Святара, які служыў паніхіду па Раману Бандарэнку, «перазатрымалі» шосты раз


Праваслаўнаму святару Уладзіславу Багамольнікаву шосты раз запар прызначылі адміністратыўны арышт. Гэтым разам ізноў на 15 содняў, паведамляе тэлеграм-канал «Хрысціянская візія».

Уладзіслаў Багамольнікаў.
Фота: minda.by

Уладзіслава Багамольнікава затрымалі 31 жніўня ўдома, падчас затрымання супрацоўнікі ГУБАЗіКу выламалі дзверы ў кватэру. На наступны дзень святару прысудзілі 14 содняў адміністратыўнага арышту. Ён мусіў выйсці 14 верасня, але быў складзены новы пратакол, дадалі яшчэ 15 содняў. Неўзабаве пасля другога арышту адбыўся трэці – зноў на 15 содняў. 14 кастрычніка, а пасля і 28 кастрычніка Уладзіславу прызначылі па 15 содняў арышту.

Агулам святар будзе зняволены 89 содняў – амаль тры месяцы, калі не асудзяць паводле новай справы.

Былыя сукамернікі адзначаюць, што настрой у Багамольнікава бадзёры, нягледзячы на тое, што цягам усяго часу яму не перадаюць перадачаў. Ён вядзе гутаркі з сукамернікамі, падтрымлівае іх. Вядома, што Уладзіслаў утрымліваецца на Акрэсціна ў складаных умовах, яму не стае элементарных сродкаў гігіены. Таксама вядома, што святар перахварэў у зняволенні на ковід.

Супраць Багамольнікава можа быць распачатая крымінальная справа паводле арт. 361-1 КК РБ («Стварэнне экстрэмісцкага фармавання ці ўдзел у яго дзейнасці»). Пра гэта паведамляў праваабарончы цэнтр «Вясна» са спасылкаю на праўладныя тэлеграм-каналы, якія паведамлялі, што святар быў падпісаны на «экстрэмісцкія» тэлеграм-каналы і дасылаў ім інфармацыю.

Таксама ў тэлеграм-каналах сілавікоў была інфармацыя, што ў Багамольнікава «ёсць шанец стаць падазраваным за спрыянне экстрэмісцкай дзейнасці ў шэрагу крымінальных справаў ці пабіць рэкорд у колькасці содняў адміністратыўнага затрымання».

Святар Уладзіслаў Багамольнікаў у 2020 годзе маліўся за Рамана Бандарэнку на Плошчы Пераменаў.
Фота: Праваабарончы цэнтр «Вясна»

Уладзіслаў Багамольнікаў – клірык прыходу менскага сабору Богаяўлення, сябра Епархіяльнага суда Менскай епархіі, выкладчык філасофіі ў Менскай духоўнай акадэміі. У 2020 годзе служыў літыю аб забітым Рамане Бандарэнку на плошчы Пераменаў і абвяшчаў галадоўку на знак салідарнасці з палітвязнем Ігарам Лосікам.

Гісторыі
«І пад’ехаў Рома на ровары…»  Шчымлівыя ўспаміны людзей, якія былі побач з Раманам Бандарэнкам
2022.11.12 08:00

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў