Легалізацыя кантрабанды і бандытызм. Якія будуць наступствы шэрага імпарту для беларусаў?


Улады Беларусі ўзаконілі паралельны імпарт. Адпаведны закон апублікавалі на сайце Нацыянальнага прававога інтэрнэт-парталу. Гэтыя захады сапраўды дапамогуць пазбегнуць дэфіцыту, але якім коштам? Ці будзе з гэтага карысць звычайным грамадзянам? «Белсат» шукаў адказы ў юрыста Міхаіла Кірылюка і бізнесоўца Аляксандра Кныровіча.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Працаўнік мытні на беларуска-расейскай мяжы.
Фота: BelTA / TASS / Forum

Закон, які ўхваліў Аляксандр Лукашэнка, прадугледжвае магчымасць імпарту ў Беларусь прадукцыі без згоды вытворцаў і праваўладальнікаў. Гэта і камп’ютарныя праграмы, і фільмы, і музыка, а таксама тавары, «істотна важныя для ўнутранага рынку». Што тут маецца на ўвазе, пакуль не вядома: урад яшчэ мусіць вызначыць, што будзе лічыцца «істотна важнай» прадукцыяй і якія дзяржаўныя органы будуць складаць адпаведны спіс.

У законе таксама згадваецца ўзнагароджанне для праваўладальнікаў. Гэтыя грошы мяркуюць пералічваць на адмысловы банкаўскі рахунак патэнтнага органу. Калі праваўладальнік не звернецца па грошы цягам трох гадоў, то сродкі накіруюць у дзяржаўны бюджэт. Памер гэтага ўзнагароджання пазней вызначыць Савет Міністраў.

У законе паралельны імпарт абгрунтоўваецца мэтамі «развіцця інтэлектуальнага і духоўна-маральнага патэнцыялу грамадства, забеспячэння доступу да дасягненняў сусветнай культуры і падзеяў сучаснага жыцця, стварэння ўмоваў для лічбавага развіцця ды функцыянавання інфармацыйна-камунікацыйнай інфраструктуры», а таксама імкненнем перадухіліць дэфіцыт.

З-за вайны шмат якія кампаніі адмовіліся ад супрацы з Расеяй і Беларуссю і сышлі з рынкаў дзвюх краінаў, буйныя галівудскія студыі адмовіліся ад пракату сваіх стужак. Праект «Motolko.Help» налічыў 142 брэнды, што пакінулі Беларусь. Асобныя кампаніі быццам і засталіся, але не зусім: напрыклад, афіцыйныя крамы «Apple» дагэтуль у Менску працуюць, але новую мадэль iPhone, якую прэзентавалі ў верасні, у Беларусь не прывезлі.

Аніякай гарантыі і афіцыйнага рамонту

Юрыст, дарадца ў прававых пытаннях Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Міхаіл Кірылюк у размове з «Белсатам» назваў гэты закон легалізацыяй кантрабанды. Ён сказаў, што ў праваўладальнікаў ёсць механізмы, каб пакараць беларускую дзяржаву за шэры імпарт, але займацца гэтым ніхто не будзе.

«Рынак Беларусі сёння – менш за 9 мільёнаў не вельмі заможных спажыўцоў, плюс рэпутацыйныя рызыкі, плюс санкцыі. У агульным абʼёме продажу наш рынак можа складаць якіх-небудзь 0,5 %. Таму мы для іх не вельмі цікавыя. Адмыслова ніхто не будзе напружвацца, каб цалкам перакрыць кісларод і закрыць усялякую магчымасць набыць тое ж адзенне «Zara» ці «H&M», – мяркуе Кірылюк.

Ён адзначыў, што хаця ў беларусаў і будзе магчымасць купіць, напрыклад, новую мадэль iPhone, але пра гарантыю ці афіцыйны рамонт можна забыцца.

«Проста будуць вазіць у торбах – дый усё. Страціць ад гэтага, вядома, спажывец, бо тое, што завезена з парушэннямі правілаў вытворцы, не мае ніякай гарантыі, ніякай абароны, ніякіх вяртанняў, ніякіх страховак, заменаў, афіцыйнага рамонту і сэрвісу», – заўважыў юрыст.

Дачыненні атручаныя надоўга

Суразмоўца «Белсату» падкрэсліў, што «ўрад здаровай асобы» імкнецца да таго, каб кантрабанды не было, каб грамадзяне атрымлівалі якасны і бяспечны тавар і каб правы спажыўцоў былі абароненыя. Тады як у выпадку з паралельным імпартам павышаецца верагоднасць банальна набыць падробку.

Рэпартаж з польска-беларускай мяжы, памежны кантроль, праверка, грузавік, памежны пункт Баброўнікі на мяжы з Польшчай, транспартны кантроль, дальнабойнікі, вялікагрузы
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Чарга з фураў на польска-беларускай мяжы.
Фота: Саша Альтэр / Белсат

«Для цяперашняга ўраду, на жаль, актуальны не росквіт беларусаў, а тупа ўтрыманне ўлады. Фактычна, яны легалізуюць кантрабанду. Тады як нармальныя ўрады зацікаўленыя ў працы афіцыйных крамаў і дылераў. У інтарэсах саміх беларусаў дамагацца таго, каб атрымліваць на сваёй зямлі поўны сэрвіс усіх тавараў і паслуг, што прапаноўвае свет. На гэта трэба ствараць добрыя ўмовы, што з цяперашнім урадам наўрад ці магчыма», – канстатаваў Міхаіл Кірылюк.

На меркаванне Кірылюка, нелегальны імпарт надоўга атруціць дачыненні Беларусі з цывілізаваным светам: рэпутацыя бывае страшнейшая за санкцыі.

«Калі ты пад санкцыямі, але добрая рэпутацыя, могуць імкнуцца дапамагчы неяк. Калі ж ты маеш рэпутацыю піратаў, то нават калі санкцыі скасуюць, працаваць з табой яшчэ доўгі час не будуць. Рэпутацыйныя страты для эканомікі могуць быць горшымі за санкцыі. «McDonald’s» сышоў жа не праз санкцыі, а з-за рэпутацыі», – адзначыў юрыст.

Ён патлумачыў, што любы адмысловец міжнароднага кансалтынгу ў сваёй справаздачы цяпер напіша пра Беларусь: тут не ахоўваюць інтэлектуальнай уласнасці.

«З такіх справаздачаў інвестары робяць высновы, з кім працаваць і куды ўкладаць грошы. У выніку будуць прыходзіць інвестары, якіх гэта не пужае, накшталт братоў Карычаў. Гэты імідж Самалі – перспектыва для беларусаў на доўгі тэрмін», – падсумаваў Кірылюк.

Рана ці позна ўсе вернуцца

Бізнесовец Аляксандр Кныровіч у размове з «Белсатам» аказаўся аптымістам. Ён мяркуе, што пасля змены ўлады ў Беларусь абавязкова вернуцца ўсе брэнды, а пра кантрабанду і не ўспомняць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Гандлёвы цэнтр «Galleria Minsk» у Менску, Беларусь.
Фота: Белсат

«З аднаго боку, сапраўды, гэта парушэнне правоў, а з іншага: калі набудуць арыгінальны «Adidas»  у Турцыі ды прывязуць яго ў Беларусь – кампанія ўсё роўна ж атрымае прыбытак. У новай Беларусі ўсе гэтыя пытанні развяжуцца і застануцца ў мінулым. Гэта будуць перамовы, яны запатрабуюць нейкіх гарантыяў, але ўсё зводзіцца да даверу або недаверу да новай улады. Ва ўмовах дэмакратычнай Беларусі гэта будзе вельмі хуткі працэс, цягам года з усімі дамовімся», – упэўнены Кныровіч.

Ён, як сапраўдны прадпрымальнік, падкрэсліў, што галоўнае для бізнесу – зарабіць грошы.

«Бізнес – гэта не казіно. У казіно ў цябе ўзнікае эмацыйнае жаданне адыграцца пасля стратаў. Той жа менеджар галівудскай студыі, седзячы на перамовах у Менску, будзе разважаць у катэгорыі «ёсць магчымасць наступныя пяць гадоў зарабляць грошы». Ён захоча зарабіць, а не дазваляць далейшы крадзеж фільмаў», – разважае Кныровіч.

«Мы карсары»

Што да коштаў на тавары паралельнага імпарту, то яны, хутчэй за ўсё, будуць больш высокімі ў параўнанні з легальным завозам, бо зʼявяцца страты на дадатковае транспартаванне.

«Усё залежыць ад таго, адкуль будуць везці. Агулам, верагодна, будзе даражэй, бо пры паралельным імпарце будзе яшчэ адзін элемент у гандлёвым ланцужку, гэта плюс у сярэднім 10–15 %», – падлічыў суразмоўца «Белсату».

Кныровіч падсумаваў, што пастанова пра кантрабанду – натуральна, пірацтва, але пасля ўсяго, што нарабілі цяперашнія ўлады, не такое ўжо і жудаснае.

«Гэта бандытызм! Мы карсары. Мы ператварыліся ў невялікі пірацкі карабель. Ён такі гнілаваты ўжо, працякае, каманда змораная. Мы піраты, і гэта яшчэ адзін пірацкі ход. Пасля таго, што ўжо зроблена, – гэта такая драбніца, пасля, напрыклад, пасадкі «Boeing». Вось там мы праявілі сваю сапраўдную пірацкую натуру», – заўважыў бізнесовец.

Hавiны
У Беларусі ўзаконілі паралельны імпарт і пірацкі кантэнт
2023.01.06 10:40

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў