Пасля перамогі на Адкрытым чэмпіянаце Аўстраліі журналісты спыталі беларускую тэнісістку Арыну Сабаленку пра нейтральны статус на турніры, піша Tribuna.com. Спачатку яна сказала, што не зразумела пытання, а потым заявіла: «Усе па-ранейшаму ведаюць, што я беларускі гулец, вось і ўсё».
На прэс-канферэнцыі пасля пераможнага для Арыны Сабаленкі фіналу «Australian Open» журналісты спыталі яе пра нейтральны статус на турніры. Tribuna.com перадае дыялог карэспандэнта і тэнісісткі:
– У пятніцу вы сказалі, што калі вы пераможаце, то скажаце, як гэта – перамагчы як нейтральны спартсмен. Я задаю гэтае пытанне зноў. Ці дзіўна гэта – перамагчы і не мець недзе свайго сцяга, не мець BLR на трафеі пасля свайго імя? Гэта нешта адбірае?
– Прабачце, я не зразумела пытання.
– Вам забаронена мець надпіс «Беларусь» дзе-небудзь на стадыёне.
– ОК.
– Цікава, ці адбірае гэта нешта ад таго, чаго вы дасягнулі, ці зменіць гэта нешта ўдома?
– Я думаю, што ўсе па-ранейшаму ведаюць, што я беларускі гулец. Вось і ўсё.
Сабаленка, як і Вікторыя Азаранка, якая вылецела з турніру ў паўфінале, выступала ў нейтральным статусе – праз суўдзел Беларусі ў расейскай агрэсіі. На кубку выгравіравалі імя пераможцы без пазначэння краіны.
Беларускае дзяржаўнае тэлебачанне зладзіла пірацкую трансляцыю фіналу, не маючы правоў на паказ: скарысталіся нядаўна ўхваленым законам аб шэрым імпарце. Падчас гульні ў эфір трапіў голас, відаць, рэжысёра, які нецэнзурна заклікаў каментатара крычаць у выпадку перамогі Сабаленкі.
Сёння ж для чэмпіёнкі зладзілі традыцыйную фотасесію. У бледна-ружовай сукенцы Сабаленка адкаркоўвала шампанскае і плавала з кубкам на гандоле ў батанічным садзе Мельбурну.
«Я ўсё яшчэ адчуваю сябе быццам на іншай планеце, спрабую зразумець, што толькі што адбылося. Гэта найлепшая раніца ў маім жыцці. Яна такая прыгожая», – цытуе спартсменку сайт wtatennis.com.
Сабаленка – падпісантка праўладнага ліста спартоўцаў. Раней Telegram-канал «Пул первого» запосціў відэа з радасным Аляксандрам Лукашэнкам, які выпіў кілішак нейкага напою з нагоды перамогі Сабаленкі разам з бізнесоўцам Сяргеем Цяцерыным. На стале перад імі ляжаў шпіц.
Сяргей Крот belsat.eu