Міжнародны крымінальны суд у Гаазе пачне разгляд справаў аб ваенных злачынствах Расеі


Міжнародны крымінальны суд у Гаазе разгледзіць дзве справы аб ваенных злачынствах Расеі, а менавіта – аб выкраданні ўкраінскіх дзяцей і наўмысным нанясенні ўдараў па грамадзянскай інфраструктуры Украіны, паведамляе The New York Times са спасылкай на ўласныя крыніцы.

Міжнародны крымінальны суд у Гаазе.
Фота: Anadolu Agency

Дакладна не вызначана, каму будуць выстаўленыя абвінавачванні. Некаторыя эксперты і дыпламаты лічаць, што гэта можа быць асабіста Уладзімір Пуцін, бо Гаагскі суд не прызнае імунітэт кіраўніка дзяржавы ў справах, звязаных з ваеннымі злачынствамі. Аднак верагоднасць рэальнага судовага працэсу ў дачыненні да прэзідэнта Расеі вельмі малая, бо Міжнародны крымінальны суд не выносіць выракі завочна.

Перад пачаткам разгляду справаў галоўны пракурор Гаагскага суду Карым Хан павінен прадставіць дасудовай калегіі суддзяў свае аргументы. Дасудовая калегія будзе вырашаць, ці былі захаваныя прававыя стандарты для выдачы ордараў на арышт падазраваных,ці следчым спатрэбяцца дадатковыя доказы.

У сярэдзіне лютага ўпаўнаважаны Вярхоўнай рады Украіны па правах чалавека Дзмітрый Лубянец казаў, што за час вайны на тэрыторыю Расеі маглі вывезці каля 150 тысячаў дзяцей. З іх асобы 16 тысячаў украінскі бок вызначыў. А ў сумесным дакладзе Ельскага ўніверсітэту і Праграмы назірання за канфліктамі Дзярждэпартаменту ЗША гаворыцца, што ў 43 расейскіх лагерах утрымліваюцца як мінімум шэсць тысячаў украінскіх дзяцей. Аўтары зазначаюць, што рэальная лічба можа быць значна большай.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў