Што такое рэжым КТА і чым гэта пагражае беларусам


Міністр замежных справаў Уладзімір Макей паведаміў, што ў Беларусі ўведзены рэжым контртэрарыстычнай аперацыі (КТА). Імаверна, гэтае рашэнне было прынятае яшчэ на нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі 10 кастрычніка. Хаця ў Камітэце дзяржбяспекі увядзення КТА афіцыйна не пацвярджаюць. Belsat.eu разбіраўся, што азначае рэжым КТА і якія наступствы гэта можа мець для беларусаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Што было заяўлена

Заяву наконт увядзення рэжыму КТА Макей зрабіў у інтэрв’ю расейскаму выданню «Известия», якое было апублікаванае ў ноч на 14 кастрычніка.

«Кіраўнік нашай краіны правёў шэраг нарадаў з сілавымі структурамі, уведзены рэжым контртэрарыстычнай аперацыі. Сапраўды, была інфармацыя аб тым, што з боку асобных, сумежных дзяржаваў плануюцца правакацыі, звязаныя ледзь не з захопам асобных участкаў тэрыторыі Беларусі», – паведаміў міністр.

Словы Макея выклікалі вялікі рэзананс, бо раней пра ўвядзенне рэжыму КТА ніхто не заяўляў. Вядома, што ў памежным Ельску на гэтым тыдні падраздзяленні МУС і ўнутраных войскаў адпрацоўвалі барацьбу з дыверсантамі і незаконнымі ўзброенымі фармаваннямі. Але гэтыя мерапрыемства афіцыйна называліся «тактычна-спецыяльнымі вучэннямі», пра КТА размовы не было.

Раніцай 14 кастрычніка кіраўнік МЗС быў вымушаны выступіць з дадатковым тлумачэннем. Ён нагадаў, што Лукашэнка правёў шэраг сустрэчаў з кіраўніцтвам спецслужбаў і камандаваннем Узброеных сілаў, дзе абмяркоўвалася інфармацыя аб падрыхтоўцы «правакацыйных дзеянняў» у дачыненні Беларусі «з усіх магчымых кірункаў, акрамя ўсходняга».

«Было абвешчана, што ў сувязі з тым масівам інфармацыі, якая паступае звонку, адносна магчымых правакацыяў на прылеглай тэрыторыі нашай краіны (аж да таго, што была інфармацыя аб магчымай спробе правакацыйнага захопу асобных частак тэрыторыі Беларусі), было прынятае рашэнне ўвесці так званы рэжым контртэрарыстычнай аперацыі, што і было зроблена. У межах гэтага рэжыму ажыццяўляюцца ўзмоцнены кантроль за абстаноўкай, узмоцнены кантроль на вонкавым перыметры межаў», – заявіў Макей.

Імаверна, міністр меў на ўвазе нараду з сілавікамі 10 кастрычніка (пазней гэта адбыцца не магло, бо на наступны дзень Лукашэнка з’ехаў у Таджыкістан). Аднак падчас той сустрэчы ніхто пра «рэжым контртэрарыстычнай аперацыі» не казаў. Лукашэнка толькі загадаў КДБ «зрабіць усе неабходныя захады контртэрарыстычнага характару».

Але «захады контртэрарыстычнага характару» – агульная фармулёўка, якая можа ахопліваць самыя розныя захады спецслужбаў (у тым ліку тыя, што ніяк не закрануць звычайнага жыцця людзей). А КТА – гэта асаблівы прававы рэжым, які прапісаны ў заканадаўстве, і апрыёры прадугледжвае абмежаванне правоў грамадзянаў. 

Што прапісана ў законе

Прававы статус рэжыму КТА акрэслены законам «Аб барацьбе з тэрарызмам», прынятым у 2002 годзе. Паводле гэтага дакументу, пад КТА маюцца на ўвазе «спецыяльныя мерапрыемствы для спынення акту тэрарызму, мінімізацыі яго наступстваў, спынення дзейнасці незаконнага ўзброенага фармавання, якія праводзяцца ў мэтах абароны інтарэсаў дзяржавы, гарантавання бяспекі грамадзянаў і арганізацыяў, абясшкоджвання тэрарыстаў». КТА праводзіцца, «калі спыненне акту тэрарызму, дзейнасці незаконнага ўзброенага фармавання іншымі сіламі і спосабамі немагчымае».

Уголовный кодекс и Конституция Республики Беларусь
Крымінальны кодэкс і Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь.
Фота: Белсат

Адказным за гэта прызначаецца Камітэт дзяржбяспекі, які можа ствараць аператыўны штаб КТА (таксама рашэнне аб стварэнні штабу мае права прымаць Служба бяспекі прэзідэнта). Кіраўнік аператыўнага штабу мусіць вызначыць межы зоны КТА, дзе яму  будуць падпарадкоўвацца дзяржаўныя органы, арганізацыі і грамадзяне.

Важна, што КТА – гэта задача не толькі спецслужбаў. Да правядзення КТА могуць прыцягвацца Узброеныя сілы (арт. 11-1). Пры гэтым ніякіх абмежаванняў адносна выкарыстання салдатаў тэрміновай службы закон не прадугледжвае.

Некаторыя прапагандысты цяпер спрабуюць патлумачыць, што рэжым КТА нібыта датычыць толькі сілавікоў, але гэта хлусня. У закону «Аб барацьбе з тэрарызмам» ёсць арт. 13, які прадугледжвае асаблівы прававы статус у зоне КТА. Сілавікі ў зоне КТА могуць:

  • абмяжоўваць або забараняць рух транспарту і пешаходаў па вуліцах і дарогах, забараняць пропуск на асобныя ўчасткі мясцовасці або выдаляць з гэтых тэрыторыяў грамадзянаў;
  • затрымліваць грамадзянаў на тэрмін да трох гадзінаў у выпадку «несанкцыянаванага пранікнення або спробы пранікнення» ў зону КТА для ўстанаўлення мэтаў гэтых дзеянняў, а таксама затрымліваць грамадзянаў пры адсутнасці ў іх дакументаў;
  • у любы час содняў бесперашкодна ўваходзіць, а пры неабходнасці узломваць дзверы ў жытло грамадзянаў, у памяшканні або аб’екты дзяржаўных органаў і іншых арганізацыяў. Пры гэтым сілавікам не трэба мець ордару на ператрус – дастаткова будзе постфактум паведаміць пра гэта пракурору цягам 24 гадзінаў;
  • праводзіць асабісты дагляд грамадзянаў, іхных рэчаў і транспартных сродкаў пры праходзе (праездзе) у зону правядзення контртэрарыстычнай аперацыі;
  • выкарыстоўваць сродкі сувязі грамадзянаў і арганізацыяў, а таксама іхны транспарт;
  • рэгуляваць дзейнасць прадстаўнікоў СМІ ў зоне КТА.

КТА лічыцца завершанай, калі «акт тэрарызму, дзейнасць незаконнага ўзброенага фармавання спынены (спынены) і ліквідаваная пагроза жыццю і здароўю людзей». То бок фактычна КТА не абмежаваная часам.

«Асобы, якія ўдзельнічаюць у барацьбе з тэрарызмам, у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь вызваляюцца ад адказнасці за шкоду, прычыненую падчас правядзення контртэрарыстычнай аперацыі» (арт. 21 закону «Аб барацьбе з тэрарызмам»).

КТА – эўфемізм ці юрыдычная недакладнасць?

Сама сітуацыя, калі пра правядзенне КТА постфактум інфармуе кіраўнік МЗС, выглядае абсурдна. То бок атрымліваецца, што беларусы ўжо некалькі дзён афіцыйна жывуць у асаблівым прававым рэжыме, але іх нават не папярэдзілі пра гэта. Таксама паўстае пытанне: дзе межы зоны правядзення КТА? Распаўсюджваецца КТА на ўсю краіну або толькі на памежныя раёны? Пранікненне на якую тэрыторыю можа лічыцца несанкцыянаваным?

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Цікава, што акрамя Макея ніхто тэрмін «контртэрарыстычная аперацыя» так і не выкарыстаў. Ужо днём 14 кастрычніка Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі ўведзены «рэжым павышанай тэрарыстычнай небяспекі». У законе «Аб барацьбе з тэрарызмам» такога азначэння няма, таму адпаведна асаблівага прававога статусу гэты рэжым не прадугледжвае (адрозна ад КТА). 

У Камітэце дзяржаўнай бяспекі пакуль інфармацыю пра КТА не пацвярджаюць.

«На тэрыторыі Рэспублікі Беларусь контртэрарыстычная аперацыя не праводзілася і цяпер не праводзіцца. Інфармацыя, якая распаўсюджваецца ў інтэрнэце, носіць недакладны характар», – адзначыла крыніца агенцтва БелТА ў КДБ.

Варта адзначыць, што тэрмін «антытэрарыстычная» або «контртэрарыстычная» аперацыя часам ёсць юрыдычным эўфемізмам, каб не выкарыстоўваць тэрмін «вайна». Напрыклад, Другая чачэнская вайна, дзе загінулі дзясяткі тысячаў чалавек, афіцыйна называлася ў Расеі «контртэрарыстычнай аперацыяй». Вайна на Данбасе з 2014 да 2022 года ва Украіне называлася «антытэрарыстычнай аперацыяй».

Размовы пра КТА ў Беларусі ідуць на фоне разгортвання супольнай расейска-беларускай групоўкі войскаў, што можа быць падрыхтоўкай да ўступлення краіны ў вайну супраць Украіны. 

Аналітыка
Хроніка эскалацыі. Як рэжым Лукашэнкі рыхтуецца да магчымага ўступлення ў вайну
2022.10.13 08:30

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў