Пуцін прыязджае ў Беларусь на два дні. Чаго чакаць ад візіту?


Уладзімір Пуцін прыязджае з афіцыйным візітам у Беларусь на 23–24 траўня. У другі дзень ён правядзе перамовы з Аляксандрам Лукашэнкам, паведамляе  БелТА.

Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін на перамовах у Крамлі
Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін на перамовах у Крамлі. Масква, Расея. 11 красавіка 2024 года.
Фота: Kremlin.ru

У Крамлі адзначаюць, што візіт адбудзецца паводле запрашэння Аляксандра Лукашэнкі.

«Перамовы заўтра пройдуць у Палацы Незалежнасці спачатку ў вузкім, а затым у пашыраным складах», – піша прэс-служба Лукашэнкі.

Заяўляецца, што будуць абмяркоўваць «стан і перспектывы развіцця ўсяго комплексу беларуска-расейскіх адносінаў»:

  • інтэграцыйны парадак дня і рэалізацыю пастановаў, прынятых Найвышэйшым дзяржаўным саветам Саюзнай дзяржавы;
  • палітычны дыялог;
  • прасоўванне супольных гандлёва-эканамічных і кааперацыйных праектаў;
  • умацаванне бяспекі;
  •  узаемадзеянне ў гуманітарнай сферы.

«У цэнтры ўвагі традыцыйна будуць таксама міжнародны парадак дня, абставіны ў рэгіёне, супольнае рэагаванне на выклікі і пагрозы», – працягвае прэс-служба.

Гэты візіт Уладзіміра Пуціна ў Менск выглядае нечаканым: ён папярэдне не анансаваўся, тым больш што Лукашэнка нядаўна сам быў у Маскве, удзельнічаў у парадзе 9 траўня. Што гэта азначае?

«Цяпер у Віцебску анансаваны Форум рэгіёнаў, дзе будуць прэзентавацца розныя прадпрыемствы. Таму такі візіт літаральна за некалькі дзён да гэтай падзеі я разглядала б як візіт супрацы ў ваенны час, хутчэй за ўсё, будуць абмяркоўвацца пастаўкі тавараў з беларускіх прадпрыемстваў у Расею. У Беларусі мае свае прадпрыемствы і Кітай. А Расеі цяпер шмат чаго не стае не толькі на фронце, але і ўнутры краіны», – кажа ў каментары «Белсату» паліталагіня Аліна Харысава.

Нядаўна Уладзімір Пуцін наведваў з візітам Кітай. На думку некаторых экспертаў, гэтая паездка была для яго правальнай. На думку Аліны Харысавай, цяпер Уладзімір Пуцін можа паспрабаваць дабрацца да Кітаю праз Беларусь і Аляксандра Лукашэнку.

«Калі паглядзець афіцыйны парадак дня цяперашняга візіту Пуціна, то там адзначана, што будуць абмяркоўвацца дарожныя мапы інтэграцыі. Але варта адзначыць, што такі парадак дня прапісваецца падчас кожнай сустрэчы Пуціна з Лукашэнкам. Калі і будуць прымацца нейкія сур’ёзныя пастановы наконт інтэграцыі ці нават анексіі, яны будуць адкладзеныя да нейкага важнага моманту ў гісторыі Расеі і Беларусі, напрыклад, перад выбарамі», – адзначае Аліна Харысава.

Нагадаем, апошні раз Пуцін быў у Беларусі ў лістападзе 2023 года. Ён прыязджаў на паседжанне Савету калектыўнай бяспекі (АДКБ). Тады прэм’ер-міністр Арменіі Нікол Пашыньян праігнараваў сустрэчу ў Менску.

Hавiны
Пуцін і Лукашэнка казалі, што хочуць перамоваў аб Украіне. А вайна працягваецца
2024.04.12 08:39

Арсен Рудэнка, Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў