У Беларусі ўзаконілі паралельны імпарт і пірацкі кантэнт


Улады Беларусі легалізавалі ўвоз у краіну тавараў без згоды праваўладальніка. Таксама дазваляецца выкарыстоўваць інтэлектуальную прадукцыю і праграмнае забеспячэнне, здабытыя пірацкім шляхам. Пра гэта гаворыцца ў Законе № 241-З – аб абмежаванні выключных правоў на аб’екты інтэлектуальнай уласнасці, што апублікаваны 6 студзеня на Нацыянальным прававым партале. Дакумент мае дзеяць да канца 2024 года.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: president.gov.by

Закон дазваляе ўвоз і абарачэнне ў Беларусі тавараў, у якіх ужытыя аб’екты інтэлектуальнай уласнасці, без згоды праваўладальнікаў з замежных дзяржаваў, «калі такія тавары залучаныя ў пералік тавараў (групаў тавараў), істотна важных для ўнутранага рынку». Складаць такі спіс будуць дзяржаўныя органы, упаўнаважаныя на гэта Саветам Міністраў.

Пры гэтым такое выкарыстанне не прызнаецца парушэннем выключных правоў. Зроблена гэта «дзеля стварэння ўмоваў для павышэння ўнутранай устойлівасці эканомікі, перадухілення або змяншэння крытычнай нястачы на ўнутраным рынку харчовых ды іншых тавараў».

Таксама закон дазваляе выкарыстоўваць без дазволу аб’екты інтэлектуальнай уласнасці, калі праваўладальнік з «недружалюбнай» дзяржавы забараніў або не даў згоду на іх выкарыстанне ў нашай краіне. Гэтак пастанавілі «дзеля забеспячэння функцыянавання інфармацыйна-камунікацыйнай інфраструктуры, стварэння ўмоваў для лічбавага развіцця і павышэння ўзроўню інфармацыйнай бяспекі, развіцця інтэлектуальнага і духоўна-маральнага патэнцыялу грамадства».

У лік такіх аб’ектаў уваходзяць камп’ютарныя праграмы, фільмы, музычныя творы, тэле- і радыёпраграмы. Пералік праваўладальнікаў, якія звязаныя з дзяржавамі, што «здзяйсняюць недружалюбныя дзеянні» супраць Беларусі, таксама будуць складаць улады.

Тым не менш, плаціць за выкарыстанне аб’ектаў інтэлектуальнай уласнасці з «недружалюбных краінаў» у Беларусі ўсё ж давядзецца. Узнагароджанне будуць залічваць на рахунак патэнтнага органу і захоўваць там тры гады да запатрабавання праваўладальнікам. Патэнтны орган здолее пусціць толькі 20 % на пакрыццё сваіх расходаў, звязаных з улікам узнагароды і выплатай яго праваўладальніку. Калі праз тры гады грошы так і застануцца не запатрабаванымі, іх накіруюць у даход рэспубліканскага бюджэту.

З прыняццем гэтага закону адносна легалізацыі паралельнага імпарту Беларусь пайшла шляхам Расеі. Шмат якія кампаніі забаранілі ўвозіць сваю прадукцыю ў абедзве краіны з прычыны вайны супраць Украіны.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў