news
Гісторыі

Яны равуць пра смерць, палітвязняў і каліноўцаў. Вялікае інтэрв’ю з мэталістамі «Dymna Lotva»

Паразмаўлялі пра Беларусь і Польшчу, «палітыку» ў музыцы і прычыны знаёміцца з мэталам.
09.06.202407:00

Беларускія мэталісты «Dymna Lotva» збольшага спяваюць пра абстрактныя смерць і жахі, але прысвячалі песні палітычным вязням і беларускім ваярам ва Украіне. Наракаюць на цяжкасці эміграцыі, а пры гэтым запатрабаваныя на еўрапейскіх фэстах. «Белсат» паразмаўляў з лідарамі гурта пра музыку ў Беларусі і Польшчы, «сыход у палітыку» і прычыны пазнаёміцца з мэталам.

Гурт «Dymna Lotva» ўтварылі ў 2015 годзе вакалістка Nokt і гітарыст (затым басіст) Jaŭhien, цяпер з імі грае гітарыст Mikita і бубнач Bocian. «Dymna Lotva» грае экстрэмальны мэтал, спявае звычайна пра змрок і смерць.

Дакладна акрэсліць іхны жанр складана. Jaŭhien тлумачыць, што гурт грае такую музыку, як падабаецца. Выходзіць штосьці вакол блэк-мэталу (у гэтым жанры звычайна хуткія і «брудныя» гітары і бубны, рэзкі хрыплы вакал), дум-мэталу (гэта, наадварот, пераважна павольная музыка з «чыстымі» вакалам і інструментамі) і пост-мэталу (менш экстрэмальны і больш эксперыментальны жанр).

Jaŭhien больш любіць пост-мэтал, Nokt – блэк-мэтал і фолк, абодва любяць дум-мэтал. А далей «хай крытыкі разбіраюцца». Nokt апісвае гэта так:

«Jaŭhien піша пост-мэтал, я на яго крычу па-блэку – і атрымліваецца тое, што атрымліваецца».

Яна прызнаецца: калі нейкі фэст ці імпрэза пра блэк-мэтал, дык гурт кажа, што грае пост-блэк, калі пра дум-мэтал – што блэк/дум, калі фолк-фэст – што фолк-блэк-мэтал (хоць у іхнай музыцы і няшмат фолку).

Спяваюць па-беларуску. На пытанне чаму Jaŭhien адказвае пытаннем: «А чаму не?» Nokt жа лічыць, што беларуская мова пасуе да блэк-мэталу сваім гучаннем, расейская ў такім жанры не гучыць, а па-англійску добрыя тэксты і добрае вымаўленне мелі адзінкавыя гурты. Гадоў 20 таму беларускамоўны мэтал быў экзотыкай, але апошнія гадоў 10 шмат якія расейска- і англамоўныя гурты перайшлі на беларускую або проста распаліся.

Агляд
Што мы слухалі ў 2023 годзе: эмігранты, палітвязні, блэк-мэтал, святло і надзея
2024.01.02 11:00

Забарона, «тэрарызм», вайна

У 2021 годзе «Dymna Lotva» трапіла ў Беларусі пад забарону канцэртаў. Гэта адбылося пасля суда над сябрам гурта, вакалістам «Gods Tower» Лэслі Найфам, з якім «Dymna Lotva» якраз выдала песню «Да волі», прысвечаную беларускім палітвязням.

Лэслі Найфа асудзілі на «хімію» за тое, што параўнаў старшыню аблвыканкаму са свіннёй, але спявак уцёк з Беларусі маршрутам, які параўноўваў з кнігай «Уладар пярсцёнкаў».

Пасля затрымання музыкаў «Irdorath» гурт «Dymna Lotva» ужо ўгаворвалі з’ехаць. Затым пад пераслед трапіў Mikita – гітарыст гурта і хлопец Nokt. Да яго прыйшлі з ператрусам сілавікі, забралі тэлефон, дзе былі ўсе «экстрэмісцкія» рэпосты і ліставанні, заявілі аб правяранні паводле артыкулаў «Тэрарызм» і «Спрыянне тэрарызму».

Nokt пастанавіла, што з’язджаць усё ж трэба, бо яна і Mikita разам хадзілі на пратэсты, хіба яна наведала на адну акцыю больш за яго, бо тая акцыя была жаночая. Ужо ў эміграцыі яна пачула, што супраць яе распачалі крымінальную справу за абразу Лукашэнкі, але ўсіх дэталяў не ведае.

Nokt з гурта «Dymna Lotva». Варшава, Польшча. 31 траўня 2024 года.
Фота: Белсат

Nokt і Mikita з’ехалі ва Украіну, Jaŭhien «заціхарыўся» ў Беларусі (але і ён эміграваў праз год). Гурт ужо пачаў шукаць ва Украіне дадатковых музыкаў і новы лэйбл, а слухачы ўжо цікавіліся, калі будуць канцэрты.

Але планы сарваў пачатак поўнамаштабнай вайны ва Украіне. Прапанова ад лэйблу «Prophecy Productions» прыйшла гурту, калі Nokt сядзела ў сутарэнні ў часткова акупаваным Ірпіні, пад авіяналётамі. Урэшце музыкі пераехалі ў Польшчу, з лэйблам падпісалі дамову.

Гісторыі
«Тэрарыст» Лэслі Найф: Чалавецтву трэба перарасці вайну, як перараслі канібалізм
2024.03.12 06:00

Што засталося ад беларускай сцэны

Летась «Dymna Lotva» уз’ядналася ў Польшчы, пачала даволі актыўна выступаць у іншых краінах Еўропы. Першы выступ пасля ўз’яднання ў эміграцыі ладзілі якраз на фэсце свайго лэйблу «Prophesy Fest» у пячоры на захадзе Нямеччыны.

Пасля гэтага адны музыкі запрасілі да сябе ў Бельгію, іншыя – украінскія сябры – запрасілі на фэст у Баварыю, а па дарозе заехалі ў Чэхію і выступілі там, а яшчэ ў 2019 годзе ж запрашалі ў Славаччыну… Ды Nokt наракае:

«У Беларусі мы ўжо не існуем, а ў Польшчы мы не лічымся польскаю сцэнаю».

На радзіме дэпрэсіўныя жанры квітнелі, і хоць сцэна невялікая, усе ўсіх ведалі: выдаеш матэрыял – клічуць на канцэрт. Так было да 2020 года, цяпер жа большасць старых гуртоў эмігравала, а граць працягнулі нямногія.

Nokt пералічвае па пальцах гурты, актыўныя ў эміграцыі: «Мы, „Znich“, „Lastborn“, „Woe unto Me“, хто яшчэ з мэталу?..» Тыя ж, хто застаўся ў Беларусі, да апошняга часу гралі падпольна (і на канцэртах вылічвалі, хто з КДБ, бо «ў іх на твары напісана», тлумачыць Jaŭhien), толькі нядаўна сталі адкрывацца клубы і ладзіцца адкрытыя канцэрты.

Jaŭhien з гурта «Dymna Lotva». Варшава, Польшча. 31 траўня 2024 года.
Фота: Белсат

«Цяпер беларускай сцэны амаль не існуе. Амаль усе сталыя гурты раз’ехаліся па розных краінах, – сумуе Nokt. – А ў Беларусі забарона канцэртаў. Нешта ладзіцца, але там засталіся зусім маладыя гурты. Хаця па сутнасці ў нас новая хваля беларускага блэк-мэталу. Гэта клёва. Яны будуць вучыцца, і, спадзяюся, калі мы вернемся, усё будзе занята. А мо і не, бо ў іх няма старэйшай канкурэнцыі».

У музыкаў у Беларусі, дадае яна, цяпер няма магчымасці паглядзець нават на замежныя гурты. У той жа Украіне мэтал-сцэна была больш развітая не ў апошнюю чаргу дзякуючы бязвізаваму рэжыму з Еўразвязам.

Інтэрв’ю
Сяргей Пукст – пра эміграцыю, запатрабаванасць, постсавецкасць і гідкае альтэр-эга. Вялікае інтэрв’ю
2024.03.07 09:10

Не «сышлі ў палітыку», а «палітыка прыйшла ў хату»

Два месяцы таму «Dymna Lotva» выдала трэк «Жыві!», дзе палова – накладзены на музыку зарок ваяроў палка імя Кастуся Каліноўскага.

Nokt расказвае, што музыку напісалі яшчэ ў 2020 годзе, спачатку планавалі зрабіць штосьці падобнае да зароку ўкраінскіх ваяроў, але доўгі час думалі, што не маюць ці то маральнага права, ці то дастаткова таленту… А потым, кажа яна, «час вырашыў за нас»: з’явіўся беларускі полк Каліноўскага, з’явіўся іхны зарок, у палку ваююць знаёмыя і былыя суседзі музыкаў.

Гурт любіць здымаць кліпы, якія выглядаюць эпічна, але насамрэч абыходзяцца нядорага, бо амаль усё робяць самі ці з дапамогаю сяброў. «Жыві!» выйшаў амаль бясплатны, калі не лічыць 16 метраў аксаміту, які Nokt яшчэ ў мінулым годзе купіла ў сэканд-хэндзе як рэквізіт. Пытае:

«А што, ніхто ніколі не хацеў зрабіць 16-метровы БЧБ?»

Толькі давялося пабегаць за снегам, які ў Варшаве бывае рэдка. І з палком давялося доўга дамаўляцца на дазвол выкарыстаць зарок, але Nokt не крыўдуе, бо ваярам «крышачку не да таго», і ўдзячная, што іхныя паведамленні прачыталі.

Nokt з гурта «Dymna Lotva». Варшава, Польшча. 31 траўня 2024 года.
Фота: Белсат

Музыкі прызнаюць, што іх пра гэта пытаюць і нават крытыкуюць за гэта: «Палезлі ў палітыку». Jaŭhien адказвае: «Час такі цяпер». Nokt здзіўляецца: вунь калі рабілі першы альбом («Зямля пад чорнымі крыламі: Дрыгва»), то там былі матывы з беларускай літаратуры, песні былі натхнёныя Уладзімірам Караткевічам і Іванам Мележам. Тады ніхто не казаў, што гэта «палітыка», а калі песню зрабіць пра тое, што адбываецца цяпер, то гэта ўжо «палітыка», хоць сутнасць усё тая ж.

«Але насамрэч гэта палітыка прыйшла да нас у хату! – абураецца Nokt. – Ці трэба казаць – не, мы музыкі, мы мастацтва, мастацтва – па-за палітыкаю? І *** [усё роўна], што „враги сожгли родную хату“?»

Фільмы
Гітара і аўтаматы
2023.09.08 13:11

Грамадзяне краіны-суагрэсара з польскім бубначом

У Польшчы аказалася не так проста выступаць, як у Беларусі: цябе ніхто не ведае, тут і без цябе сотні гуртоў, нікому проста так не цікавы яшчэ адзін, і польскія мэтал-часопісы пра цябе не пішуць. Але дапамагла моц Facebook: Nokt кінула кліч, яе звязалі з арганізатарамі канцэртаў, тыя запрасілі.

Пасля эміграцыі гурт знайшоў бубнача-беларуса, але той не мог нічога абяцаць праз працу і за месяц да «Prophesy Fest» сказаў, што не здолее туды паехаць. Пачалі шукаць хаця б часовага бубнача, а ў беларусаў была адна і тая ж праблема: няма карты побыту, усе невыязныя. Яшчэ адзін мог бы, але атрымаў траўму калена, другі мог бы, але меў рабіць аперацыю на руцэ…

Nokt з гурта «Dymna Lotva». Варшава, Польшча. 31 траўня 2024 года.
Фота: Белсат

Але апошні знайшоў польскага сесійнага бубнача, з якім выступілі. Ды той бубнач, паляк Bocian, ужо граў у пяці гуртах – і «Dymna Lotva» сачыла за ім на Facebook, чакала, калі хоць адзін з гуртоў «адпадзе». І як адзін з ягоных гуртоў абвясціў, што спыняе дзейнасць, Nokt паляцела пісаць: «Bocian, давай да нас!»

Пагадзіўся, пасябравалі – і Bocian нават ахвотна падтрымаў ідэю песні «Жыві!», бо «kurwa Putin, kurwa Łukaszenka».

На сваіх канцэртах «Dymna Lotva» бачыць беларусаў і ведае тых, хто ездзіць на іхныя выступы з іншых гарадоў і краінаў. Бачаць, натуральна, і палякаў, і ўкраінцаў. Апошнім асабліва радыя, бо памятаюць, што самі – грамадзяне краіны-суагрэсара.

Праз такое грамадзянства мелі праблемы хіба адзін раз: у Польшчы раптам адмовілі ва ўдзеле ў фэсце, бо «спонсары такога не зразумеюць». Nokt тады расхвалявалася: «Удома забаранілі, ва Украіне ўсё паляцела, а ў Польшчы цябе шлюць, бо ты беларус». Ды аказалася, такія выпадкі адзінкавыя, цяпер і ўкраінцы запрашаюць на фэсты. Але «Dymna Lotva» на ўсялякі выпадак прэзентуе сябе так:

«Найперш „базуемся ў Варшаве“, затым – што „забароненыя экстрэмісты“, і толькі пасля гэтага – „з Беларусі“».

З польскай паліцыяй праблемы былі толькі аднойчы. Пасля міні-туру «Dymna Lotva» з іншымі музыкамі прыехалі ў гатэль блізу мяжы з Чэхіяй. Не паспелі змыць крывавага грыму, як заўважылі, што на палову ложкаў не далі бялізны і коўдраў. Nokt як «самая языкастая» пайшла сварыцца з адміністрацыяй. Работнікаў здзівіў выгляд крывавай госці, але дамовіліся, нават у якасці выбачэнняў паставілі дзве бутэлькі гарэлкі. Ды, магчыма, хтосьці ў гатэлі падслухаў, як Nokt апавядала славацкаму музыку аб праблемах беларусаў з дакументамі – і ранкам у нумар прыйшлі паліцыянты, сталі трэсці спявачку (якая спала голай, яшчэ і са слядамі грыму) і патрабаваць дакументы. Але абышлося, бо з дакументамі крывавай госці ўсё было ў парадку.

Інтэрв’ю
Уда Дыркшнайдэр: «Мы не можам граць у Расеі. Ва Украіне таксама…»
2024.03.27 12:31

Беларусы іх хваляць шэптам

Музыкі наракаюць, што беларусы пакідаюць мала водгукаў і не пішуць рэцэнзіяў на іхную музыку. На апошні на сёння альбом «Зямля пад чорнымі крыламі: Кроў» 2023 года адзіную беларускую рэцэнзію напісаў той самы Лэслі Найф, які сам спяваў у адным з трэкаў альбому. А з Нямеччыны – дзясятак рэцэнзіяў, з Італіі, дзе яны нават не выступалі, – паўдзясятка…

Jaŭhien з гурта «Dymna Lotva». Варшава, Польшча. 31 траўня 2024 года.
Фота: Белсат

«Людзі не кажуць уголас, – канстатуе Nokt. – Людзі, якія цяпер у Беларусі не тое каб маглі казаць, што і як, бо ўсё ж мы былі забароненыя. Шмат людзей баіцца. А людзі, якія цяпер у эміграцыі, дык частка з іх таксама баіцца як мінімум гучна казаць. Гэта як, напрыклад, людзі ходзяць на акцыі, але не робяць там фота і не пішуць пра гэта. Разумеем, як цяпер запалохваюць людзей, што прыйдуць да родных, адбяруць кватэру…»

«Але прыходзяць і ціхенечка кажуць: *** [выдатна]! А калі камусьці не *** [выдатна], то ён проста не піша і не кажа».

Калі хочацца ўжывую ацаніць, *** ці не, давядзецца пачакаць. На лета гурт узяў перапынак у канцэртах, зоймецца запісам новых трэкаў, на восень плануюць выдаць першы новы самотнік.

Але 22 жніўня «Dymna Lotva» грае на фэсце «Metal Mine» у старой капальні ў польскім Валбжыху, у пачатку верасня – на «Prophecy Fest» у гарах на захадзе Нямеччыны, у кастрычніку – лістападзе праз іншыя краіны Еўропы паедуць у Аўстрыю, нарэшце ў Варшаве плануюць адсвяткаваць канцэртам юбілей Jaŭhienа.

Інтэрв’ю
Як беларускія «Kurwadziki» робяць Беласток great again. Вялікае інтэрв’ю з «Адкрыццём года»
2024.05.04 07:00

Навошта такое слухаць – і як пачаць

Імаверна, вялікая частка аўдыторыі «Белсату» мала знаёмая з мэталам. Nokt заклікае знаёміцца, «акультурвацца»: цяжкая музыка карэлюе з багаццем краіны, найбольш «мэталёвыя» краіны, як Фінляндыя, Нарвегія, Швецыя ці Нямеччына, у ліку найзаможнейшых.

Ісці да мэталу яна прапануе праз фолк да фолк-мэталу (як «Адарвірог» або «Litvintroll» і яго гурты-нашчадкі), праз гатычную музыку да готык-мэталу або праз пост-панк да пост-мэталу.

Jaŭhien падказвае: яшчэ можна паспрабаваць паслухаць музыку ў жанры, які называюць «зефірным блэкам». Такога ў Беларусі пакуль не граюць, а з замежных гуртоў «зефірным блэкам» называюць, напрыклад, французаў «Alcest».

Узрост не перашкода: Jaŭhien нагадвае Nokt пра дзядулю на нядаўнім канцэрце «Dymna Lotva» ў польскім Хожаве. Маўляў, «калі дзед зможа, то і ты зможаш». На тым фэсце сустрэлі сябра, які прыйшоў на фэст з 72-гадовым дзядзькам. Той раней ніколі не слухаў мэталу, але пасля канцэрту з клубу «за вушы выцягвалі»: павесяліўся, патанчыў, з кім мог – пазнаёміўся.

Nokt з гурта «Dymna Lotva». Варшава, Польшча. 31 траўня 2024 года.
Фота: Белсат

Што да экстрэмальнага вакалу, Nokt смяецца: такім жа скрымам, як яна спявае, чыхае дзядуля, які жыве ў суседняй з ёй кватэры! Затым кажа сур’ёзней: гэткі скрым або ніжэйшы гроўл – цалкам натуральныя для чалавека, вунь так жа крычаць дзеці на пляцоўцы.

А ці нармальна цяпер пачувае сябе дзяўчына на мэтал-сцэне, якую праз перавагу музыкаў-мужчынаў часам называюць «сасісачнаю вечарынкаю»? Nokt адказвае: ужо нармальна, дзяўчаты выходзяць на мэтал-сцэну, у тым ліку беларускую. Дый старыя рок-зоркі набіраюць сабе маладых гітарыстак, хай сабе і больш для выгляду. Nokt прызнае, што гэта крыху сексізм, але ж у дзяўчат сапраўды больш магчымасцяў для сцэнічных вобразаў і касцюмаў. А таму, што з яе, дзяўчыны, могуць выходзіць такія крыкі, ужо менш і менш здзіўляюцца.

Агляд
Што мы слухалі ў 2023 годзе: эмігранты, палітвязні, блэк-мэтал, святло і надзея
2024.01.02 11:00

Алесь Наваборскі belsat.eu