Вайна ва Украіне: у Пуціна заканчваецца час для прарыву, маштабных аперацыяў не чакаецца


Поўнамаштабная вайна ва Украіне трывае 837-ы дзень, Расея не можа пахваліцца значнымі поспехамі і губляе «вакно для прарыву». «Белсат» пераказвае, што пра вайну пішуць на раніцу 9 чэрвеня.

Украінскія вайскоўцы
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія вайскоўцы.
Фота: 53 окрема механізована бригада імені князя Володимира Мономаха / Facebook

Генеральны штаб Збройных сілаў Украіны паведамляе, што за мінулы дзень адбылося 76 баявых сутыкненняў – хіба крыху менш, чым днём раней. За мінулы дзень расейскія войскі нанеслі 44 авіяцыйныя ўдары і задзейнічалі 481 дрон-камікадзэ, учынілі звыш 2800 абстрэлаў па войсках і мірным насельніцтве Украіны. Расейскія атакі адбівалі на харкаўскім, купянскім, ліманскім, краматорскім, пакроўскім напрамках.

Украінскія авіяцыя і ракетныя войскі нанеслі 21 удар па пазіцыях расейскіх войскаў. Расея, як сцвярджае ўкраінскі бок, за дзень страціла 1270 вайскоўцаў (агулам з пачатку ўварвання – звыш 518 тысячаў), 26 танкаў і 26 бронемашынаў, 60 артылерыйскіх сістэмаў, дзве рэактыўныя сістэмы залпавага агню і два сродкі супрацьпаветранай абароны, 78 адзінак аўтамабільнай тэхнікі і 5 адзінак спецтэхнікі.

Галоўнае ўпраўленне выведкі Украіны пахвалілася 9 чэрвеня першым паспяховым ударам па найноўшым расейскім самалёце «Су-57». У самалёт пацэлілі на аэрадроме Ахтубінск у Астраханскай вобласці Расеі.

Раней ГУР паведаміла пра замах на мэра Купянску Генадзя Мацэгору, які перайшоў на бок Расеі і ў 2022 годзе абвясціў аб стварэнні харкаўскай акупацыйнай адміністрацыі. Паводле выведнікаў, Мацэгора ўцёк у Белгарадскую вобласць Расеі і атрымаў узмоцненую ахову, але тая яго не ўратавала. Расейскія Telegram-каналы пісалі, што ў калабаранта стралялі каля ягонага новага дому. За жыццё Мацэгоры цяпер змагаюцца маскоўскія лекары.

Амерыканскі Інстытут вывучэння вайны (ISW) адзначае, што Расея перакідвае дадатковыя войскі на мяжу з Харкаўскай вобласцю, але незразумела, ці будзе іх адразу кідаць у бой. На думку аналітыкаў, хоць расейскія войскі штомесяц атрымліваюць 6–12 тысячаў навабранцаў (агулам на месяц мабілізуе каля 30 тысячаў, але значная частка выконвае функцыі баявога забеспячэння), папаўненні не дазволяць Крамлю правесці новыя наступальныя маштабныя аперацыі, хіба дасць стварыць абмежаваныя тактычныя і стратэгічныя рэзервы. Імаверна, расейскаму камандаванню давядзецца выбраць адзін асноўны напрамак на прагназаваную летнюю наступальную аперацыю.

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі ў вечаровым звароце казаў, што расейскаму войску не ўдалося рэалізаваць харкаўскую аперацыю: украінскія абаронцы ўзмацнілі харкаўскі напрамак, стрымліваюць і знішчаюць расейскія падраздзяленні. Украіна, дадаў ён, атрымлівае ад Францыі і Злучаных Штатаў новыя рашэнні наконт абароны  (нядаўна стала вядома, што Францыя плануе паставіць Украіне самалёты «Mirage 2000-5»), мае новыя дамовы на дадатковыя сродкі супрацьпаветранай абароны і прагрэс у вытворчасці артылерыйскіх снарадаў на сваёй тэрыторыі.

Сапраўды, Сілы абароны Украіны заяўляюць, што кантралююць большую частку Ваўчанску – мястэчка на мяжы з Расеяй, у 70 км ад Харкава, дзе быў спынены адзін з напрамкаў расейскага наступу на Харкаўшчыну.

«Ва Уладзіміра Пуціна заканчваецца час для дасягнення прарыву ва Украіне», лічыць амерыканскае выданне «Bloomberg». Хоць Расея працягвае атакаваць, але не можа дасягнуць пастаўленых Пуціным мэтаў і нясе значныя страты, як то пад Часавым Ярам. І цяпер Украіна атрымлівае зброю ад еўрапейскіх і амерыканскіх саюзнікаў. Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн на нядаўняй сустрэчы з Зяленскім прасіў прабачэння за тое, што з новым пакетам дапамогі былі затрымкі праз спрэчкі ў амерыканскім Кангрэсе.

NATO тым часам плануе ўвесці ў сваёй структуры спецыяльнага пасланніка па Украіне, піша «Foreign Policy». Мяркуецца, што план, звязаны з гэтым, прадставяць на саміце ў ліпені. Новая пасада прызначаная ў тым ліку для каардынавання вайсковай дапамогі Украіне і парадуе ўкраінскі ўрад, які імкнецца да далучэння да NATO.

У краінах NATO, вядома, не ўсе радыя падтрыманню Украіны, ёсць і праціўнікі. Але, як расказвае французскае «Le Figaro», за маляванне застрашвальных графіці пра «французскіх салдатаў, якія загінуць ва Украіне», у Парыжы затрымалі трох грамадзянаў Малдовы, а за ранейшую акцыю з трунамі пад Эйфэлевай вежай былі затрыманыя людзі з Балгарыі, Нямеччыны і Украіны – то бок, усе не французы.

Агляд
Сітуацыя ва Украіне: Поспехі ЗСУ пад Харкавам, расейцаў – у Часавым Яры
2024.06.08 18:19

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў