Прысуд за бела-чырвона-белыя фіранкі і павелічэнне «спісу экстрэмістаў»


«Белсат» працягвае сачыць за рэпрэсіямі, якія штодня адбываюцца ў Беларусі.

БЧБ-фіранкі, якімі праводзіў пікет менчук у сваёй уласнай кватэры.
Фота: Вясна / Правы чалавека ў Беларусі / Telegram

У судзе Першамайскага раёна Менска 26 красавіка прайшоў суд над Вячаславам С. паводле артыкулу 24.23 КаАП («Несанкцыянаванае пікетаванне») за тое, што ён нібыта праводзіў пікет бела-чырвона-белымі фіранкамі на акне ўласнай кватэры. Суд прызначыў яму арышт у выглядзе трох содняў. Вядома, што на менчука паскардзіўся «неабыякавы грамадзянін». Вячаслаў спрабаваў аспрэчыць абвінавачанне, але суд пакінуў рашэнне ў сіле.

Палітвязню Аляксандру Гашнікаву, які зараз адбывае 14 гадоў пакарання па артыкулах за «здраду дзяржаве» і «стварэнне экстрэмісцкага фармавання і ўдзел у ім» па справе «Рабочага руху», хочуць узмацніць пакаранне. Аляксандр адбывае свой тэрмін у наваполацкай калоніі № 1. Ужо 28 траўня суд Наваполацка разгледзіць справу аб узмацненні палітвязню рэжыма ўтрымання. Па рашэнні суддзі Віталя Лапко Аляксандра могуць перавесці на турэмны рэжым.

Завочны суд над галоўным дарадцам Святланы Ціханоўскай Франакам Вячоркам адбудзецца 31 траўня. Пачатак а 10:30. Усяго Вячорку інкрымінуецца дзевяць артыкулаў Крымінальнага кодэкса.

24 траўня Міністэрства ўнутраных справаў чарговы раз абнавіла «Спіс экстрэмістаў». Гэтым разам у ім з’явіліся 42 новыя прозвішчы. Сярод іх, напрыклад, цяпер ёсць трыятланістка Валянціна Зелянкевіч, аўтарка лозунгу «Стоп таракан» Людміла Барэйка, асуджаны за «здраду дзяржаве» Ягор Краўчэня і палітвязень Ігар Чарнавусаў, якога асудзілі за стварэнне чату і падтрымку Украіны.

У рэдактара інтэрнэт-выдання «Витебский курьер news» Аляксандра Корнышава, які з 2020 года жыве за мяжой, у чарговы раз правялі ператрус. Па адрасе прапіскі Аляксандра зараз жывуць ягоныя бацькі.

Супраць праваабаронцы Алены Маслюковай было распачатае спецвядзенне. Па ейнай справе збіраюцца правесці завочны суд. Алену абвінавачваюць паводле ч. 1, ч. 2 арт. 361-4 КК («Садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці») і запрашаюць вярнуцца ў Беларусь, каб прыйсці ва Упраўленне следчага камітэту па Гомельскай вобласці.

У Горадні 26 лютага ў закрытым рэжыме прайшоў суд над беларусам Вадзімам Пацэнкам і грамадзянінам Расеі Аляксеем Куліковым. Мужчын абвінавачваюць паводле пяці артыкулаў Крымінальнага кодэкса, сярод якіх ёсць асабліва цяжкія – ч. 3 арт. 126 («Акт міжнароднага тэрарызму») і арт. 358-1 («Агентурная дзейнасць»). Вадзім Пацэнка быў асуджаны на 21 год калоніі, а Аляксей Кулікоў – да 23.

24 траўня сілавікі затрымалі мужчыну, што пакідаў негатыўныя каментары пад навіной пра смерць начальніка Ленінскага РАУС Берасця Дзмітрыя Каравякоўскага (памёр 13 красавіка 2024 года).

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў