Ці не перадумалі ў Беларусі паказваць чэмпіянат Еўропы па футболе? Калі пакажуць, будуць санкцыі


Групавы этап чэмпіянату Еўропы па футболе стартуе 14 чэрвеня матчам Нямеччына – Славаччына ў Мюнхэне. У праграме перадач беларускіх дзяржаўных тэлеканалаў пакуль няма паказаў «Еўра-2024», хоць улады дазволілі пірацтва агулам і паказ гэтых гульняў у прыватнасці. Калі пакажуць пірацкую трансляцыю, беларускія футбольныя арганізацыі могуць страціць фінансаванне.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Зборная Беларусі (у светла-зялёнай форме) згуляла ў нічыю са зборнай Андоры на адборы на «Еўра-2024», не прайшла ў групавы этап. Андора-ля-Вэлля, Андора. 9 верасня 2024 года.
Фота: Abff.by

У праграме перадачаў спартовага каналу «Беларусь-5» на наступны тыдзень запланаваныя паказы чэмпіянату Беларусі па футболе і Кубку еўрапейскіх чэмпіёнаў у пляжным футболе. Паказаў «Еўра-2024» яшчэ не анансуюць.

Замежныя выданні нагадваюць, што і не варта. Так, канадская «Daily Wrap» звяртае ўвагу на тое, што БТ не мае правоў на трансляцыі і знаходзіцца пад санкцыямі, а Беларусь не мае прыватных тэлекампаніяў, якія маглі б набыць такія правы. Звяз еўрапейскіх футбольных асацыяцыяў (UEFA) пагражаў пазбавіць фінансавання беларускія футбольныя арганізацыі – Федэрацыю футболу і футбольныя клубы. А пры замежным падтрыманні зборная Беларусі якраз нядаўна атрымала новую форму.

Міністэрства інфармацыі Беларусі 19 красавіка 2024 года узгадніла  распаўсюд без дазволу трансляцыяў UEFA, раней у спісе дазволеных ахвяраў пірацтва ўжо была Міжнародная федэрацыя футболу (FIFA). 5 чэрвеня ўдакладнілі: можна красці паказы матчаў «Еўра-2024», Лігі нацыяў і таварыскія гульні з удзелам зборнай Беларусі, а таксама чэмпіянат свету па пляжным футболе.

Пірацкія трансляцыі паказвалі ў Беларусі і раней – закон «Аб абмежаванні выключных правоў на аб’екты інтэлектуальнай уласнасці» 2023 года дазволіў крадзеж інтэлектуальнай уласнасці, калі праваўладальнік паходзіць з «несяброўскай краіны».

Меркаванні
Можна браць чужую ўласнасць і распараджацца ёй на ўласнае меркаванне?
2024.04.24 16:38

Ці сапраўды БТ пакажа «Еўра-2024», яшчэ невядома. У праграме перадачаў на наступны тыдзень «Еўра-2024» яшчэ не анансавалі. Але таксама не анансавалі загадзя паказаў таварыскага матчу Беларусь – Расея, а ў апошні момант здумалі паказаць на «Беларусь-5». Праўда, беларусам лепш было б гэтага не бачыць: зборная Беларусі на хатнім полі зазнала разгромную паразу 0:4. Заўзятары параўноўвалі беларускую зборную са зборнай мікраскапічнай рэспублікі Сан-Марына.

Легальна паглядзець міжнародны футбол беларусы могуць на расейскім канале «Матч ТВ» (фармальна прыватным, фактычна дзяржаўным) і на расейскім інтэрнэт-сэрвісе «Okko».

FIFA ацэньвае зборную Беларусі вышэй –  ставіць  на 96-е месца ў свеце, між Арменіяй і Бэнінам, тады як Сан-Марына – на апошнім 210-м. Праўда, на «Еўра-2024» Беларусь не прайшла: зборная ў адборачным этапе змагла толькі двойчы перамагчы Косава і адзін раз Андору, тройчы згуляла ў нічыю і атрымала чатыры паразы.

Надзеі на моладзь прывідныя: учора зборная U-21 прайграла ў таварыскім матчы Мальце. Апошні раз моладзевая зборная выходзіла ў групавы этап Чэмпіянату Еўропы аж у 2011 годзе і тады заняла трэцяе месца. Але ў адборы на моладзевае «Еўра-2025» прайграла нават Фарэрам.

Каментар
Якія чаканні ад «Еўра-2024»? Запыталі ў знаных беларусаў
2024.06.09 09:00

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў