Якія чаканні ад «Еўра-2024»? Запыталі ў знаных беларусаў


Ужо праз тыдзень, 14 чэрвеня, гульнёю Нямеччына – Шатландыя стартуе фінальны турнір чэмпіянату Еўропы па футболе. Нас чакае цэлы месяц цудоўнага футболу. Мы запыталі ў знаных беларусаў, чаго яны чакаюць ад гэтага спартовага свята, за якія зборныя будуць заўзець ды хто, на іхную думку, галоўны фаварыт «Еўра-2024» і чаму.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Берлінскі алімпійскі стадыён, дзе пройдзе фінальны турнір чэмпіянату Еўропы па футболе. Берлін, Нямеччына. 7 чэрвеня 2024 года.
Фота: O.Behrendt / Imago Sport and News / East News

Яўген Вяроўка, галоўны трэнер ФК «Gwiazdowia», былы гулец моладзевай зборнай Беларусі:

«Ад «Еўра» я чакаю трэнерскіх супрацьстаянняў. Гульцы ў топ-10 камандаў вельмі моцныя, і тут на першы план выйдзе трэнерская праца ды жаданне гульцоў працаваць на дасягненне агульнай мэты. Можна прывесці прыклад зборнай Аргентыны на апошнім чэмпіянаце свету. У Еўропе аддаю перавагу італьянцам, іхная эмацыйнасць, захопленасць дорага каштуе. Плюс я гляджу футбол з пазіцыі трэнерскіх навацыяў ці падыходаў, і Італія заўсёды, як бы ні выступіла, а пытанне ў тым, што гульцы ў складзе зборнай Італіі не заўсёды прадстаўляюць грандаў, увасабляе тактычную вывучку ды інавацыі.

Галоўны фаварыт – я лічу, Францыя Дэшама, Партугалія з вялікім Раналду і Англія Саўтгейта. Францыя – гэта суперсбалансаваны склад з вялікім патэнцыялам у плане ракіровак магчымасцяў складу пад канкрэтныя схемы плюс Мбапэ. Англія – гэта россып маладых гульцоў, як ужо топавыя Фоўдэн і Бэлінгэм. Акрамя таго, камандаю кіруе выдатны трэнер, і таму, думаю, Англія можа прайсці далёка.

Партугалія – ценявы фаварыт, не ведаю магчымасцяў трэнерскага штабу. Бельгія Марцінэса мяне ніколі не пераконвала ў вялікіх матчах.

Склад вельмі магутны, калі трэнер зможа ўбудаваць Раналду ў гэтую канструкцыю, і яны згуртуюцца вакол яго, як аргентынцы з Мэсі, тады гэта мае фаварыты. Але ўсё ж стаўлю на Францыю, але футбол мы любім за сюрпрызы».

Мікалай Халезін, сузаснавальнік беларускага Свабоднага тэатру, чалец ордэну Брытанскай імперыі, рэжысёр, драматург:

«Заўзець буду за Англію, а перажываць – за Украіну і Партугалію. На маю думку, галоўныя фаварыты – Англія, Нямеччына, Францыя, Іспанія і Партугалія. І зараз патлумачу чаму. Англія – ​​бо склад рэальна фантастычны паводле сілы і балансу.

Нямеччына – бо Нагельсман можа ўдыхнуць энергію практычна ў любы склад, і асабліва ў такі дасведчаны ды рознабакова моцны. Францыя – выключна на функцыянале Мбапэ, што ёсць як моцным, так адначасова і слабым бокам. Іспанія – за кошт моцнай абароны і ўмення навязаць сваю мадэль гульні, але ў іх здараюцца правалы пад настрой. Партугалія – ​​традыцыйна здолее інтрыгаваць, але, думаю, не хопіць сілаў на стабільны поўны «забег».

Запись новогоднего поздравления Светланы Тихановской на 2022 год, Николай Халезин
Сузаснавальнік беларускага Свабоднага тэатру Мікалай Халезін. Вільня, Літва. 22 снежня 2021 года.
Фота: Белсат

Аляксандр Апейкін, выканаўчы дырэктар Беларускага фонду спартовай салідарнасці:

«Чэмпіянат Еўропы па футболе абяцае быць даволі цікавым турнірам. Зборная Нямеччыны, будучы гаспадаром турніру, мае не толькі перавагу хатніх сценаў, але і трапіла ў адносна нескладаную групу, што павялічвае шанцы на паспяховы выступ. Думаю, немцаў будуць «цягнуць» максімальна, бо гэта і маркетынг, і тэлевізійныя прагляды. Англію, якая прадэманстравала значны рост і ўмацаванне складу за апошнія гады, таксама лічу адным з фаварытаў турніру. Упэўнены, што як мінімум яны дойдуць да паўфіналу, улічваючы нядаўнія поспехі і прахадную групу на першым этапе. Партугалія таксама выглядае моцным прэтэндэнтам на высокія дасягненні. У іх збалансаваны і дасведчаны склад, а моцны нацыянальны чэмпіянат спрыяе развіццю і падтрыманню высокага ўзроўню гульні. Францыя, нягледзячы на наяўнасць таленавітых гульцоў, сутыкаецца з пэўнаю нявызначанасцю. Праблемы з ужо сталым узростам ключавых гульцоў могуць паўплываць на іхныя шанцы. Я сказаў бы, што выступленне французаў можа стацца загадкаю турніру, з патэнцыялам як для поспеху, так і для нечаканых няўдачаў. У цэлым турнір абяцае быць вельмі захапляльным, з некалькімі камандамі, здольнымі пазмагацца за тытул, і магчымасцямі для сюрпрызаў ды нечаканых паваротаў падзеяў. Ясна, што ўласна я буду заўзець за зборную Украіны».

Марыя Садоўская-Камлач, журналістка-міжнародніца:

«Найперш чакаю цікавага і якаснага футболу. Еўрапейскія зборныя даволі моцныя, і сярод іх ёсць дастаткова кандыдатаў на нечаканага пераможцу. Хацелася б пабачыць добрую гульню не толькі маладых новых талентаў, але і ветэранаў, напрыклад, гульца нямецкай зборнай Тоні Крооса, які ўжо аб’явіў, што гэта ягоны апошні вялікі турнір. Вяртанне ўзроставых гульцоў на вялікія пляцоўкі паказвае, што хуткасць і вынослівасць – гэта толькі частка поспеху, але досвед грае не меншую ролю.

Выбар, за якія каманды перажываць, зрабіць лёгка: за ўсе, дзе будуць гульцы лонданскага «Арсеналу», за які я заўзею амаль 15 гадоў. Пакуль, апроч Англіі, гэта дакладна зборныя Францыі, Бельгіі і Украіны, але таксама захоўваюцца шанцы на залучэнне ў склад іншых зборных – дакладна будзем ведаць у пятніцу ўвечары.

Букмекеры прарочаць найбольшыя шанцы зборнай Англіі, але невядома, ці камп’ютарам, якія робяць вылічэнні, апавялі аб «праклёне Гэры Кейна»: калі гэты гулец – у складзе любой каманды, то яе шанцы здабыць першае месца рэзка паніжаюцца. Але я б не скідвала з рахунку Францыі ды Італіі».

Аляксандр Івулін, блогер, журналіст, футбаліст, былы палітвязень:

«Ад «Еўра-2024» чакаю класных яскравых гульняў, крутога відовішча, і каб гэта ўсё было вельмі цікава і крута. А галоўнае – чакаю футбольнай прыгажосці. Я буду перажываць за зборную Украіны, бо гэта вельмі цікавая каманда. У іх ідзе змена пакалення, і цяпер ва Украіне вельмі таленавітае і класнае пакаленне гульцоў, якія гуляюць у топ-чэмпіянатах, яны маладыя, гэта амбітная каманда, таму мне яны падабаюцца. Пакуль нашыя футбалісты не маглі трапіць на топ-турнір, я ўвесь час заўзеў за суседа, і цяпер ізноў так зраблю. І таксама цікава будзе паназіраць за зборнай Грузіі, якая ўпершыню ў сваёй гісторыі трапіла ў фінальны турнір чэмпіянату Еўропы, на топ-турнір. І мы бачым, што футбол у Грузіі развіваецца, а ў Беларусі – не. Яшчэ раз адзначу: мае сімпатыі – на баку Украіны і Грузіі. Штучны інтэлект усё прааналізаваў, і, паводле яго, галоўныя фаварыты – Англія і Францыя. Ну, вядома, у Англіі вельмі круты ростэр. Бэлінгэм у вельмі класнай форме. І на мінулым «Еўра» ім крыху не хапіла, каб перамагчы ў турніры, таму і мне здаецца, што Англія – галоўны фаварыт, на другім месцы – Францыя, бо ў яе добры досвед гульні ў вялікіх гульнях і турнірах, яны ведаюць, як у іх перамагаць. І, безумоўна, гаспадары турніру – немцы, якія гуляюць у сябе ўдома, а, як кажуць у народзе, у такім выпадку і сцены дапамагаюць, таму для мяне яны ў топе фаварытаў, пасля англічанаў і французаў».

Палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў. Варшава, Польшча. 24 студзень 2023 года.
Фота: Саша Альтэр / Белсат

Віталь Цыганкоў, палітычны аглядальнік, вядоўца праграмы «Двубой» на «Белсаце»:

«У мяне стаўленне да такіх вялікіх футбольных падзеяў, можа быць, не зусім такое, як у большасці людзей. Я рэдка калі заўзею за нейкую канкрэтную каманду, якая мне падабаецца, і рэдка калі заўзею паводле палітычных ці ідэйных сімпатыяў да суседніх краінаў. Я заўзею за чыста прыгожы футбол, за тое, каб перамагла найлепшая каманда, і пры гэтым пажадана, каб яна найлепш гуляла ў футбол, паказвала прыгожы і атакоўны футбол. Напрыклад, як зборная Нямеччыны, якая ў паўфінале чэмпіянату свету – 2014 вынесла зборную Бразіліі з лікам 7:1, такая каманда найбольш заслугоўвала чэмпіёнства. На гэтым чэмпіянаце я бачу тых жа фаварытаў, што і букмекеры, і спецыялісты: гэта Англія, Францыя, я б яшчэ дадаў Іспанію і Партугалію.

Не зважаючы на хатні чэмпіянат, не лічу фаварытам Нямеччыну, бо не бачу ў складзе нейкіх суперзорак, не бачу добрых вынікаў. Мне падабаецца зборная Партугаліі, хаця яе не лічаць фаварытам. Калі казаць пра цёмных кабылак, то неапраўдана ніхто нічога не чакае ад Бельгіі, але мне здаецца, што іхнае пакаленне яшчэ не сышло і можа прынесці сюрпрыз. Я сярод самых цёмных кабылак, якія зусім нікім не каціруюцца, назаву Аўстрыю і Украіну. І калі казаць пра суседзяў, я буду заўзець і за Украіну, і за Польшчу. Але шанцаў зрабіць сюрпрыз нашмат болей ва Украіны. Польская каманда мае аднаго Левандоўскага, не паказвае яркага футболу і наўрад ці пакажа. А вось ад маладой украінскай каманды іх можна чакаць. Не думаю, што ўсе фаварыты выйдуць з групы, а да паўфіналу дойдзе нейкая каманда, нікім не чаканая. Не думаю, што будуць нейкія разгромы, нават каманды, якіх лічаць аўтсайдарамі, Грузія, Албанія ці Славенія, будуць змагацца. Заўзець буду за суседзяў і зборныя, чыя гульня мне найбольш спадабаецца».

Аляксандр Кныровіч, прадпрымальнік, блогер:

«Чакаю прыгожай гульні, суперніцтва і адкрыццяў. Чакаю тых жа выдатных эмоцыяў, што былі на ЧС па хакеі, што нядаўна скончыўся. І, вядома, адкрыцця новых зорак. Буду перажываць найперш за Польшчу, потым – за Украіну і заадно за Грузію. Асобна стаяць мае сталыя сімпатыі да зборнай Харватыі. Фаварыты класічныя: Нямеччына, Францыя, Італія, Іспанія. Не думаю, што хтосьці разарве гэтае кола, а сярод іх я не магу выбіраць фаварыта, бо не сачу за бягучым станам камандаў. Мне асабіста было б прыемна, калі б гэта была Італія ці Францыя, але гэта не футбольны прагноз».

Прадпрымальнік Аляксандр Кныровіч. Варшава, Польшча. 19 траўня 2024 года.
Фота: Белсат

Зміцер Міцкевіч, журналіст «Белсату», вядоўца ток-шоу «План: Б»:

«Я насамрэч не вельмі люблю турніры зборных і гляджу хутчэй з цікавасці. Ізноў жа, каляфутбольная атмасфера бывае даволі прывабная. Гэта нават святам можна назваць, калі раптоўна цэлы месяц шмат людзей пачынаюць цікавіцца футболам, і гэта прываблівае да гульні яшчэ большую аўдыторыю. Чакаю добрай гульні, цікавых ідэяў і казачнай гісторыі, бо вельмі часта на такіх турнірах яны здараюцца. Гэта нечаканыя вынікі, калі абсалютна не ведаеш, што можа здарыцца, і кожны можа абгуляць практычна кожнага, вось гэтым якраз такія рэчы і цікавыя. Адно з галоўных чаканняў – што не будзе чарговых судзейскіх скандалаў і судзейства будзе на высокім узроўні. Бо тое, што мы бачылі на апошніх турнірах, выклікае вельмі вялікія пытанні. Перажываць буду, вядома, за Польшчу, у якой перабываю вымушана. З аднаго боку, гэтая краіна мяне прытуліла, з другога – гэта нашыя суседзі, людзі, з якімі мы блізкія паводле футбольнай ментальнасці, хаця футбол у нашых краінах на абсалютна розных стадыях развіцця. Таксама буду перажываць за Англію: хочацца, каб нарэшце яны штосьці выгулялі, бо ў іх вельмі даўно не было тытулу. Цяпер у іх вялікае пакаленне, і гэта калі казаць пра фаварытаў, бо зборная Англіі – такі фаварыт».

Уладзімір Хільмановіч, публіцыст, футбольны заўзятар з 46-гадовым стажам:

«Ад «Еўра» чакаю найперш выніковай і яскравай гульні ад бальшыні камандаў» Асабіста добра памятаю ўсе першынствы Еўропы з 1980 года. Цікавасць застаецца, але праз вайну няма ранейшага адчування радасці ад футбольнага еўрафоруму. Традыцыйна сімпатызую зборнай Даніі. Таксама буду перажываць за ўсходнееўрапейскія каманды: Украіну, Чэхію, Славаччыну, Польшчу. З краінаў былой Югаславіі – за Славенію. Галоўным фаварытам лічу зборную Партугаліі, у якой вырасла вельмі моцная генерацыя футбалістаў. На шмат што здольныя традыцыйныя фаварыты – Англія, Іспанія, Францыя. Але спадзяюся, што Францыя не пройдзе далей за чвэрцьфінал».

Алесь Дзянісаў, музыка:

«Я з дзяцінства стараюся глядзець і чэмпіянаты свету, і Еўропы. Сёлета нічога асабліва не чакаю. Хацелася б, каб па-сапраўднаму стрэльнула зборная Англіі. Мне традыцыйна цікавыя андэрдогі, якія час ад часу робяць цуды. Але заўзець буду найперш за зборныя Украіны, Польшчы і Грузіі. Дарэчы, таксама андэрдогі. Каб сказаць адназначна, хто будзе фаварытам, цяжка, але тое, што ў Нямеччыны ці Францыі, напрыклад, больш шанцаў, чымся ў Шатландыі ці Славеніі, для гэтага не трэба быць экспертам».

Размаўляў Алесь Ляўчук belsat.eu

Стужка навінаў