На што робіць стаўку Кітай у вайне Украіны і Расеі?


Кітай абяцае неўзабаве апублікаваць свае прапановы па мірнаму ўрэгуляванню канфлікту ва Украіне, але адбываецца гэта на фоне заяваў Злучаных Штатаў, што Пекін нібыта мае намер пастаўляць Расеі зброю. Belsat.eu разбіраўся ў асаблівасцях неадназначнай палітыкі Кітаю ў кантэксце расейска-украінскай вайны.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Уладзімір Пуцін прымае ўдзел у дыстанцыйнай двухбаковай сустрэчы з Сі Цзінь Пінам па відэасувязі. Масква, Расея. 30 снежня 2022 года.
Фота: Mikhail Klimentyev / Kremlin Pool / Zuma Press / Forum

Як Кітай паводзіў сябе цягам года 

Афіцыйная пазіцыя Пекіна адносна вайны ва Украіне – нейтралітэт. У сакавіку 2022-га падчас разгляду ў ААН рэзалюцыі з асуджэннем расейскай агрэсіі Кітай быў адной з 38 краінаў, якія ўстрымаліся. У сваіх публічных заявах цягам года прадстаўнікі афіцыйнага Пекіну выступалі «за мір і супраць вайны», не ставілі пад сумнеў тэрытарыяльную цэласнасць Украіны, але палітыку Крамля не асуджалі і не называлі агрэсію агрэсіяй. То бок рыторыка кітайцаў настолькі дваістая і неадназначная, што кожны з бакоў пры жаданні можа знайсці сігналы на сваю карысць.

Аўтарытэтныя заходнія выданні ўжо ў першыя тыдні вайны паведамлялі, што Расея звярнулася да Кітаю з просьбай аб вайсковай і эканамічнай дапамозе. Аднак гэта магло прывесці да ўвядзення санкцыяў супраць самога Кітаю. У пачатку ўварвання ў медыях з’яўлялася нямала інфармацыі аб тым, што кітайскі бізнес згортвае свае праекты на расейскім рынку і скарачае экспарт тэхналогіяў. Аднак у цэлым гандлёвым абарот КНР і РФ за год вырас на 29,3%, у асноўным за кошт расейскага імпарту энергарэсурсаў. У 2022-м Кітай пераўтварыўся ў найбуйнейшага імпарцёра расейскай нафты – пастаўкі выраслі на 8%. Праўда, мяркуючы па ўсім, рост аб’ёмаў суправаджаўся зніжэннем цэнаў: паводле медыяў, толькі з красавіка па ліпень расейская зніжка на нафту дазволіла Пекіну зэканоміць $3 млрд.

Паводле «The Washington Post», Сі Цзінь Пін паставіў перад сваімі памочнікам задачу знайсці спосабы дапамагчы Расеі, аднак зрабіць гэта так, каб самім не трапіць пад заходнія санкцыі. Мяркуючы па ўсім, гэтую задачу ў 2022 годзе ў цэлым можна лічыць выкананай. Супраца з Кітаем дазволіла Расеі часткова нівеляваць негатыўны эфект ад эканамічнага ціску ЗША і ЕЗ. Але Кітай зрабіў гэта з максімальнай выгадай для сябе і пры гэтым не стаў бокам канфлікту. Хаця некаторыя эксперты называюць цяперашні нейтралітэт Кітаю «прарасейскім».

Кітай дапаможа Расеі зброяй?

У пачатку 2023 году стала з’яўляцца інфармацыя аб тым, што насамрэч Кітай аказвае РФ больш сур’ёзную дапамогу, чым падавалася спачатку. Выданне «The Wall Street Journal» высветліла, што КНР пастаўляе Расеі тавары двайнога прызначэння: навігацыйнае абсталяванне, тэхналогіі падаўлення радыёсігналаў, а таксама дэталі для знішчальнікаў. Прадукцыю атрымліваюць расейскія дзяржаўныя абаронныя кампаніі, якія знаходзяцца пад санкцыямі Захаду. У канцы студзеня ЗША ўвялі абмежаванні супраць кітайскай кампаніі Spacety China, якая, па сцвярджэнні амерыканскага ўрада, перадавала «ПВК Вагнэра» спадарожнікавыя і зробленыя з дронаў здымкі, што дапамагалі расейцам весці баявыя дзеянні ва Украіне.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Стэнд Міністэрства абароны Кітая на жнівеньскім міжнародным ваенна-тэхнічным форуме «Армія-2022» у Маскве.
Фота: Komsomolskaya Pravda / Russian Look / Forum

У лютым 2023 года дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен заявіў, што ў амерыканскага боку ёсць сведчанні аб тым, што КНР накіроўвае РФ нелятальную вайсковую дапамогу. Паводле крыніцаў «NBC News» у адміністрацыі Байдэна, гаворка ідзе пра вайсковы рыштунак, у тым ліку бронекамізэлькі. Больш за тое, у Вашынгтоне маюць падставы меркаваць, што Пекін цяпер разважае над пашырэннем дапамогі Расеі – пастаўках зброі і боепрыпасаў.

«Мы вельмі занепакоеныя тым, што Кітай разглядае магчымасць аказання лятальнай падтрымкі Расеі ў яе агрэсіі супраць Украіны, і я ясна даў зразумець, што гэта будзе мець сурʼёзныя наступствы ў нашых адносінах, пра што прэзідэнт Байдэн таксама прама гаварыў з прэзідэнтам Сі некалькі разоў», – падкрэсліў Блінкен.

«The Wall Street Journal» піша, што па ацэнках амерыканскай выведкі, канчатковае рашэнне наконт паставак лятальнай зброі ў Пекіне яшчэ не прынятае. Каб перадухіліць эскалацыю, у Белым доме думаюць над тым, каб апублікаваць адпаведныя дадзеныя выведкі напярэдадні бліжэйшага паседжання Рады Бяспекі ААН.

Пекін адхіляе ўсе абвінавачванні Вашынгтона. Каментуючы словы Блінкена, у МЗС КНР заявілі, што насамрэч адносіны Масквы і Пекіна «заснаваны на прынцыпах недалучэння, неканфрантацыі і ненакіраванасці супраць трэцяга боку».

Мірны план Пекіна

На фоне гэтых заяваў 21-22 лютага адбыўся візіт у Маскву высокапастаўленага кітайскага дыпламата – кіраўніка канцылярыі па замежных справах ЦК Кампартыі Ван І. Ван І правёў двухбаковыя перамовы з Уладзімірам Пуціным, міністрам замежных справаў РФ Сяргеем Лаўровым і сакратаром Савету бяспекі Мікалаем Патрушавым. Пуцін падчас сустрэчы заявіў, што чакае ў Маскве кіраўніка КНР Сі Цзінь Піна, якога ён назваў «сваім сябрам». Паводле медыяў, візіт кітайскага лідара можа адбыцца вясной.

Публічна пра пашырэнне дапамогі Расеі, тым больш пра пастаўкі зброі, удзельнікі перамоваў не заяўлялі. Больш за тое, Ван І падчас сустрэчы ў Мюнхене з прадстаўніком Еўразвязу ў замежных справах Жузэпам Бурэлем заявіў, што Кітай не мае намеру пастаўляць зброю Расеі. Пацвердзілі гэта і ў Крамлі.

Ван І падчас сустржчы з міністрам замежных справаў РФ Сяргеем Лаўровым у Маскве. 22 лютага 2023 года.
Фота: POOL / Reuters / Forum

Падчас Мюнхенскай канферэнцыі па бяспецы Ван І заявіў, што Кітай неўзабаве апублікуе свае прапановы па мірнаму ўрэгуляванню канфлікту ва Украіне. Кітайскі дыпламат не распавёў пра дэталі гэтых прапановаў, але падкрэсліў, што яны былі складзены з улікам павагі да «суверэнітэту ўсіх краінаў». Паводле крыніцаў газеты «Коммерсант», дакумент можа быць апублікаваны ў гадавіну пачатку вайны, 24 лютага.

«The Wall Street Journal» піша, што будучы візіт у Маскву Сі Цзінь Пін выкарыстае для прасоўвання ініцыятывы Кітая па пераходзе да шматбаковых перамоваў з мэтай завяршэння вайны. Прычым перад гэтым старшыня КНР нібыта мае намер наведаць Еўразвяз.

Можа здацца, што спроба выступіць у ролі міратворца і дапамога Расеі супярэчаць адна адному. Аднак, хутчэй за ўсё, мірныя ініцыятывы Пекіна будуць у першую чаргу ўлічваць інтарэсы Масквы, а не Кіева.

Паводле звестак Bloomberg, кітайскія прапановы будуць уключаць у сябе патрабаванне спыніць агонь і пастаўкі заходняй зброі Украіне. Дэ-факта гэта сцэнар замарожвання канфлікту на ўмовах Крамля – то бок без вываду расейскіх войскаў з акупаваных тэрыторыяў. Такі падыход прынцыпова несумяшчальны ні з украінскай «формулай міру», ні з прынцыповай пазіцыяй Захаду наконт павагі да тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны. Аднак у Вашынгтоне мяркуюць, што кітайскія прапановы могуць падтрымаць тыя краіны ААН, якія адмовіліся далучацца да санкцыяў супраць Расеі.

Вайна ці мір?

Чаму Кітай актывізаваўся менавіта цяпер? Імаверна, ключавую ролю тут згулялі ваенныя правалы Расеі ва Украіне. Рэдактар кітайскай службы Бі-Бі-Сі Ховард Чжан адзначае, што «кітайскія праўрадавыя палітолагі ў прыватных гутарках кажуць, што расчараваныя і не могуць паверыць, што Пуцін мог пацярпець такую яўную няўдачу ва Украіне». Паводле Financial Times, Кітай ужо ў поўнай меры ўсведамляе верагоднасць таго, што Расея зазнае паразу ва Украіне і выйдзе з канфлікту «другараднай дзяржавай», значна аслабленай эканамічна і дыпламатычна на сусветнай арэне.

Аднак у разгроме Расеі і падзенні аўтарытарнага рэжыму кітайцы не зацікаўлены. У Пекіне з сімпатыяй ставяцца да пуцінскіх ідэяў шматпалярнага свету і зніжэння ўплыву ЗША ў сусветнай палітыцы. У гэтым пытанні КНР разглядае Расею як выгаднага партнёра, пры дапамозе якога можна аслабіць Захад. Перамога Украіны прывядзе да змены балансу сіл і дамінавання заходніх правілаў на міжнароднай арэне, што супярэчыць геапалітычным інтарэсам Пекіна. Таму кітайцы не хочуць дапусціць поўнай паразы Расеі.

У працягу вайны Кітай таксама не зацікаўлены. Па-першае, гэта кепска ўплывае на міжнародны гандаль. Па-другое, стварае напружанне ў дачыненнях з Захадам і спрыяе максімальнаму кансалідаванню ЗША і ЕЗ, пры тым што з Бруселем і Вашынгтонам кітайцы хочуць выбудоўваць дачыненні аўтаномна.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Жанчына глядзіць на рэкламны шчыт «Мы падтрымліваем Украіну» ля амбасады Канады ў Пекіне, Кітай. 2 сакавіка 2022 года.
Фота: Carlos Garcia Rawlins / Reuters / Forum

Безумоўна, Кітай успрымае ЗША як свайго асноўнага стратэгічнага канкурэнта і праціўніка. Але гэта зусім не значыць, што Пекін гатовы бяздумна пайсці на рэзкую эскалацыю. У вонкавай палітыкі КНР дамінуе прагматычны падыход, а жорсткая канфрантацыя з калектыўным Захадам пацягне за сабой вялізарныя эканамічныя і палітычныя страты. Рашэнне аб пастаўках зброі Расеі можа прывесці менавіта да такога катастрафічнага сцэнару. Таму маштабная вайсковая дапамога Расеі з боку Кітая вельмі малаімаверна – наўрад ці Пекін гатовы цяпер кардынальным чынам перагледзіць прынцыпы сваёй міжнароднай палітыкі.

З іншага боку сама пагроза паставак кітайскай зброі ў Расею павінна прымусіць некаторыя краіны Захаду задумацца над тым, каб усё ж замарозіць канфлікт ва Украіне, не рызыкуючы далейшай эскалацыяй. Таму цалкам магчыма што і «ўкіды» аб пастаўках зброі, і мірныя ініцыятывы – гэта ўсё часткі аднаго кітайскага сцэнара.

Імаверна, ідэальным варыянтам для Пекіну было б захаванне цяперашняга статус-кво. З аднаго боку, Расея будзе аслаблена вайной і санкцыямі, чым Кітай можа скарыстацца для павелічэнне свайго эканамічнага ўплыву на суседа. З іншага боку, Расея застанецца дастаткова моцнай, каб быць важным гульцом на міжнароднай арэне і дапамагаць Кітаю абмяжоўваць уплыў ЗША. Таму замарозка канфлікту ў цяперашні момант цалкам адпавядала бы стратэгічным інтарэсам Пекіну.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў