Вернікі 15-ы раз пайшлі ў пілігрымку да закрытага касцёлу ў Рагачове


Неагатычны касцёл святога Антонія Падуанскага ў Рагачове пустуе амаль сотню гадоў. 8 чэрвеня вернікі ўжо пятнаццаты раз прайшлі да яго пешую пілігрымку, расказвае Katolik.life. Сем дзясяткаў чалавек змаглі пабачыць, як касцёл выглядае ўсярэдзіне.

Біскуп Казімір Велікаселец вітае пілігрымаў пад касцёлам святога Антонія Падуанскага. Рагачоў, Беларусь. 8 чэрвеня 2024 года.
Фота: Новости Рогачёва / VK

Пешую 25-кіламетровую вандроўку ладзяць да дня памяці святога Антонія, у гонар якога быў названы касцёл. Сёлета пілігрымка сабрала рэкордную колькасць удзельнікаў: звыш 70 чалавек, удвая больш, чым у  мінулыя гады. Вернікі былі са Жлобіну, Менску, Гомля, Светлагорска, Нароўлі. Ля касцёлу іх вітаў біскуп Казімір Велікаселец.

«Ужо 15-ы раз штогод мы ідзём з малітвай-просьбай аб аднаўленні храму ў Рагачове і, вядома, аб маральна-духоўным жыцці ў нашым горадзе сярод усіх хрысціянаў», – адзначыў пробашч парафіі святога Казіміра ў Жлобіне ксёндз Алег Грыгаровіч.

Пілігрымам далі магчымасць зайсці ў храм, які не дзейнічае ўжо амаль сотню гадоў, і паглядзець на працэс аднаўлення.

Новы неагатычны касцёл адчыніў свае дзверы ў Рагачове ў 1912 годзе, ён стаіць на месцы колішняга драўлянага касцёлу, які быў адкрыты яшчэ ў 1783-м і закрыты расейскімі імперскімі ўладамі пасля паўстання Каліноўскага. Касцёл дзейнічаў да 1930-х. Бальшавікі перарабілі яго ў склад збожжа, затым у цэх вытворчасці напояў і марозіва. У 1940 годзе касцёл перажыў пажар, а ў Другую сусветную вайну, падчас вызвалення гораду ад нацыстаў, у яго трапілі некалькі снарадаў. Пасля вайны ў паўразбураным будынку быў размешчаны  пажарны пост, затым былы касцёл аддалі хлебазаводу. Ад 1970-х будынак пуставаў.

Пытанне аб аднаўленні касцёлу ўздымалі з часоў савецкай перабудовы. У 2000 годзе Рагачоў наведаў кардынал Казімір Свёнтэк, будынак перадалі мясцовай каталіцкай грамадзе. У 2003 годзе пачаліся рэстаўрацыйныя працы, удалося аднавіць сцены і дах. Але працэс зацягнуўся праз працу з дакументацыяй (будынак занесены ў спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў) і адсутнасць фінансавання – на аднаўленне святыні грошы збіраюць самі вернікі.

Hавiны
У Ляхавічах прымушалі падпісвацца супраць званоў касцёлу. Тых, хто адмаўляўся, называлі «пшэкамі»
2024.01.12 21:18

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў