У Маскве 20 жніўня прайшлі перамовы паміж канцлерскай Нямеччыны Ангела Мэркель і прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным. Сярод іншага абмяркоўвалася і Беларусь, паведамляе ТАСС.
Пуцін адзначыў, што Мэркель на перамовах закранула тэму Беларусі. Ён таксама заявіў, што сітуацыя ў Беларусі павінна вырашацца выключна без умяшання звонку, хоць сам аказвае фінансавую і палітычную падтрымку Аляксандру Лукашэнку.
Ангела Мэркель выказалася пра сітуацыю і на мяжы Беларусі з Літвой.
«Я рэзка асудзіла выкарыстанне ў якасці гібрыднай зброі людзей, якія трапілі ў бяду», – сказала канцлерка Нямеччыны.
Пуцін адзначыў, што адной з прыярытэтных падчас перамоваў была тэма Афганістану. Ён дадаў, што трэба зыходзіць з рэалій таго, што талібы прыйшлі да ўлады ў Афганістане, каб не дапусціць развалу краіны.
Пуцін таксама спадзяецца, што талібы выканаюць свае абяцанні аб завяршэнні баявых дзеянняў, захаванні правоў грамадзян і іншаземцаў. Мэркель жа папрасіла яго звярнуць увагу ў перамовах з імі на пытанні гуманітарнай дапамогі.
Адносна сітуацыі ва Украіне Мэркель заявіла, што Нямеччына падтрымлівае тэрытарыяльную цэласнасць краіны. Яна таксама выказалася за падаўжэнне дамовы з Украінай аб транзіце расейскага газу пасля 2024 года. Пуцін жа папрасіў яе паўплываць на Кіеў.
Апроч таго, Мэркель назвала непрымальным прысуд Аляксею Навальнаму і заявіла, што лічыць, што яго трэба вызваліць. У адказ Пуцін сказаў, што Навальны асуджаны не за палітычную дзейнасць, а за крымінальныя правапарушэнні. Паводле яго, барацьба з карупцыяй не павінна выкарыстоўвацца як інструмент палітычнай барацьбы.
МГ belsat.eu