У Беларусі пачаліся сумесныя з Расеяй вучэнні. Наколькі вялікая пагроза Украіне?


16 студзеня ў Беларусі стартавалі чарговыя беларуска-расейскія вучэнні, якія будуць доўжыцца да лютага. Год таму акурат вучэнні на тэрыторыі Беларусі паслужылі прыкрыццём для перакідвання расейскіх войскаў, якія затым паспрабавалі «ўзяць Кіеў за тры дні». Ці варта цяпер баяцца вучэнняў? Карэспандэнты «Белсату» разбіраліся ў гэтым пытанні.

Фота ілюстрацыйнага характару.
Фота: Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь / Facebook

Як заявілі ў Міністэрстве абароны Беларусі, 16 студзеня стартавалі сумесныя лётна-тактычныя вучэнні авіяцыйных падраздзяленняў Беларусі і Расеі, якія ўваходзяць у склад рэгіянальнай групоўкі войскаў. Працягнуцца яны да 1 лютага.

«Галоўная мэта вучэнняў – павышэнне аператыўнай сумяшчальнасці пры сумесным выкананні вучэбна-баявых задачаў», – заяўляюць у беларускім ведамстве.

Падчас вучэнняў плануецца адпрацаваць:

  • вядзенне паветранай выведкі;
  • сумеснае патруляванне паветранай прасторы ўздоўж мяжы;
  • авіяцыйнае падтрыманне груповак войскаў;
  • высадку тактычнага паветранага дэсанту;
  • транспартаванне грузаў і эвакуацыю параненых.

Авіяцыйная актыўнасць у Беларусі павялічыцца

Расею на вучэннях рэпрэзентуе вайсковае фармаванне паветрана-касмічных сілаў (ПКС), выкарыстоўваюцца ўсе аэрадромы і палігоны вайскова-паветраных сілаў і войскаў супрацьпаветранай абароны Узброеных сілаў Беларусі. Паводле інфармацыі «Беларускага Гаюна», за апошнія дні ў Беларусь для ўдзелу ў вучэннях прыбылі 12 шрубалётаў і 8 знішчальнікаў ПКС Расеі, некаторыя з іх з сімволікай «Z». Таксама ў Баранавічы прыляталі чатыры вайскова-транспартныя самалёты.

«Прылёт новых знішчальнікаў ПКС РФ для вучэнняў указвае на іх маштаб. У найбліжэйшыя дні і тыдні варта чакаць значнага павелічэння авіяактыўнасці ў Беларусі, у першую чаргу на большасці аэрадромаў і палігонаў», – сказалі прадстаўнікі ініцыятывы «Беларускі Гаюн» у каментары «Белсату».

Пра тое ж, наколькі гэтыя вучэнні адрозніваюцца ад папярэдніх – колькасна і якасна, – «пакуль казаць рана, бо яны фактычна яшчэ нават не пачаліся».

«Неадкладнай пагрозы» няма

Акурат сумесныя вучэнні Беларусі і Расеі ў лютым 2022 года стварылі ўмовы для нападу з беларускай тэрыторыі на Кіеў. Аднак у справаздачы ваеннай выведкі Міністэрства абароны Вялікай Брытаніі гаворыцца, што Расея, верагодна, не будзе ажыццяўляць новых наступальных аперацыяў з беларускай тэрыторыі. Брытанскія выведнікі мяркуюць, што цяперашнія вучэнні «хутчэй за ўсё ёсць сапраўднымі вучэннямі, а не рыхтаваннем да якіх-небудзь дадатковых наступальных аперацыяў супраць Украіны». На іхную думку, расейская групоўка ў Беларусі не ўяўляе сабою надзейных наступальных сілаў, якія могуць удзельнічаць у новым уварванні.

Падобнай думкі прытрымліваюцца і апытаныя «Белсатам» украінскія вайсковыя эксперты. У прыватнасці, судырэктар праграмаў вонкавай палітыкі і міжнароднай бяспекі, каардынатар міжнародных праектаў Цэнтру Разумкова Аляксей Мельнік прызнаў, што любыя супольныя дзеянні Беларусі і Расеі на тэрыторыі Беларусі ўспрымаюцца ва Украіне як патэнцыйная пагроза. Аднак, паводле яго, пакуль казаць пра якую-небудзь «неадкладную пагрозу» не выпадае.

«Гэтыя канкрэтныя вучэнні, зыходзячы з маштабаў задзейнічаных сілаў, хутчэй за ўсё, не будуць мець працягу ў плане нейкай канкрэтнай аперацыі супраць Украіны», – заявіў ён.

Мельнік падкрэсліў, што «пакуль рана казаць не толькі пра стварэнне ўдарнай групоўкі, але і пра тое, што там ужо падрыхтаваныя і разгорнутыя нейкія штабы, камандныя структуры або створаныя дастатковыя лагістычныя запасы».

«Змяншэнне не толькі колькасці, але і якасці»

Як адзначыў вайскова-палітычны аглядальнік групы «Інфармацыйны супраціў» Аляксандр Каваленка, з Беларусі цяпер выводзяць нават тыя падраздзяленні расейскіх войскаў, якія некалькі месяцаў праходзілі навучанне на беларускіх палігонах і «якіх была недастатковая колькасць для фармавання ўдарнай групоўкі». Іх перакідваюць у Луганскую вобласць Украіны, «размазваючы тонкім слоем ад Старабільску да Слаўнага».

«Гэтыя падраздзяленні выкарыстоўваюцца перш за ўсё для таго, каб узмацніць групоўку на данбаскім плацдарме, а не для нейкіх наступальных дзеянняў. Замест іх завозяцца менш падрыхтаваныя, зусім сырыя падраздзяленні 6-й МСД шматпакутнага 3-га армейскага корпусу. Зноў-такі памяншэнне не толькі колькасці, але і наогул якасці саміх “мобікаў” [мабілізаваных. – Заўв. рэд.]», – распавёў Каваленка.

Беларускае вайсковае ведамства паведамляе, што адзін з механізаваных батальёнаў 120-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады выканаў шэраг мерапрыемстваў баявога рыхтавання. Крыніца: Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь / Facebook

На ягоную думку, не ўяўляе істотнай пагрозы і авіяцыя РФ, размешчаная ў Беларусі. Ракеты Х-59, якія могуць несці расейскія самалёты, не маюць «крытычна важнага значэння» для нанясення вырашальнай страты ў хадзе наступальных аперацыяў, а самі гэтыя знішчальнікі не валодаюць магчымасцю глыбокага заходу ў паветраную прастору Украіны і вельмі ўразлівыя да ўкраінскіх сродкаў СПА, падкрэсліў эксперт. І дадаў:

«Да ракетных абстрэлаў мы ўжо даўным-даўно прывыклі, і прадэманстраваць максімальны агнявы ціск на тэрыторыю Украіны яны ў такой колькасці і з такімі ўдарнымі магчымасцямі не змогуць».

«Эліты ўжо няма»

Каваленка адзначыў, што для нападу з беларускай тэрыторыі Расеі неабходна істотна нарасціць свае войскі ў Беларусі. Напрыклад, 24 лютага 2022 года з тэрыторыі Беларусі ва Украіну зайшлі да 40 тыс. чалавек асабовага складу расейскіх падраздзяленняў, уключаючы паветрана-дэсантныя войскі і спецназ.

«Пры ўсім належным рыхтаванні іх хапіла толькі на месяц. У канцы сакавіка яны ўжо беглі», – нагадаў эксперт.

Ён кажа, што для большага поспеху Расеі неабходна мець большую колькасць войскаў. Пры тым, што і ў існым складзе назіраецца значны недакамплект танкаў, БМП, РСЗА, артылерыі.

«Эліты ўжо няма. Ёсць толькі “мобікі”. Іх павінна быць у два-тры разы больш, чым эліты. Нават калі іх будзе 60–80 тысячаў, гэта колькасць, якая павінна быць сканцэнтраваная ў Беларусі. Размешчаная. Адразу іх туды загнаць не змогуць. То бок гэта будзе паступальнае нарошчванне кантынгенту», – заявіў аглядальнік.

Каваленка адзначыў, што рост колькасці расейскіх вайскоўцаў будзе азначаць павелічэнне пагрозы. Пакуль гэтага не адбываецца. І ў Расеі наўрад ці ёсць магутнасці і рэсурсы для ўтрымання асабовага складу на тэрыторыі Беларусі, падкрэсліў эксперт.

Новая пагроза – у верасні?

Амерыканскі інстытут вывучэння вайны (ISW) таксама ацэньвае хуткае наступленне як малаімаверны сцэнар. Але мяркуе, што Крэмль, «відаць, пашырыць расейскую вайсковую прысутнасць у Беларусі ў перыяд, які папярэднічае запланаваным буйным вучэнням (якія, магчыма, могуць падтрымаць баявую аперацыю) у верасні 2023 года».

У прыватнасці, Расея можа накіраваць дадатковыя сілы ў Беларусь у рамках вучэнняў «Захад-2023» і «Шчыт саюзу–2023». Акрамя таго, 12 студзеня ў Беларусь прыбыў галоўнакамандуючы сухапутнымі войскамі РФ Алег Салюкоў, які «можа быць прызначаны для стварэння камандна-кіраўнічых структураў, неабходных для расейскай аператыўна-ўдарнай групоўкі».

Здымак ілюстрацыйнага характару.
Фота: Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь / Facebook

Аднак, мяркуе Каваленка, да верасня яшчэ шмат што можа змяніцца і, «хутчэй за ўсё, расейскаму вайскова-палітычнаму кіраўніцтву будзе ўжо зусім не да вучэнняў». У цэлым жа, паводле яго, «сумнеўна, што Расея можа нарасціць сваю групоўку на тэрыторыі Беларусі да 80 тысячаў і задзейнічаць яе супраць Украіны».

У сваю чаргу Мельнік адзначыў, што ў выпадку пераносу вучэнняў «Захад-2023» на ранейшы тэрмін і пры наяўнасці прыкметаў інтэнсіўнага рыхтавання гэтыя вучэнні можна пераводзіць у разрад пагрозаў. Але ў найбліжэйшыя некалькі тыдняў імавернасць нападу з тэрыторыі Беларусі вельмі нізкая, дадаў ён.

Тым не менш, сказаў аглядальнік, Расея па-ранейшаму выкарыстоўвае Беларусь як мінімум для нанясення ракетных удараў і доступу да трэнавальных базаў ды інструктараў. І ў рамках інфармацыйна-псіхалагічнай аперацыі са спробай дэзынфармацыі ды стварэння імітацыі таго, што ў любы момант можа пачацца атака, што адцягвае рэзервы ўкраінскіх узброеных сілаў для блакавання наступу, «нават калі ён ацэньваецца як малаімаверны».

Макар Мыш /ІР belsat.eu

Стужка навінаў