведаю, што тут можна казаць. Гэты чалавек быў для мяне сябрам. Я памятала Наташу як чалавека, які ў цяжкую хвіліну дапаможа, якой можна патэлефанаваць ноччу, якому можна было даверыць сакрэты.

Я абсалютна нічога не ведаю і не зведаю пра чалавека, які з’яўляецца часткай рэжыму, які на гэты рэжым працуе і, магчыма, удзельнічаў у гвалце. Таму, прабачце, я не думаю, што калі-небудзь штосьці змагу ёй сказаць, нават паглядзець у вочы».

Наталлю Эйсмант падазраюць у саўдзеле ў забойстве Рамана Бандарэнкі на падставе запісаў ейных размоваў з сілавікамі.

Сярод іншага ў інтэрв’ю Гарцуева згадала, як здымалася ў «Працэсах» – серыяле «Белсату», дзе яна выканала ролю жонкі байца АМАП.

Таксама яна прапанавала выканаўцаў роляў беларускіх палітыкаў: Святлана ЦіханоўскаяВікторыя Бэкгэм або Хрысціна Дробыш, Павел ЛатушкаБэнэдыкт Камбэрбатч, Вадзім Пракоп’еўЛюк Эванс, Марыя КалеснікаваШарліз Тэран, Святлана АлексіевічДжудзі Дэнч, Валер СахашчыкІгар Сігоў, Віктар БабарыкаБрэндан ФрэйзэрУладзімір МакейАлег ГарбузНаталля Качанава – маці самой Гарцуевай. На ролю мастака і забітага ў няволі палітвязня Алеся Пушкіна яна прапанавала Мэса Мікельсэна, на ролю баскетбалісткі Кацярыны СныцінайМілу Ёвавіч, на ролю коміка Славы Камісаранкі – экс-прэм’ера Злучанага Каралеўства Борыса Джонсана, а ролю Мікалая Лукашэнкі яна прапанавала аддаць Раяну Гослінгу. Ролю спявачкі Маргарыты Ляўчук не змагла аддаць нікому акрамя самой Ляўчук.

Паглядзець на саму Гарцуеву ў якасці акторкі можна не толькі ў «Працэсах», а і ў пастаноўках «Купалаўцаў» і ў запісах гэтых спектакляў на Youtube-канале трупы. На тым канале, дарэчы, 25 траўня пакажуць прэм’еру праекту «Слова з-за кратаў».

Інтэрв’ю
«Беларусь перадусім». Вось што зразумеў Мікіта Мелказёраў пасля 77 вялікіх гутарак з беларусамі
2022.07.08 11:13

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў